понедельник, 1 октября 2012 г.


Язэп Паўловіч

 

“Беларуская ідэя і яе будучыня ў эпоху фералізацыі чалавечага грамадства і дамінаваньня фантомнае сьвядомасьці.”

Homo ferus –“чалавек зьдзічэлы” – чалавек, што ня мае сьвядомасьці.

Карл Лінней

 

 

Мы жывем у эпоху, калі прастора магчымасьцей для далейшага экспанентнага, выбуховага росту чалавечае цывілізацыі.рэзка звузілася. Да таго ж верагодныя напрамкі далейшага нашага разьвіцьця і самаго існаваньня Чалавека патрабуюць сталага росту затратаў рэсурсаў. Хада ідзе ня толькі пра выкапні, велічыня якіх на нашае плянэце ёсьць абмежаванаю. Рэзка абвастраюцца супярэчнасьці паміж краінамі таксама за водныя і паветраныя рэсурсы. Важным рэсурсам становіцца нават час, бо тэмпы нарастаньня праблемаў на нашае плянэце далёка апераджаюць адэкватныя (і наагул, кольвек якія) рэакцыі міжнародае супольнасьці на іх. Пачаліся глябальныя кліматычныя зьмены празь “парніковы эфект”, вырастае верагоднасьць значнага зьмяненьня навакольнага асяродзьдзя на Зямлі пад уплывам зьнешніх, касьмічных фактараў.

 

Папярэдні, адносна працяглы перыяд у 50-70 тысяч год, на тле якога паўстала нашая сучасная цывілізацыя, характэрызаваўся дастатковаю кліматычнаю і геафізічнаю стабільнасьцьцю, калі не лічыць кароткае эпохі рэзкіх зьменаў 12 – 13 тыс год назад і перыядычнага значнага метэарытнага “бамбаваньня”. Гіпатэтычна той кароткі перыяд нестабільнасьці можна зьвязаць зь выхадам Сонечнае сістэмы зь атачэньня газавае туманнасьці, што тады адбываўся, таксама як і шэрагам астра-фізічных рэакцый нашае планетнае сістэмы на такую зьмену знешніх умоваў падчас руху ад сузор’я Арыёна

 

Ну, і зноў жа, разьвіцьцё і станаўленьне ўжо нашага “чалавечага сьвету” ніколі не было гладкім і роўнамерным. Заўсёды былі спады і крызісы. Адзін з такіх крызісаў мы і перажываем у дадзены момант. На жаль, ён мае характэр усеагульнага і ёсьць сістэмным крызісам Чалавечае цывілізацыі. Карані яго хаваюцца ў глыбінях чалавечае натуры і прарасталі разам са станаўленьнем першых дзяржаў і поўнага засьсяленья чалавечаю істотаю ўсяе зямное сушы. Выглядае, прыйшоў час калі мы мусім на справе давесьці, што ёсьць цывілізацыяй насамрэч “чалавека разумнага”, альбо аслабаніць гістарычную сцэну для зьяўленьня больш разьвітых істотаў. Але мы маем не благія перспектывы ў пераадоленьні гэтае плоймы праблемаў, бо ў свой час выйгралі ў канкурэнтнае барацьбе зь іньшымі відамі чалавека, што існавалі на плянэце адначасна зь нашымі продкамі. Апошнім відам, які нам супроцьстаяў былі "неандэртальцы". Зарас жа мы, нашчадкі "краманьонскае цывілізацыі", павінны пераадолець уласныя недахопы і коснасьць.

 

Толькі гэтае высакароднае мэце, па шэрагу натуральных прычынаў, вельмі часта супроцьстаяць інтарэсы "кіруючых элітаў" амаль кожнае краіны сьвету. Такі стан рэчаў можна вытлумачыць тым, што тэмпы сучасных глябальных зьменаў у палітычнае, эканамічнае, тэхналягічнае і іньшых сферах існаваньня кіруючых структур, што ўтвараюць уласна "цела дзяржавы" любое краіны,як машыны рэгуляваньня стасункаў у грамадстве, пачалі значна перавышаць магчымасьці гэтых утварэньняў да прыняцьця адэкватных рашэньняў, таксама як і своечасовых зьменаў канфігурацыі саміх гэтых закасьнеўшых ужо структураў. Іньшымі словамі, тэмпы адаптацыі сучасных дзяржаўных механізмаў кіраваньня глябальна не адпавядаюць тэмпам зьмяненьня рэалій нашага чалавечага Сьвету. Насамрэч, кожны дзяржаппарат павінен вырашаць праблемы ўзаемадзеяньня зь іньшымі краінамі і залагоджавць супярэчнасьці ва ўласнае, старацца аптымізаваць сітуацыю і кіраваць грамадствам, у ідэале, ў інтарэсах таго ж самага грамадства. Але такое цяжкае заданьне як правіла не выконваецца.

 

"Кіруючыя эліты", ў большае ці меньшае ступені, ідуць больш простым шляхам: каб зьнізіць ціск уласнага грамадства на свае структуры, яны ствараюць патрэбнае ўспрыняццё сьвету ў самаго жыхарства, кіруюць грамадскаю думкаю і стараюцца маніпуляваць грамадскаю сьвядомасьцьцю ў сваіх інтэрэсах. Часта насельніцтву краіны задаюцца цалкам фальшывыя "каардынаты" ў якіх яно існуе, скажаюцца ў патрэбны бок вобраз сучаснага Сьвету, віртуалізуецца стану рэчаў у ім і выгляд самае дзяржавы. Сутнасьць працэсу - інфільтрацыя ў масавую сьвядомасьць грамадскасьці пэўнага шэрагу стандартных схем паводзінаў і накірунку думак -“клішэ” і стварэньне "маякоў" для прагназуемых калектыўных псіха-сацыяльных рэфлексій, якія спрашчаюць кіраваньне краінай і забясьпечваюць уладаўтрыманьне. Найбольш хадавыя прыёмы: "кіраваньне празь страх" -.стварэньне сталага, фіксаванага ўзроўню трывожнасьці грамадскае сьвядомасьці, зь выдзяленьнем пэўных "знакавых" перабольшаных пагрозаў і "адвядзеньне ўвагі" ад на самрэч важных праблемаў празь штучныя сенсацыі і неадэкватныя "навасныя здарэньні". Сучасны вопыт паказвае, што "кіруючыя эліты" пераймаюць вопыт і мэтады, адпрацаваныя ў іньшых краінах і адаптуюць такія механізмы да сваіх рэаліяў. У крызіснае ж сітуацыі на дапамогу для вырашэньня "канкрэтных праблем" кідаецца ўвесь наяўны арсенал "тэхналёгій падпарадкаваньня". Мушу дадаць, што празь зваротныя сувязі такі стан рэчаў адбіваецца на саміх "творцах рэальнасьцяў" і ў значнае ступені ўплывае на прыняцьце імі ж кіруючых рашэньняў. Адэкватнасьць і своечасовасць такіх рашэньняў выглядае вельмі спрэчнаю.

 

Разам зь гэтым у дзяржчыноўнікаў існуе зразумелае натуральнае жаданьне прасунуць уласных нашчадкаў на кіруючыя пасады, даць лепшую адукацыю і г.д. У шэрагу краінаў, гэта прыводзіць да сегрыгацыі па паходжаньню, ліквідацыі "сацыяльных ліфтоў" і, як вынік, адбываецца стварэньне квазікаставае дзяржавы ў сучасных умовах. Найбольш відавочныя наступствы такога кіраваньня ў краінах, дзе пануе "палітычная рэлігія" - іслям.

 

Ўсё гэта толькі частка фактараў, сукупнасьць якіх ўтварае ўмовы, калі большасьць людзей маюць скажонае сьветаўспрыманьне, што не дазваляе ў значнае ступені раскрыцца іх прыродным здольнасьцям, ды й даваць ім такую мажлівасьць часта не зацікаўленая і сама дзяржава. Празь гэта насельніцтва знаходзіцца ва ўладзе ідэалёгіі таварнага спажываньня ("дзіўным чынам" узровень даходаў мала ўплывае на гэта), геданізму і вядзе існаваньне ў стане “ўвагі бліжнега круга”. Гэта значыць, што людзей пачынаюць цікавіць толькі рэчы, якія яны могуць фізічна спажываць і атрымліваць ад іх асалоду. Сучасныя мультымедыйныя тэхналёгіі ствараюць віртуальныя прасторы тэлевізійных серыалаў і спраектаванага інфармацыйна-псіхалягічнага асяродзьдзя, ўтвараюцца інтэрнэт-супольнасьці,  якія вядуць масавыя віртуальныя войны за віртуальныя мэты, удзельнікі якіх атрымліваюць рэальнае задавальнаньне. Тая віртуальная бытнасьць паступова робіцца для гэтых удзельнікаў і гледачоў больш важнаю, чымся многія праблемы сапраўднага жыцьця. Сьвядомасьць людзей віртуалізуецца, дэфамуецца і дэфармуецца, перастае адпавядаць існуючаму стану рэчаў, адэкватна "адбіваць Рэчаіснасьць."

Так рэалізуецца казачка пра бяздумнага "ідэальнага спажыўца", які толькі прадукуе каштоўнасьці і спажывае тое, што прадукуюць іньшыя, рахмана выконваючы ўсе загады вышэйстаячых "эфектыўных менеджэраў", сплочваючы рэгулярна падаткі і іньшыя дзяржаўныя зборы.

Наступным непазьбежным крокам і платай за эксперыменты зь грамадскаю сьвядомасьцьцю ёсьць разбурэньне традыцыйных маральных каштоўнасьцей, дэгенерацыя "этычных тармазоў" асобы і размываньне яе жыцьцёвых арыенціраў, што ў сваю чаргу вядзе да далейшае інтэлектуальнае дэградацыі сучаснага грамадства і яго безумоўнае фералізацыі - паступовае дэгуманізацыі, зьдзічэнья.

 

Яшчэ за савецкім часам ужываўся такі панятак "якасьць чалавечага матэрыяла" - гучыць трохі па-фашыстоўску, але ёсьць вельмі важным паказьнікам, які відавочна і пастаянна зьніжаецца.

Гэта характэрна не толькі для ўсяе постсавецкае прасторы, дзе абрынуўся ў нябыт комплекс ідэяў пра "сьветлую будучыню Чалавецтва", але і для большасьці краін сьвету. Паказьнік мае многа складнікаў, але калі ўзяць толькі стан здароўя і адукацыйны ўзровень, то, прынамсі, для нашае краіны яго дынаміка выглядае катастрафічнаю. Я ўжо не кажу аб якасьці самае адукацыі...

 

Ўсё вышэйсказанае непасрэдным чынам і ў значнае ступені ўплывае на інтэгральнае волевыяўленьне чалавечае супольнасьці, сфармаванае (ці каторае ёсьць ў працэсе фармаваньня) ў нацыю, што праяўляецца ў выглядзе сукупнасьці ідэяў аб Сьвеце і сабе, як зьвязанае шэрагам чыньнікаў грамадзе, якая мае супольныя рысы і супольны гістарычны лёс у межах акрэсьленае тэрыторыі, - да спосабу далейшага існаваньня.

 

"Ідэя нацыі аб уласным існаваньні" - нацыянальная ідэя - ёсьць сумаю ўяўленьняў кожнага чалавека, што лічыць сябе прыналежным да такое супольнасьці, аб ёй і сабе самім, як арганічнае частцы такое супольнасьці. Такое індывідуальнае сьветаадчуваньне кожнае асобы базуецца на ўласным жа жыцьцёвым досьведзе таксама як і назапашаным сацыяльным вопыце нацыі, што перадаецца празь існуючыя інфармацыйныя сувязі зь атачаючым соцыюмам, яго захаваўшымся інтэгральным гістарычным вопыце, ў працэсе выхаваньня і наступнага жыцьця чалавека.

Нельга абыйсьці ўвагай і такі складнік, што ўплывае на фармаваньне нацыі, і непазьбежна знаходзіць сваё ідэйнае адлюстраваньне ў чалавечае сьвядомасьці, як сума "рэакцый прыстасаваньня", чалавечага арганізма да кліматычных, сацыяльных і іньшых умоў асяродзьдзя. Парзь гэта фармуюцца не толькі агульныя прыкметы зьнешнега выгляду кожнага народу, яго характэрныя псіха-фізічныя рэакцыі на зьнешнія ўплывы, але і, празь перадачу генетычнае інфармацыі ад генерацыі да генерацыі, аптымізуюцца яго адаптатыўныя рэакцыі для жыцьця ў канкрэтных умовах дадзенага прыроднага атачэньня.

Пасьля прыходу ў гэты сьвет і асазнаньня свайго існаваньня-быцьця, зь дзяцінства, першым штуршком да самаатаесамленьня кожнага чалавека і разьвіцьцё ў сацыяльную асобу, ёсьць яго нацыянальнае самавызначэньне, ўзьнікненьне "індывідуальнае нацыянальнае ідэі". Спачатку на груньце прымітыўнейшага альгарытму "свой - чужы", і ўжо потым асазнанья, што "чужы" не значыць "варожы" (а часам "свой" апынаецца за "чужога" горшым).

 

У гэтым сьвятле актуальным выглядае пытаньне, як вырашыць гэтую дыхотомія дзяржава - асоба сучаснае чалавечае цывілізацыі, на карысьць нашае будучыні? У нашае краіне мы маем абодва складнікі вельмі недасканалымі: груваздкую, дарагую прзь сваю неэфектыўнсьць, дзяржаву і дэградуючае насельніцтва.

 

Адзіным выйсьцем у цяперашняе сітуацыі ў Беларусі, ёсьць стварэньне ўмоваў для справядлівае канкурэнцыі ў дзяржаве, прасоўваньне найбольш адукаваных і адэкватных па сваіх псіхафізічных, маральных і інтэлектуальных якасьцях кандыдатаў на канкрэтнае пасады па правілах рэальнага конкурснага спаборніцтва, зь роўнымі магчымасьцямі для кожнага ўдзельніка. Такая дзяржава, ў мэтах уласнага самазахаваньня, зробіць усё, каб падвысіць і адукацыйны ўзровень насельніцтва і, адпаведна, якасьць яго жыцьця і будзе фармаваць дзяржапарат пераважна зь мясцовых кадраў празь іх натуральную канкурэнтную ратацыю. Гэта хутка, і ў значнае ступені, павялічыць таксама канкурэнтаздольнасьць самае краіны, але вымагае радыкальных палітычных рэформаў. Прынамсі першачарговая задача - стварэньне цалкам незалежнае, "суверэннае" судовае сістэмы як падмурка надзейнасьці функцыянаваньня дзяржаппарата і гаранта захаваньня законнасьці ў краіне.

 

Толькі краіна, ў якой ёсьць справядлівая канкурэнцыя элітаў можа быць доўгі час эфектыўнаю і канкурэнтназдольнаю і на міжнароднае арэне, стаць суб'ектам міжнароднае палітыкі і заняць годнае мейсца ў разьмеркаваньні шэрагу сэктараў міравое эканомікі. Эліта павінна вызначацца шляхам натуральнае канкурэнцыі ў роўных умовах. Але на жаль, усё яшчэ альгарытм існаваньня шэраговага беларуса ў сучасным нам грамадстве ёсьць вельмі падобным да правілаў выжываньня ў натоўпе

 

Каб жа канчаткова зьняць вастрыню комплекса сучасных супярэчнасьцяў паміж дзяржаваю і асобаю ў нашае краіне, што ёсьць фактычна монанацыянальнаю, нельга ігнараваць гістарычны вопыт мінулых пакаленьняў, трэба ўлічваць нацыянальны характар і псіхалёгію нашага народа, таксама як і яго непахісную волю да далейшага існаваньня і разьвтцьця як нацыі.

 

Такім чынам, уласна Беларуская нацыянальная ідэя павінна стаць асноўным падмуркам пабудовы-мадэрнізацыі нашае новае дзяржавы, каб захаваць краіну Беларусь і даць ёй надзейную, квітнеючую гістарычную перспектыву.

 

Часам выпадае чытаць лухту аб тым, што Беларусь ёсьць невялікаю краінаю, і на гэтым груньце мусіць базавацца нейкая там "нацыянальная ідэалёгія". Ну, па-першае, велічыня тэрыторыі краіны вырашае далёка ня ўсё, а, па- другое, такія словы пра краіну, што займае адзінаццатае мейсца на Эўрапейскім кантыненьнце па гэтаму паказьніку, больш характэрызуе самаго "аўтара тэзісу", а не Беларусь. Як можна так казаць пра краіну, на мапе якой вольна зьмяшчаецца Літува, Эстонія, Латвія і "Калініградцкая вобласьць Расеі" разам узятыя, ды й яшчэ трохі вольнага мейсца (17460 кв. км.) застаецца для іньшае тэрыторыі Балтыйскага ўзьбярэжжа? Бязь дай-прычыны так можна і пакрыўдзіць ня ў чым не вінаватых "вялікабрытанцаў", бо мы маем амаль роўную зь імі тэрыторыю, а зь Ольстэрам Злучанае Каралеўства пераўзыходзіць па плошчы Беларусь ўсяго на 17,44%. Але ж яны знаходзяцца на перыферыі Эўропы, ды яшчэ й на востраве, а мы ёсьць геаграфічным цэнтрам гэтага благаславёнага кантынета!

Дарэчы, Японія таксама ляжыць на шэрагу востраваў, агульная плошча якіх толькі ў 1,82 разы большая за Беларусь, заціснутых паміж кітайскім узьбярэжжам і Пацыфікам, зь вялікаю колькасьцьцю нязручных для асваеньня горных масіваў і ў зоне абсалютна нестабільнае сейсмічна. Але якая магутная і перадавая эканоміка!

 

Зыходзячы зь гэтага яснага стану рэчаў, нам не выпадае разважаць як "маленькім і пакрыўджаным", тым больш, што ніхто ў гэтым сьвеце не вырашыць наш лёс на нашу карысьць акрамя нас саміх.

 

Гістарычна так склалася, што жывём мы ў найлепшым, найпрыгажэйшым і утульнейшым мейсцы на гэтае планеце ў цэнтры Эўропы. Дарэчы аб гісторыі,- часта трапляецца ў розных тэкстах яшчэ адна бздура кшталту:  і беларуская ідэалёгія”, і беларуская дзяржаўнасьць налічваюць ня надта вялікую колькасьць гадоў. Казаць так толькі на падставе таго, што раней краіны зь назовам Беларусь (ці "Белоруссія") не было на мапах сьвету, як гэта зрабіў аднойчы расейскі "тэлегісторык" Сванідзэ, не тое што не карэктна, але проста не сумленна. На гэтым груньце і такою "мэтодай" можна аспрэчыць пераемнасьць дзяржаўнасьці большасьці мадэрных краін сьвету, ўлучна зь сённяшняю Расіяй. А іньшых падставаў, акрамя ўласных "псыхакомплексаў", ня існуе.

Так, "Белая Русь" - Беларусь ніколі не была саманазовам нашага народу і ня мела ясных межаў на мапах (бо гэта назоў пэўнае геаграфічнае мясцовасьці, які да таго ж перасоўвалася цягам некалькіх стагодзьдзяў ад княства Цьвярскога-Ўладзіміра аж да Магілёва), за выключэньнем апошніх ста год, калі нашыя тагачасныя ідэйныя лідэры, на пераломе эпох 20-га веку, прынялі для нас такі назоў. Менавіта тады наша нацыя знаходзілася на раздарожжы, ў кропцы гістарычнае біфуркацыі*) і прыняцьце на сябе найменьня "Беларусь" часткаю тагачасных ідэйных лідэраў, у псіха-эмацыйнам плане, надзейна прымацавала наш народ да расейскае "цывілізацыйнае прасторы". Але дзяржавы нашага народа ў розных абліччах існавалі ўжо больш за тысячу год назад. Адпаведнае старажытнасьці ёсьць і карані нашага народа, і яго атаесамленьня сябе як асобнае этнічнае супольнасьці.

 

Тэрытарыяльна і генетычна ж, мы ёсць наступнікамі таго расьсяленьня плямёнаў, што існавала ў гэтых мясьцінах спрадвеку. Да ліку нашых протадзяржаваў можна аднесьці цэлы шэраг паступова ўсё больш славянізаваных княстваў, якія паўсталі пасьля сыходу ў нябыт дзяржаваў готаў і гунскае навалы пятага веку і якія мелі сваіх князёў, не прыналежных да лініі "Рурыкавічаў". На жаль гістарычны лёс нашага народа склаўся так, што ў Беларусі практычна не захавалася нашых пісьмовых крыніцаў і сьведчаньняў аб іх утварэньні і станаўленьні. Таму гісторыкі вымушана карыстаюцца чужымі летапіснымі крыніцамі і шукаюць зьвесткі і нашыя аўтэнтычныя дакументы ў архівах іньшых краін і народаў.

 

Ці не першаю згадкаю пра нашыя гарады, княствы-протадзяржавы ёсьць згадка ў некалькіх скандынаўскіх крыніцах, у тым ліку і аб сутыкненьні Полацка зь гоцка-гунскім войскам. Мяркую, што гэта магло адбыцца толькі пад час "балцкага" паходу гунаў, калі яны вярталіся ўздоўж Дзьвіны і далей да даліны Днястра. Гэта было не пазьней за 406 год, пад час кіраваньня ў іх правадыра Ульдзіна. Гэтыя зьвесткі гіпатэтычна адсоўваюць дату заснаваньня Полацка ў чацьвёртае стагодзьдзе. Тое, што археалягічныя знаходкі датуюцца не раней за 8-мы век можа сьведчыць толькі аб тым, што ён тады знаходзіўся ў іньшым мейсцы, але пасьля "гунскага візіту", яго прыйшлося будаваць нанова ў трохі іньшым мейсцы. І відаць, так было не адзін раз. Полацк заўсёды быў "на прыцэле" захопнікаў, гэта старажытны горад, што быў пабудаваны на скрыжаваньні тарговых шляхоў і ў якім жылі прадстаўнікі многіх народаў і плямёнаў. Тое самае можна сказаць і аб княстве Смаленскім, другое па велічыне і значнасьці гастарычнае протадзяржаве нашага народа. Таксама нельга не адзначыць асабістага ўнёску ў пабудову нашае краіны князёў Брачыслава Ізяслававіча полацкага і яго сына - славутага Ўсяслава Брачыслававіча (Чарадзея). Найбольшы яго цуд - вялікая тэрыторыя, надоўга аб'яднаная пад яго ўладаю. Гэта падрыхтавала шэраг далейшых трасфармацый ў нялегкае наступнае гісторыі і прывяло да ўтварэньня Вялікага Княства Літоўскага, - сапраўднае гістарычнае кузьні, ў якой выкаваўся сучасны "беларуска-ліцьвінскі" характар. Характар, які захаваўся ў нашага народу да сёняшнега дня. І гэта насуперак больш як дзьвухвекавое псіха-ідэалагічнае асіміляцыйнае працы царскіх сатрапаў пасьля канчатковага падзелу Рэчы Паспалітае і забраньня земляў Вялікага Княства Літоўскага ў склад Расейскае імпэрыі.

 

ВКЛ было агромністаю дзяржаваю, што сягала, зь пачатку 15-га веку, ад Балтыкі да Чорнага мора. Як прызнавалі і савецкія гісторыкі, там былі гарантыі правоў асобы, права ўласнасьці. Напрыклад, у адрозьненьні ад Масковіі, за віну чалавека сям'я не адказвала, і нельга было пакараць каго-небудзь зь ім зьвязанага - адказваў, па закону, толькі сам чалавек. Статуты ВКЛ былі ці ня першаю дзеячаю Канстытуцыяй сучаснага тыпу ў гісторыі Чалавецтва, спалучанаю зь практычным прававым унармаваньнем, і безумоўна паўплывалі на пазьнейшыя аналягічныя зборы законаў іньшых краінаў, ўключна зь ЗША, і сталі базаю юрыдычнага падмурку існаваньня сучаснага "эўрапейскага ладу жыцьця".

 

 

 

Мал.1. Вялікае Княства Літоўскае ў 15 - 16 вякох.

Схаматычна ёсьць паказанымі накірункі этна-культурніцкага ціску "цывілізацыйных хваляў", што ўплывалі тады на нашую дзяржаву і спрычыніліся да станаўленьня нашае нацыі.

 

Паўстаньне ў пэўны час і у гэтым мейсцы Вялікага Княства выглядае цалкам лягічным, калі разгледзець пасьлядоўнасьць падзеяў, што адбыліся пасьля краху рымскае імпэрыі і да 13 веку, калі ВКЛ выходзіць у поўны рост на гістарычную сцэну.

Характэрнаю адметнасьцьцю ўзьнікненья гэтае дзяржавы можна лічыць тое, што зь пачатку трынаццатага веку гэтая тэрыторыя пачала адчуваць пастаянна ўзрастаючы ўціск трох цывілізацыйных хваляў, што сышліся ў гэтым мейсцы зямное сушы, атачыўшы яго зь усіх бакоў. Дзьве зь іх утварыліся на груньце засваеньня спадчыны Рымскае імпэрыі. Хада ідзе аб іслямскае, першапачаткова арабскае хвалі, што заняла ўсю поўнач Афрыканскага кантынету а потым Гішпанію, частку Францыі і паўдзённага Сярэднеземнаморскага ўзьбярэжа сучаснае Эўропы і тэрыторыю аж да Індыі. Потым эстафету ад Арабскага Халіфата прынялі туркі. Іх высілкамі, гэтая хваля дасягнула свайго максымума ў 15 веку, зь ліквідацыяй Бізантыйскае імпэрыі. Яна стварыла "этна-культурніцкі напор" зь Поўдня.

Другая зь гэтых хваляў - заходнеэўрапейская хрысьціянская - была пачатая Карлам Вялікім, як "зьяднаўцам Эўропы". Але на яе фармаваньне вельмі значны адбітак зрабіла пазьнейшая неабходнасьць бараніцца ад арабскага ўварваньня ў Эўропу. Гэта спарадзіла спачатку Рэканкісту, а потым утварэньне рыцарскіх супольнасьцяў і крыжовых паходаў , а потым і рыцарскіх ордэнаў. Менавіта ў такой форме гэтую цывілізацыйную хвалю, зь дапамогаю Конрада Мазавецкага, і адчулі ў першую чаргу нашыя продкі.

Носьбіты ж трэцяе "цывілізацыйнае хвалі" амаль у той жа час, па гістарычных мерках,  зьявіліся зь Усходу ў выглядзе незьлічоных войскаў Чынгіз-Хана і створаных потым цюркціх квазідзяржаваў Чэнгізідаў. Вядома, што яны мелі спачатку вялікую рэлігійную талеранцыю, але празь пэўны час пасьля смерці  самаго вялікага імпэратара, яго наступнікі прынялі іслям.

 

Усе гэтыя накірункі ўціску стваралі "пераходныя зоны", дзе адбывалася іх дамінацыя. Напрыклад да такое зоны можна аднесьці славянскія каралеўствы і княствы ў Цэнтральнае Эўропе на захад ад ВКЛ, пазьней "Рэчы Паспалітай" (што можна перакласьці як "Народная Рэспубліка"). На Ўсходзе - Вялікае княства Маскоўскае, што ўвабрала ў рэшце рэшт патэнцыял і рэсурсы Чэнгізідаў. На Поўдні, гэта зьцюркізаваныя славянскія краіны Балканскае паўвыспы, Вугоршчына, сучасная Румынія зь Малдоваю.

 

Тэрыторыя ж ВКЛ доўгі час заставалася "полем этнічнага сінтэзу", дзе былі больш спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця і суіснаваньня многіх этнічных супольнасьцей, іх адносна бесканфліктнага ладу жыцьця, рэлігійнае талеранцыі. Таму ў ВКЛ існавала мажлівасьць частых кросрэлігійных і полінацыянальных шлюбаў.

 

Гэта спрыяла адзінству насельніцтва і генерацыі на гэтае тэрыторыі новае этнічнае супольнасьці паміж Чорным і Балтыйскім морам, на мяжы паміж цывілізацыямі Захаду і Ўсходу. На гэтае тэрыторыі "Міжморскага Парубежжа" і адбыўся этна-культурніцкі сінтэз нашае нацыі. Такім чынам, наш народ прыйшоў у гэты сьвет як дзіця ўшчыльненьня абжытое ўжо Чалавечае прасторы.

 

Зь гэтага пункту гледжаньня вельмі цікавым ёсьць пытаньне аб паходжаньні самаё Літвы, як асноўнага складніка ў назове "Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае - (Magnus Ducatus Lituaniae )". Каб уявіць сабе механізм яго ўтварэньня і працэсы што тады адбываліся я зьвярнуўся да зафіксаванае храналёгіі падзей, якія маюць дачыненьне да Літвы і Княства Полацкага. Ад часу першага ўспаміну пра Літву наагул і да ўтварэньня ўласна ВКЛ. Зразумела, храналёгія, мне даступная, ня ёсьць дасканалаю і выбарка можа быць ня вельмі рэпрэзентатыўнаю (асабліва дадзеныя зь "Вікіпедыі"), але для ацэначнае прыкідкі лічу гэтыя крыніцы цалкам дастатковымі (гл.  Дадатак 1). Маёй мэтаю было, празь гіпатэтычнае павялічэньне частаты ўпамінаньня гэтага племені, ацаніць дынаміку яго ўзаемаадносінаў зь княствам Полацкім і вызначыць ступень і крыніцу дамінацыі палітычных складнікаў ВКЛ, хоць бы "ў першым прыбліжэньні". На жаль, я гэтае мэты не дасягнуў (гл. Дадатак 2.) таму, што першыя тры інтэрвалы склалі 31, 92 і 51 год адпаведна, але пасьля 1183 году тая "Літва" зьнянацку выскоквае на гістарычную арэну і частата ўпамінаньня павялічваецца раптоўна на парадак. Наступныя інтэрвалы складаюць: 1 - 3 , максімум - 7 год! У трох гадох: 1207, 1210, 1225 - Літва згадваецца наагул двойчы. Большасьць зь гэтых звестак - гэта напады на Ноўгарад, Пскоў і Смаленск.

 

У мяне склалася ўражаньне, што гэта нейкія дзьве розныя Літвы. Да 1183 года дынаміка адпавядае частаце здарэньняў адносна іньшых "гульцоў" тагачаснае гістарычнае прасторы і тэорыі "Літвы гістарычнае" Міколы Ермаловіча (якая пастаянна ўдакладняецца, але каньчаткова не абвяргаецца гісторыкамі). Але апраўдаць далейшую яе актыўнасьць толькі "феадальнаю раздробленасьцьцю" і аслабленьнем "рускіх княстваў" не атрымліваецца. Тым больш, што зь Захаду і Поўначы на тую ж Літву наступалі крыжакі, якім у той час прыналежыла практычна ўсё паўднёвае ўзьбярэжжа Балтыкі. Яны ж дамінавалі на самім моры.

 

Але ёсьць адна гіпатэтычная магчымасьць, якая можа вытлумачыць такі "літоўскі" фенамен. Як раз у той час, 1174-1184 гадох, у паўднёва-ўсходняе частцы Нарвэгіі адбывалася  буйное паўстаньне "бярозаваногіх" ("лапцёжнікаў"), што падтрымліваліся швэдцкім ярлам Біргерам Пасьмешлівым. Ваявалі гэтыя паўстанцы зь незаконанароджанымі патомкамі папярэднега караля, якіх падтрымлівалі каралі Даніі. Барацьба ішла аж да 1208 года. Сверыр давёў паўстаньне да завяршэньня і стаў каралём у 1184 годзе. Гэта было цалкам "сацыялістычнае" паўстаньне - пад час яго былі высланыя зь краіны ня толькі епіскапы, але і знатныя грамадзяне.

Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што ў 1183 годзе першымі былі пад нападам "Літвы" Ноўгарад і Пскоў, а ўжо потым быў забіты ў бітве полацкі князь. Але гэта была тэрыторыя, дзе ў свой час дамінавалі як раз швэдцкія вікінгі. Нават значна пазьней, расейскі Піцербург быў закладзены каля швэдцкага мястэчка, якое існавала там зь даўніх часоў.

Я лічу дастаткова рэалістычнаю мажлівасьць таго, што у час грамадзянскіх войнаў у Паўночнае Эўропе 1130 - 1240 гадоў,  для здабычы сродкаў, каб супроцьстаяць нарвэжскім "лапцёжнікам", была адпраўленая ваенная экспедыцыя ў вусьце Нявы. Гэта дазволіла б таксама дасягнуць пэўных палітычных мэтаў - "насаліць" швэдам, а магчыма і перасварыць іх кіраўніцтва. Датчане цалкам маглі дазволіць сабе адправіць зборную каманду зь дабраахвотнікаў за здабычай у "зону швэцкага ўплыву". Тады становяцца зразумелымі ўсе наступныя падзеі.

 

Пасьля рэйда ад вусьця Нявы празь Ноўгарад, Пскоў і Полацак атрады таго зборнага войска апынуліся ў верхнім Панямоньні, дзе ўжо жылі нашчадкі вікінгаў, тая самая "літва", што пасяліліся там значна раней, да адзінаццага стагодзьдзя. Цалкам магчама, што яны ведалі аб гэтых паселішчах, а то і падтрымлівалі зь імі сувязь. Тым часам паўстанцы-"лапцёжнікі" ўзялі верх канчаткова і частцы каманды тае ваеннае экспедыцыі было проста няма куды вяртацца. Ды й які дурань зьедзе зь Панямоньня там пасяліўшыся? Гэта значна ўмацавала літоўскія пазіцыі і гэтае племянное ўтварэньне стала рэальнаю пагрозаю для навакольля. Тым больш, што яны маглі перыядычна атрымліваць дапамогу са Скандынавіі і Даніі. Утварылася нешта кшталту мадэрновае для таго часу "нордманскае калёніі" на Нёмане. Таму ў 1191 годзе і адбыўся сумесны паход на іх Ноўгарада і Полацка. Таксама таму і "Літва" скіроўвала свае ваеныя высілкі ў іх бок - у зону тагачаснага "швэцкага уплыву".

Адначасна павялічвалася прысутнасьць Тэўтонскага ордэну на Балтыцы. Пасьля ўдалых паходаў 1197 - 1199 гадоў імі былі створаныя нямецкае калёніі ў вусьці Дзьвіны. А 1201 год лічыцца афіцыйнаю датаю заснаваньня Рыгі. Гэта, як і параза ў вайне зь паўстанцамі "запячатала" сітуацыю на Балтыцы і яе ўзьбярэжжы для кааліцыі, што супроцьстаяла "лапцёжнікам".

 

Асобнае ўвагі вымагае пытаньне аб назове "Літва". Я лічу, ў сьвятле вышэйзгаданага, найбольш навукова карэктна выводзіць яго ад "нордманскага - lit(d)", што азначае, прынамсі ў сучаснае  ісляндцкае мове, "атрад, "узброеная група", каманда (карабля)". Паступова гэтае слова стала спачатку назовам для асеўшых на нашых рэках у Панямоньні вікінгаў, а пазьней і іх саманазовам. Канчатак жа "ва" мае сэнс субстанцыйнага ўказаньня. Ў гэтым выпадку ёсьць вызначэньне пэўнае групы людзей, народу. Як летапісная "хінава", ці "жыдава", як можна было пачуць яшчэ нядаўна на Койданаўшчыне на захад ад Путчына. Дарэчы, "жыд" у нашых продкаў было такім жа звычайным неабразьлівым вызначэньнем, як і назовы іньшых нацый і народаў. Антысемітызм, - гэта адзін зь шавіністычных "падарункаў" нашаму народу ад Расейскае імпэрыі. Татары ж і габрэі зьявіліся ў нас яшчэ ў чатырнаццатым стагодзьдзі і сталі арганічнаю, і далёка ня горшаю, часткаю нашага грамадства. Нацыянальныя стасункі ў ВКЛ былі, ясная справа, не ідэальныя, але звычайна не выходзілі за межы пабытовае ксенафобіі і зразумелага насьцярожанага, трохі негатыўнага, стаўленьня да наагул "іньшага", ня толькі "чужога". Асабліва гэта было, і ёсьць, характэрна для неадукаванае і ня разьвітае часткі насельніцтва. Гісторыя навучыла нас жыць у мульцікультурным, шматнацыянальным грамадстве. На фоне ж стану рэчаў у сумежных краінах, нацыянальныя стасункі ў тагачаснае ВКЛ, прынамсі на сучаснае тэрыторыі Беларусі, можна лічыць цалкам талерантнымі.

 

Такая гістарычная спадчына значна спрашчае магчымасьці нашае адаптацыі да сучасных тэндэнцый глябалізацыі і сусьветнае інтэграцыі. Але ёсьць вялікае пытаньне як інтэгравацца, зь кім і на якой "ідэйнае базе". Як казаў у свой час філёзаф Барыс Парамонаў у перадачы, прысьвечанае 150-годзьдзю зьяўленьня "Маніфэсту камуністычнае партыі" і 180 - годзьдзю зь дня нараджэньня Маркса: "...Маркс не прадбачыў сітуацыі, ў якой не эўрапейскі сьвет зробіцца самастойным гаспадарчым і, што ў дадзеным выпадку важней, палітычным суб'ектам. Ён жыў у эпоху каланіялізму. Якія сюрпрызы можа прынесьці глябалізацыя эканомікі, якія катастрафічныя яе патэнцыі, пакуль не ясна. Гэта зробіцца ясным тады, калі і пры ўмове, што такая катастрофа адбудзецца. Ясна толькі адно: што калі сьвет і загіне па-Марксу, то не па-Марксу ён уратуецца".

 

°°°

І на заканчэньне мае сэнс успомніць пра будучыню. Нашая цывілізацыя падыходзіць да чарговае кропкі біфуркацыі. Рэсурс трываласьці нашае плянэты паступова і няўхільна падыходзіць да вычарпаньня. Вытворча, як сумма тэхналёгій перапрацоўкі выкапняў і іньшых субстанцый у тавары, наша "панграмада" - сусьветная супольнасьць - зь яе фабрыкамі і заводамі, ўжо зайшла ў тупік "грамадства спажываньня", яго пашыранае (і экстэнсійна пашыраючаеся) вытворчасьць перарастае ў рэальную пагрозу існаваньня Чалавецтва.

Так, у многіх раёнах Зямное Кулі пануе голад і галеча, але калі проста працягваць вырабляць і транжырыць выкапні, бязьконца завальваючы атачэньне адкідамі і атручваючы асяродздзе хіміяю і выпраменьваньямі рознае прыроды і частотаў, - людзей паміраць ад голаду і хваробаў стане яшчэ больш.

Вялікаю каштоўнасьцьцю для нашае цывілізацыі ў гэтых умовах ёсьць не толькі захаваньне біялагічнае разнастайнасьці прыроды, але і генетычнае разнастайнасьці чалавека, як біялагічнага віда, таксама як і захаваньне энтна-культурнае спадчыны зямнога насельніцтва, ўсяго багацьця гістарычнага вопыта Чалавецтва.

 

Пакліканьнем нашых элітаў я лічу неабходнасьць сьвядомага стварэньня і рэалізацыі комплекса новых ідэяў, ідэалягем і, калі хочаце, парадыгмаў, што забясьпечылі б разьвіцьцё нашае нацыі ў любых умовах, зь прыцэлам на прагназуемую будучыню. Гэта вымагае ня толькі стварэньне адпаведных структураў па рэсурснаму забесьпячэньню і адсочваньню асноўных трэндаў разьвіцьця, але і глябальнаму супрацоўніцтву Нацыі, яе прадстаўнікоў па ўсяе Плянэце.

 

Выйсьце Чалавецтва зь сучаснага тупіку толькі ў паступовым зьмяненьні празь існуючыя міжнародныя механізмы грамадскіх супольнасьцяў асобных краінаў і пабудова цывілізацыі новага тыпу. Гэткага кшталту "самаінжынерыі" па стварэньню грамадства, скіраванага на найбольш эфектыўнае выкарыстаньне рэсурсаў зь аптымізацыяю ўсіх працэсаў, пры захаваньні мінімальнага стандарту існаваньня для кожнага жыхара плянэты.

Нам трэба асазнаць, што Чалавецтва павінна ўзяць свой лёс ва ўласныя рукі і не мусіць больш залежыць ад вычарпальнасьці лякальных рэсурсаў, сутыкненьня планеты зь іньшымі касьмічнымі целамі, альбо наагул свавольства нейкіх касьмічных аб'ектаў і фактараў. Беларускі народ мае патэнцыял і магчымасьці, каб самастойна будаваць сваю будучыню і, празь гэта, будучыню Чалавецтва. У нас дастаткова рэсурсаў і ідэй, каб заняць лідэрскія пазіцыі ў станаўленьні Чалавечае цывілізацыі новага тыпу. Наша мэта - бязьконцасць Прасторы і Часу.

°°°

 

*) "Біфуркацыя" - навуковае вызначэньне зь матэматычнае "тэорыі катастроф", перакладаецца літаральна як "разьвілка дарог". Гэта мамент "выбару" (у тапалягічным сэньнсе) пэўным працэсам новага накірунку шляху свайго руху. Гэта залежыць ад канфігурацыі, "формы паверхні" ўсяго комплексу зьнешніх чыньнікаў. Хада ідзе аб любым працэсе - фізічным, альбо ў чалавечым грамадстве. Толькі Чалавек здольны рабіць такі выбар асэнсавана. Пасьля таго, як выбраны пэўны шлях, часам катастрафічна, празь "рэвалюцыйны" скачок, далей ўсё цячэ ў межах гэтага канала эвалюцыі, якія перайсьці нельга бязь злому самаго канала -зьмены канфігурацыі абмяжоўвыючых фактараў. Але гэта можа адбыцца толькі і тады, калі рэсурсы папярэднега стану сістэмы будуць вычарпаныя. Альбо для гэтага патрэбны прыток большае колькасьці энергіі і рэчыва звонку, каб зьмяніць канфігурацыю самой сістэмы і празь гэта паўплываць на працэс .

Да тае пары, пакуль "канал руху" існуе і інэрцыя руху не вычарпаныя - межы "канала" адвольна перайсьці немагчыма. Але і ў межах аднаго канала многія рэчы могуць паўтараца, да вычарпаніня энергіі працэсу і зьмены шляху празь новую біфуркацыю.

 
 
 
 

Дадатак 1.

 

Храналёгіяпадзеяў часоў ўтварэньня Вялікага Княства Літоўскага,

княства Полацкае і звязаныя зь ім падзеі пад час гэтага працэсу..

(Складзена па "Храналёгіі гісторыі Беларусі" - энцыкляпедычная

бібліятэчка "Беларусь" і "Вікіпедыі")

 

11 ст. - утварэньне Смаленскага княства.

1003 -1044 - Княжэньне ў Полацку Брачыслава Ізяслававіча

1009 г - першае ўпамінаньне аб Літве, забойства місіянера каля р.Буг

1040 - паход кіеўскага князя Яраслава (Мудрага) на Літву, ўдзел у ім Брачыслава    Ізяслававіча

1044 - 1101 - княжэньне ў Полацку Ўсяслава Брачыслававіча

1065 - паход Усяслава Брачыслававіча на Пскоў.

1066 - захоп ім Ноўгарада.

1067 - менская бітва на Нямізе.

1068 -1069 - яго княжэньне ў Кіеве.

1097 - зьезд рускіх князёў у Любечы, пачатак "феадальнае раздробленасьці".

1101 - 1128 - Полацак, княжэньне Давыда Ўсяславіча

Пачатак 12 ст. - утварэньне Віленскага ўдзельнага княства

                            - утварэньне Гарадзенскага княства

1103 - паход Давыда Ўсяславіча ў кааліцыі зь паўднёвавымі княствамі супраць       полаўцаў.

1105 - утварэньне Полацкай епіскапіі

1120 - 1173 жыцьцё і дзейнасьць Эўфрасінні Полацкае

Пасьля 1120 г. стварэньне "Аповесьці мінулых часоў"

1132 - паход гарадзенскага князя Ўсевалада Давыдавіча на Літву.

1147 г. першыя летапісныя зьвесткі пра Маскву.

1151 - выступленьне палачан супроць князя Рагвалода Барысавіча і высылка яго ў            Менск.

1159 - хваляваньні гараджан у Полацку і Друцку

1159,1160,1161 - асады Менска Рагвалодам Барысавічам, князям друцкім і полацкім.

1161 - стварэньне полацкім майстрам-ювелірам Напрастольнага Крыжа, які адначасова ёсьць "ракай" зь найсьвяцейшымі мошчамі, для Эўфрасіньні Полацкае.

1162 - разгром менскім князем Валадаром Глебавічам войск Рагвавлода      Барысавіча пад Гарадцом.

1167 - захоп Полацку менскім князем Усяславам Васількавічам

1183 (таксама і 1200, 1210, 1214, 1217, 1224, 1225, 1229, 1234)- напады Літвы на   Ноўгарад - Пскоў

Да 1185 - у бітве зь Літвою забіты князь Ізяслаў Васількавіч, князь Полацкі (ёсьць у            "Слове аб палку Ігаравым")

1191 - сумесны паход войск Ноўгарада і Полацка супроць Літвы.

1195 - разгром палачанамі войскаў смаленскага князя Давыда Расьціслававіча.

Канец 12-га ст. - стварэньне "Слова аб палку Ігаравым"

1196 (і 1210)- напад Літвы на Валынь

1201 - Паход полацкага князя Ўладзіміра на Літву.

1203 - бітва чарнігаўскіх Ольгавічаў зь Літвой

1204 (і 1204, 1225, 1239, 1248) - напады Літвы на Смаленск

1205 - 1207 - паходы літоўскіх князёў на землі "заходняе Русі".

1207 - на Літву хадзіў Уладзімір Рурыкавіч смаленскі.

1215 - уключэньне ў Літоўскае княства Чорнае русі.

1216 - разгром смаленскім князем Мсьціславам Давыдавічам літоўскіх групаў, што             рабавалі Полацкае навакольле.

1223 - мірны дагавор Смаленскага, Віцебскага і Полацкага княстваў зьРыгаю і        Готландам ("Смаленская гандлёвая праўда").

Пасьля 1230 - утварэньне Вялікага княства Літоўскага (па Вікіпедыі існавала ў                                   1236 - 1795 гады)

Пасьля 1230 - 1263 - княжэньне Міндоўга ў ВКЛ.

 

 



Дадатак 2.

 

Храналягічная частата і інтэрвалы  ўпамінаньня ў пісьмовых крыніцах падзеяў, зьвязаных зь этнонімам "Літва" ад першага зьяўленьня і да ўтварэньня

 Вялікага Княства Літоўскага,

(на груньце дадзеных у Дадатку 1).

 

№ п/п    Дата     Інтэрвал у гадох               № п/п      Дата     Інтэрвал у гадох

 

 0         1009               -                                              14       1210               3

 1         1040               31                                           15       1210               3

 2         1132               92                                           16       1214               4

 3         1183               51                                           17       1215               1

 4         1185               2                                            18       1216               1

 5         1191               6                                            19       1217               1

 6         1196               5                                            20       1224               7

 7         1200               4                                            21       1225               2

 8         1201               1                                            22       1225               2

 9         1203               2                                            23       1229               4

10       1204               1                                            24       1234               5

11       1205               1                                            25       1248               14

12       1207               2                                           

13       1207               2                                           

среда, 19 сентября 2012 г.


Язэп Паўловіч

Знак Чарадзея
   
Частка другая: Геаметрыя выявы на      
                             пярсьцёнку полацкага князя  
                             Ўсяслава Брачыслававіча (Чарадзея) 
                             і яе аналёгіі 

Для таго, каб зразумець глыбей сэнс выявы на "пячатцы" паспрабуем падключыць матэматыку. Рэфлексіі на конт надпісаў і магчымыя іх трактоўкі пэўна не дададуць нам нічога новага для вывучэньня Пярсьцёнка. Мы павінны "фармалізаваць" нашую задачу і разгледзець агульную геаметрыю Знака.
Калі правесьці адпаведную разграфку выявы, становіцца бязьспрэчна бачна яе кругавая пабудова. Кропка перасячэньня дыяганаляў Знака ёсьць цэнтрам ўсяе сістэмы сімэтрыяў Чарадзеевага Знаку. Бачна таксама несумнеўная графічная сувязь і сувымярэньне літараў надпісу зь іньшымі графічнымі элементамі. Таксама ўражвае дакладнасьць выкананьня надпісу. Мейсца кожнае літары вызначаецца агульнаю структураю малюнку а выкананьне графічных знакаў "у матэрыяле" ёсьць бездакорным.
Яны нанесеныя на "пячатку" пярсьцёнка зь дакладнасьцьцю да далей міліметра, г.зн. на мяжы тагачасных тэхнялягічных магчымасьцяў, за выключэньнем выявы самаго цэнтральнага "трызуба". Як я ўжо сказаў вышэй (у першае частцы), такая супярэчнасьць можа быць вытлумачана тым, што цэтральную фігуру - "вялікі трызуб" чаканіў іньшы чалавек. Верагодней за ўсё - сам ўладальнік-карыстач пярсьцёнка, бо такія "правіла гульні" ў магаў (акультыстаў, шаманаў і г.д.) - уся атрыбутыка мусіць быць завершана па пэўных методыках і толькі ўласнаручна.
 
 Мал.1. Рзграфка выявы на 
Пярсьцёнку Ўсяслава.
 
Відавочна, што геаметрычным грунтам усяе кампазіцыі ёсьць тое, што цэнтральны зуб “трызуба” дакладна роўны па даўжыне яго падмурку. Таксама як і тое, што яны ўтвараюць перакуленую “Т”-падобную фігуру, ўпісанаю ў акружнасьць зь цэнтрам у кропцы перасячэньня дыяганаляў “трызуба”. Зразумела, гэтыя адрэзкі (цэнтральны зуб зь падмуркам "трызуба") ёсьць элементамі квадрата і гэта дае магчамасьць рэканструяваць ідэальны геаметрычны вобраз выявы. Ён паказаны на малюнку 2. Мушу зрабіць наступную заўвагу: вуглы паміж внртыкальнымі і гарызантальнымі лініямі на малюнку ня ёсьць дакладна простымі таму, што фатаграфія зробленая ня цалкам франтальна. Разыходжаньне складае каля дзьвух градусаў, што ўплывае на ўспрыняцьце малюнку, але ў рэальнасьці вуглы роўныя дакладна 90°-м.
Дзеля раскрыцьця матэматычнае задумы аўтара гэтае выявы, вызначым дакладна квадраты, што ляжаць ў аснове гэтае кампазіцыі. Г. зн. дапоўнім да квадрату (зь вяршынямі ў кропках 2-4-6-8) сам "Трызуб" і прамалюем квадрат A-B-C-D, у які ёсьць ўпісанаю акружнасьць зь цэнтрам у кропцы перасячэньня "дыяганальных ліній" Знаку. 
Зарас мы маем завершаную "ідэальзаваную" геаметрычную фігуру, што ляжыць у аснове выявы на пярсьцёнку, на якой улічаны ўсе геаметрычныя "віртуальныя" элементы - складнікі. 
Зразумела, што бакі (8-6) і (А-В) абодвух квадратаў супадаюць. Супадаюць і дыяганалі іх палавін: лінія (1-4) супадае зь лініяю (1-С), бо зыходзяць зь аднае і той жа кропкі 1. Мушу таксама зьвярнуць вашую увагу на тое, што гэтыя супадаючыя дыяганалі дзеляць  адрэзак (09), што роўны радыюсу нашае акружнасьці, дакладна папалам у кропцы 7 і гэта мае пэўнае практычнае значэньне.

Усё б нічога, ды упісаны ў круг знак (Мал. 2.) не выглядае завершаным. Мы зрабілі, што хацелі – дакладна пабудавалі абрыс зь пярсцёнка князя Ўсяслава Чарадзея і зразумелі геаметрычны грунт, на якім гэтая фігура будуецца. Але застаўся па-за нашаю ўвагай яшчэ адзін элемент гэтае геамэтрычнае сістэмы. Перасячэньне дыяганаляў квадрата, якому прыналежыць выява "Трызуба" (2-4-6-8), дае кропку 1 (Гл. мал. 3.). Яна ёсць цэнтрам акружнасці апісанае вакол гэтага квадрату. Вось зарас ужо ўся фігура выглядае і ёсьць  завершанаю.

Мал. 2. Геаметрычнае абагульненьне Знаку Чарадзея. 

Разьлік упісанае ў круг сістэмы, пададзенае на мал. 2, ёсць вельмі простым нават для не самых пасьпяховых вучняў 5-е клясы сярэдняе школы і таму апускаецца. Каб знайсьці геаметрычныя суадносіны ўсяе фігуры, дастаткова вырашыць прамакутны трохкутнік (0-3-4), бакамі якога ёсьць: велічыня, якую трэба знайсьці - адрэзак (0-3), радыюс акружнасьці (r)  апісанае вакол "Трызуба", а трэці - іх сярэдняе арыфметычнае. Квадратная роўня для вырашэнья гэтае задачы мае два карані: (х = - r) , што можа і мае геаметрычны сэнс недзе ў "тангенцыйных Сусьветах", але ў нас - аніякага, і  (х = 3r :5);. Гэта значыць, што база Трызуба (2-4) дзеліць адрэзак (0-5), ён жа радыюс гэтае акружнасьці, ў суадносінах 3:2. Зь гэтага вынікае, што радыюс гэтае акружнасьці ўтрымлівае 5 такіх "элементарных прапарцыйных даўжынь", а дыяметар - адпаведна 10. Пасьля разьліку даўжынь ўсіх элементаў выявы аказалася найбольш зручным і простым выкарыстоўваць як раз гэтую мерную адзінку, пятую частку радыюса акружнасьці (k=r:5), для апісаньня ўсіх элементаў. Калі задаць так даўжыню ўсіх элементаў "Знака Чарадзея", то мы атрымаем шэраг вельмі простых, але цікавых суадносінаў (Мал. 3.). 
Веллічыня даўжынь адрэзкаў ліній ад прапарцыйнага дзяленьня радыюса і дыяметра на восі цэнтральнага зуба выявы і іх мажлівыя суммы складаюць: 2, 3, 5, 8, 13 нашых "прапарцыйных адзінак".  Яны ж ёсьць таксама лічбамі зь клясічнага матэматычнага шэрага Фібаначы: ... 34; -21; 13; -8; 5; -3; 2; -1; 1; 0; 1; 1; 2; 3; 5; 8; 13; 21; 34; ...  

Матэматычнаю мяжой, да якой імкнуцца суадносіны любых лічбаў, што стаяць побач (сумежных), ў такіх матэматычных шэрагах, дзе кожная лічба ёсьць роўная суме дзьвух папярэдніх, ёсьць так званая лічба "Фі". Гэтае сталае лічбавае вымярэньне матэматычнае мяжы ў выглядзе двух каранёў элементарнае квадратнае роўні: Ф1 = 1,618  і Ф2 = 1: Ф1 =  0,618.  Менавіта гэтыя лічбы і ёсьць каэфіцыентамі прапарцыйнасьці "Залатога сячэньня", альбо "Боскае прапорцыі". 

Для відавочнасьці і параўнаньня адрэзак лініі радыюса апісанага круга , роўны 0,618r (і, адпаведна, 0,618r + r = 1,618r), таксама пададзены на Мал. 3 у левае ніжняе чвэрці. Ён пабудаваны клясічным графічным "мэтадам засечак цыркулем" на гуньце дыяганалі паўквадрату.

Мал. 3. Асноўныя суадносіны геаметрычных элементаў Знаку.
Падагульняючы вышэйсказанае, можна сьцьвярджаць, што выява на пярсьцёнку ёсьць гарманічным прапарцыйным модулем-матрыцай, пабудаванаю на груньце закона "залатога сячэньня". Гэта пэўны "камертон" геаметрычных суадносінаў. Калі хочаце, "матрыца прыгожага". Галоўная навіна, прынамсі для мяне, што Знак дазваляе зьвязаць непасрэдна рады Фібаначы зь памерамі круга празь пятую частку яго радыюса! Можа тут і ёсьць вырашэньне знакамітае праблемы "квадратуры круга"? Мастакі і архітэктары добра ведаюць аб чым ідзе хада. Ўсім хто гэтым зацікавіцца ці захоча зрабіць свае веды ў гэтым накірунку больш грунтоўнымі і дыхтоўнымі прапаную вывучыць дасканала адну ўжо "старую" кніжку:Section Divine "Золотое сечение. (Три взгляда на природу гармонии)"  Москва, "Стройиздат" 1990.   И.Ш.Шевелев, М.А.Марутаев, И.П.Шмелёв. Хоць і выйшла яна ў "будаўнічым" выдавецтве за савецкім часам, але гэта Кніга трох Майстроў аб Мастацтве дасканаласьці.

"Знак Чарадзея" празь сваю структуру і шэраг яе не трывіяльных момантаў дае выдатныя магчымасьці для разуменьня элементарных геаметрычных суадносін і разьвіцьця ўяўленьня прасторы. Я прапаную уключыць яго у курс школьнага навучаньня матэматыцы. Таксама, мяркую, ён мае добрыя перспектывы для генерацыі новых ідэй ў накірунку фрактальнае геамэтрыі, лічбавых шэрагаў і суадносін мернасьцяў.

Каб зрабіць відавочнаю структуру пабудовы, разграфім ўнутраную прастору "Трызуба" нашаю "прапарцыйнаю адзінкаю" - пятаю часткаю радыюса акружнасьці, апісанае вакол "Трызуба".(Мал. 4.). Зьвяртаю вашую ўвагу на тое, што такая "прапарцыйная разграфка" адпавядае клясычнае шахматнае дошцы зь 64-ма клеткамі. Калі ж зрабіць такую разграфку для ўсяе прасторы, што займае Знак, мы атрымаем таксама цікавую выяву (Мал. 5).Гэта ня толькі розныя "дошкі" для гульні ў разнастайныя "настольныя" гульні, якія сумешчаныя разам у цэнтральнае сімэтрыі. Тут наглядна ёсьць бачнаю ўзаемасувязь і суадносіны розных сістэм зьлічэньня. Насамрэч, найбольшая "дошка" ёсьць полем дзесяцерычнага зьлічэньня, прастора "Трызуба" - васьмярычнага і, адпаведна, прастора цэлых элементаў, што трапляюць ва ўнутраны круг, - шэсцярычнага. Калі ж пазначыць клеткі цераз адну іньшым колерам, атрымаем "расклад" для дваічнае сістэмы зьлічэньня.
  Мал. 4. Прапарцыйны строй Знака.    
 
        Мал. 5. "Гульнявая прастора" Знака.

Але за гэтаю элементарнаю матэматыкаю нам ня трэба забывацца на тое, што мы маем справу зь рэальнаю, да таго ж функцыянальную рэччу - пярсьцёнкам Князя. Пад час роздумаў і пошукаў асноўнай ідэі гэтага Знаку нарадзілася перакананьне, што фігура, зьмешчаная на пярсцёнку Ўсяслава Чарадзея паходзіць зь глубіны часу, зь практыкі першых астранамічных назіраньняў за Сонцам і Месяцам. Таму гэтая графічная выява непарыўна зьвязаная зь першабытнымі магічнымі традыцыямі і ёсць больш старажытнаю, чымся памянёнае ўжо правіла пабудовы “залатога сячэньня”. Яна апынулася пэўным універсальным графічным альгарытмам - канонам, які служыў таксама для дасягненьня практычных, можна сказаць, утылітарых мэтаў.

Крыніцаю кожнае тэорыі ёсьць практыка, а тэорыя падказвае практычныя крокі. Відаць пачалася гісторыя гэтага Знаку зь простае ідэі - выкарыстоўваць цень ад нейкае рэчы для фіксацыі і адліку часу і пэўных яго момантаў. Дарэчы, антраполягі мяркуюць, што такая патрэба - адлічваць пэўныя адцінкі часу - і стала ці ня першым крокам на шляху да станаўленьня Чалавека разумнага і пачатку пабудовы нашае цывілізацыі. Так што было гэта вельмі даўно...

 

Уявіце сабе слуп, што ўкапаны ў зямлю і цень ад яго. Калі ж назіраць за даўжынёй ценю ад кожнае рэчы цягам году, то вы атрымаеце чатыры кропкі, што абмяжоўваюць два сэктары круга, за якія ўсходы і заходы Сонца зімой і ўлетку ня выйдуць, як і цені ад слупа – гэтыя накірункі як раз адпавядаюць дыяганалям Знаку (зь пэўнае ступеньню дакладнасьці). Наступным крокам пасьля вызначэньня гэтых кропак на мясцовасці, вы можеце лёгка атрымаць накірунак лініі Поўдзень – Поўнач (“паўдзённае лініі”), г. зн. геаграфічнага мерыдыяну. Ён будзе восьсю сімэтрыі гэтае фігуры. Цень ад нашага слупа, альбо больш грунтоўна зробленае каменнае стэлы (“гнамона”) штодня будзе дакладна на гэтае лініі мець найменьшую даўжыню. Але велічыня гэтае паўдзёнае цені таксама мяняецца зь кожным днём і бывае найдаўжэйшаю ў дзень зімняга сонцастаяньня і, адпаведна, найкаротшаю - пад час летняга. Паміж гэтымі двума кропкамі і адбываюцца гадавыя цыклічныя ваганьні даўжыні паўдзённага ценю, як паказана на мал. 6. Таксама кожнага дню кропкі ўзуходаў і заходаў Сонца і Месяца  сінхронна зьмяшчаюцца на лініі гарызонта, мяняецца велічыня вуглоў пад якімі усходзяць і заходзяць Сонца і Месяц, таксама як і зьмяняецца бачнасьць зорнага неба. Прыклад гэтых "дыяганальных" накірункаў на такія скрайнія астранамічныя кропкі на пляне мясцовасьці для мегалітавага комплексу Стоўнхендж даецца на мал. 7. Зьвяртаю вашую увагу на тое, што кропкі ўсхода і захода Месяца знаходзяцца амаль сімэтрычна абапал кожнай зь адпаведных кропак усходаў і заходаў Сонца.




Мал. 6. Гадавы цыкль "паўдзённае лініі".  
 
Мал. 7. Гадавая дыяграма ўсходаў і заходаў Сонца і Месяца для Стоўнхэнджа.

Разам зь начным узорам "нерухомых" зорак і туманнасьцяў і шляхамі "рухомых зорак"-планетаў, гэты гадавы цыклічны малюнак паступова склаўся ў вобраз растучага, пульсуючага Міравога касьмічнага дрэва. Ня трэба забывацца, што раней наша цывілізацыя не прадукавала начнога сьвятла, таму малюнак начнога неба быў гранічна выразным і рабіў вельмі моцнае ўражаньне. Гэтая алегарычная выява сустракаецца сярод археалагічных знаходак зь самых раньніх часоў. Як правіла выяву такога дрэва вянчае арол, што сымбалізуе Сонца і ёсьць алегорыяй Бога. Часам дадаецца таксама і змей, як сымбаль процілеглае сілы. Ў нашае мове яе называюць "шата'н" (д'ябал), што амаль сугучна нямецкаму "ша'тэн"-цень.

Лінія, што дзеліць папалам сэктар усходаў і сэктар заходаў, ёсць геаграфічнаю паралельлю і супадае зь лініяю роўнадзенства Ўсход - Заход. Ясна, яна складае зь геаграфічным мерыдыянам просты вугал. Таксама можна атрымаць і іньшыя астранамічныя парамэтры, але тут гэта не істотна. Калі вы ведаеце геаграфічную шырату мясцовасці, вы можаце зрабіць пляцоўку вакол слупа адпаведна нахіленаю на гэты вугал у накірунку да Поўдня і атрымаеце неблагі сонечны гадзіньнік, а памянёныя чатыры кропкі будуць ляжаць дакладна на крузе (ў першым выпадку, гэта будзе эліпс). Гэтая ж схема ёсць грунтам абрыса на Пярсцёнку і складае сэнс графікі Знаку Чарадзея.

Апісаныя  схема і ідэя закладзены ў многія архітэктурныя рашэньні пабудоваў розных часоў і народаў. Яны ўвасобленыя таксама ў паданьнях, казачных алегорыях і мітах. Адным зь самых першых такіх увасабленьняў "Міравога дрэва" ёсьць старажытнакопцкі "дэд".– вялікі драўляны слуп зь разьвілкаю на вяршыні, што паўтарала малюнак аднаго зь рукавоў “Млечнага Шляху”. Дэд быў цэнтральным атрыбутам сьвята ў старажытным Эгіпце. Сам слуп і быў сымбалем гэтае “зорнае дарогі” і “Міравога дрэва” адначасова. Свята адбывалася напрыканцы лета. Чатыры падпоркі “Дэда” былі арыентаваныя па бакох сьвету, а чатыры вяроўкі, зь дапамогаю якіх ставіўся і трымаўся “Дэд” былі закручаныя на сваіх канцох у спіралі, што ляжалі на зямлі. Яны сымбалізавалі рух нябесных свяцілаў і былі арыентаваныя на ўзыходы і заходы Сонца, як і дыяганалі “Чарадзеева Знака”. Зрэшты, такія сьвяты зь падобнаю атрыбутыкаю маюць многія народы па ўсяе Зямное Кулі - ад індзейцаў Цэнтральнае і Паўднёвае амэрыкі, да славянаў. Ды й ці не паходзіць нашае слова “дзед” ад назову таго сьвята? Ў сэньсе абагульненае “крыніцы паходжаньня”. Хоць бы ў той яе частцы, што  і "шатан", бо ў некаторых рэгіёнах нашае краіны "дзед" - ёсьць эўфемізьм нячысьціка.
Як мы ўжо пераканаліся вышэй, сярэдні “зуб”, лінія Знаку Чарадзея пабудаваная як накірунак Поўдзень – Поўнач. Празь гэта і сам пярсцёнак з такою выяваю мог быць карысным. Для чалавека, які знаходзіцца ў дарозе ў сярэдніх шыротах ён можа дапамагчы арыентавацца на мясцовасці, што ня мае асаблівых прыкмет, ці ёсць цалкам незнаёмаю. Калі апоўдні скіраваць цэнтральны зуб у бок Сонца, то дыяганалі выявы пакажуць зь дастатковаю для практыкі дакладнасьццю накірункі на кропкі ўсходаў і заходаў Сонца адразу летніх і зімніх. І наадварот, скіраваўшы патрэбную дыяганаль на ўсход ці заход Сонца, ўладальнік пярсцёнка аўтаматычна атрымлівае ўсе астатнія накірункі (мяркуецца, што ён ведае і улічвае патрэбныя папраўкі на кожны каляндарны сезон і час дня – гэта справа практыкі). Трохі больш складана, але цалкам мажліва, карыстацца такім пярсцёнкам для арыентаваньня ноччу па месяцы. У сьвятле месяца і зораў выява на срэбным “люстры” пярсцёнка павінна была быць добра бачнаю. Складанасці ёсць толькі ў даволі спецыфічнае сістэме паправак і наяўнасці месяца на небе. Зрэшты, такое арыентаваньне ня ёсць больш цяжкім ад дзёнага арыентаваньня зь дапамогаю звычайнага механічнага гадзіньніка (па стрэлках і Сонцу– яго апісаньне можна знайсці ў літаратуры).
 
Паўстае пытаньне, а на якую халеру такія складанасці ў лесе ці на рацэ, дзе арыенціраў вельмі многа? Так, там ня трэба, калі нетаропка ідзеш пехатою. Але хутка скачучы на кані, ў абставінах, калі на рашэньне ёсць толькі імгненьні - такі пярсцёнак стане добраю дапамогаю. Днём жа, на “нармальным” маршы, бадай па ўсяе тэрыторыі сучаснае Беларусі такі дапаможнік можа не спатрэбіцца - толькі ўначы. Ў стэпе ж, дзе акрамя Сонца, зораў ды Месяца воку няма за што зачаціцца, ён будзе вельмі карысны вершніку ў дарозе. 
 
І яшчэ адно мяркаваньне. Ў тых жа вайсковых паходах вельмі вялікую ролю меў рэлігійны рытуал. Бязь малітвы і зьвяртаньня да Бога цяжка ўявіць сабе нашых продкаў. Хутчэй за ўсё Ўсяслаў Брачыслававіч быў хрысціянінам, ды й хрысціянства зьявілася на нашых землях вельмі рана, толькі ня было яно “пануючаю рэлігіяй”. Але і для хрысціяніна таксама не ўсё роўна, ў які бок павернуты храм і як арыентаваная па бакох сьвету рытуальная дзея. Для гэтае мэты маглі выкарыстоўвацца вопыт і традыцыі яшчэ паганьскага часу. Графічны альгарытм зь пярсцёнка цалкам мог быць выкарыстаны дзеля пабудовы так бы мовіць “правільнае” храмавае пляцоўкі каб разгарнуць “паходную царкву”. Згодна зь ім, два чалавекі з дапамогаю звычайнае вяроўкі даўжынёю ў пару дзесяткаў мэтраў і дзідаў ці простых калоў, што лёгка выкарыстаць як геадэзічныя вешкі, за паўгадзіны маглі падрыхтаваць “кананічную” пляцоўку, неабходную для “князева маленьня.” 

Уявім сабе, як гэта магло адбывацца, а “за адным скрыпам” і пабудуем “Знак Чарадзея” на мясцовасьці (пазначэньні кропак -як на мал. 2).

Хада дзеяў магла быць наступнаю:

1. Выбар пляцоўкі;

2. Вылучэньне накірункаў сьвету (напрыклад, па паўдзёнае цені - найкаротшае, альбо зь дапамогаю ... гэтага ж княжага Пярсьцёнка!);

3. Правядзеньне на мясцовасьці галоўнае восі ўсяго абрыса празь сярэдзіну будучае “рытуальнае  пляцоўкі". (Лінія 1–5 );

4. Вызначэньне цэнтру будучае пляцоўкі (Кропка 0);

5. Зь дапамогаю вяроўкі, калом пазначаецца на зямлі кола патрэбнага радыюса.

6. Тым жа спосабам, як цыркулем, "засечкамі”, будуецца напрамак, перпендыкулярны восі (Лінія 0–9);

7. Бярэцца палова радыюса (вяроўка складваецца ўдвая і гэтая даўжыня адкладываецца на перпендыкуляры 0-9, кропка 7);

8. Празь кропку перасячэньня галоўнае восі і кола (1), а таксама кропку “паловы радыюсу” (7) праводзім простую лінію да перасячэньня зь колам. Такім чынам на коле знаходзім мейсца кропкі (4), патрэбнае  для пабудовы ўсяе фіруры;  

9. Астатнія кропкі атрымаем празь сімэтрыю. Зь дапамогаю ўсё той жа вяроўкі зь кропкак перасячэньня восей і кола, робім астатнія тры “засечкі” на коле. Злучаючы гэтыя кропкі, будуем “Знак Чарадзея”, у прасторы якога і адбывалася рытуальная дзея. 
Магчыма як раз зь гэтага рытуальнага працэсу пабудовы магічнага круга і паходзіць этымалагічная сувязь словаў “кол” і “кола” зь чаго  атрымліваем увесь веер сэнсаў: “вакол”, “навакольле” і г.д..
 
Як паказаў вопыт параўнанья гэтага альгарытму пастраеньня зь даступнымі мне плянамі мегалітычных помнікаў, ўсе пералічаныя кропкі і лініі як правіла маюць мейсца і, больш за тое, выглядае, што ім надавалася пэўнае асаблівае значэньне, відавочна нейкі "містычны" сэнс. 

Як прыклад, на Мал. 8 выява "Канона Чарадзея" ёсьць накладзенаю на плян Стоўнхэнджа, зыходзячы зь яго вонкавага кола малых камянёў. Аналягічную пабудову можна зрабіць і для ўнутраых кругавых каменых шэрагаў. Наагул, "матрыца " зь Пярсьцёнка, на маю думку (і я прапаную гэтаю методыкаю скарыстацца) можа дапамагчы ў дасьледваньні кожнага (а ня толькі круглага ў плане) мегалітычнага помніка. Для гэтага дастаткова дакладна вызначыцца зь цэнтрам ўсяе кампазіцыі комплекса і яго памерам, каб дакладна вылічыць наш "прапарцыйны радыюс", які можа быць цалкам віртуальным, калі помнік ня мае выразнае кругавое канфігурацыі. Чым дакладней ён вылічаны - тым лепей. Далей робіцца элементарнае арыентаваньня па астранамічным бакам сьвету, правяраюцца адпаведнасьці "кананічным" кропкам і накірункам Знака на мясцовасьці і вывучаецца структура помніка ў параўнаньні зь гэтым Канонам. Зразумела, гэта зусім не азначае, што любы мегалітычны помнік мусіць прыналежыць да такое традыціі.

Мал. 8.  Канон Чарадзея, пабудаваны на пляне Стоўнхэнджа
 
І трохі "натурфілязофскіх" разважаньняў зь нагоды структуры "Знаку Чарадзея" (Мал. 2 і 3.): Базаю Знаку ёсць лінія (2 - 4), што злучае скрайнія кропкі ўсходу і заходу Сонца улетку. Яна ёсць паралельнаю восі сонечных роўнадзенстваў, лініі Ўсход – Заход, і атаесамляецца зь “шляхам Сонца па небе”. Пры пабудове Знаку, мы таксама атрымалі трохкутнік (2-1-4), упісаны ў круг і “прыхаваны” за самім малюнкам. У той жа час, абрыс малюнка дае і квадрат (2-4-6-8), у які ўпісаны той самы трохкутнік. Вакол трохкутніка і квадрата ёсць апісанымі акружнасці. Як вынік, мы атрымалі графічнае ўвасабленьне ідэі разьвіцьця складанасці пабудовы Сусьвету: ад лініі, празь трохкутнік і квадрат (ідэя памнажэньня колькасці вуглоў ва ўпісанае ў круг фігуры) – да кругу.  Самая ж лінія (2-4), база Знаку, бы абмяжоўвае ўплыў Сонца. Яна можа трактавацца лініяю “Краю Сьвету ў паўночным накірунку і ёсць падмуркам усяе пабудовы (Мал. 2 і 3). Кропкі ж 2 і 4 ёсць агульнымі для ўсіх пяці геаметрычных фігураў і аб’ядноўваюць, замыкаючы на сябе такім чынам, дзённы і гадавы сонечныя цыклы. Гэта робіць прастору ўспрыманьня Часу непарыўнаю і зьвязвае яе зь прастораю геаграфічнаю ў адно цэлае. Зь натурфілязофскага пункту гледжаньня, увесь Абрыс ўвасабляе ідэю Сонца, як падмурку разьвіцьця, першакрыніцы ўсяго існага. А сам Знак сымбалічна бы акрэсьлівае межы нашага, чалавечага ўспрыняцьця Сусьвету - прастору нашага Жыцьця. 

Але, калі зрабіць дакладныя прамеры вуглоў накірункаў сонечных усходаў і заходаў, а звычайна гэтыя вуглы адлічваюць ад напрамку на геаграфічную Поўнач  і па ходу часавое стрэлкі (такія вуглы называюць "азімутамі"), то ідэальны малюнак, пабудаваны намі разбураецца. Справа ў тым, што накірункі на процілеглыя кропкі, што ляжаць на дыяганалях дыяграмы рэальных усходаў і заходаў Сонца (напрыклад на мал. 7.) не знаходзяцца на адной лініі. Г. зн. накірунак на кропку летнега сонцастаяньня ад цэнтральнага слупа не супадае зь накірункам на заход сонца пад час зімняга. Гэтак сама і для сімэтрычнае "дыяганалі". Розьніца складае некалькі градусаў і залежыць ад шыраты мясцовасьці.

Самым простым выйсьцем было б зваліць усё на недасьведчанасьць і невуцтва продкаў. Кшталту, "тупым трагладзітам" нестыкоўка ў пяць градусаў была ня розьніцаю. Таму ўзялі - праігнаравалі "нескладуху" і пабудавалі прыгожую карцінку, што перадае толькі агульны прынцып і служыць забаўкаю ў вольны час.  Але нашыя продкі не саступалі ў сваім разумовым  і псіхічным разьвіцьці нам. У іх проста не было тады кампутараў, тэлевізараў, пораху і многа яшчэ чаго. Але мазгі, і вельмі добрыя, не атручаныя сінтэтычнымі хімічнымі рэчывамі - былі. Таму лічу больш адпавядаючым рэчаіснасьці іньшую мажлівасьць, што недзе і некалі такое ідэальнае супадзеньне мела мейсца. І яго, тое мейсца, тэарытычна можна знайсьці, зыходзячы зь велічыні вуглоў дыяганаляў. Таму, па суадносінах элементаў Знаку Чарадзея вельмі проста знаходзім велічыні тэарэтычных сонечных азімутаў ўсходаў і заходаў Сонца, адпаведна дыяганалям абрыса Знака: 53° 07,8’, 126° 52,2’, 233° 07,8’, 306° 52,2’. Геамэтрычна гэтыя "ідэальныя азімуты" ёсьць т.зв. “падобнымі” вугламі. Па мяркуемых азімутах усходу і заходу Сонца – вуглам дыяганаляў на Пярсцёнку, можна вызначыць шырату мясцовасці, якая мусіць адпавядаць гэтым парамэтрам.
 
Для удакладненьня лякалізацыі гэтае гіпатэтычнае мясцовасьці я скарыстаўся дыяграмай Ш.М. Шарыпава для азімутаў кропак ўсхода і захода Сонца і Месяца (пералічыўшы іх у дзесяцічныя долі градуса) ў залежнасьці ад шыраты мясцовасьці: 53,13°,  126,87°,  233,13°,  306,87°. Гэта адпавядае 27,0° і 33,1°Пн.Ш.. Мы атрымалі дзьве лічбы для адной геаграфічнае кропкі. Закавыка ў тым, што гэты набор азімутаў не кладзецца дакладна на сучасную намаграму ўзыходаў і заходаў Сонца і Месяца. Але калі каардынатную сетку гэтае намаграмы павярнуць на пэўны вугал, то атрымаем дакладнае супадзеньне. У сваю чаргу, гэта азначае, што ў час стварэньня, ці “адкрыцьця” Канона, вось Зямное Кулі была нахіленая ад сучаснага стану на велічыню прыкладна 6 - 8 градусаў. Такім чынам, улічваючы характар "векавога" зьмяненьня сонечных азімутаў ад прэцэсіі, пункт, які мы шукаем, знаходзіцца зарас недзе паміж  29°30' і 29°50' Пн.Ш.. Тэарытычна, гэта можа быць любое мейсца на зямное кулі ад Магрыба да Лхасы і надалей, можна шукаць яго на мексікана-амерыканскае прасторы. Але найбольш верагодным лічу тэрыторыю Эгіпту. Тым больш, што верхняя мяжа гэтага "калідора" прыпадае як раз на знакамітую Саккару (29°50'Пн.Ш.; 31°14'У.Д.) і Мемфіс (29°50' Пн.Ш.; 31°15'У.Д.). Раён Саккары вядомы прынамсі тым, што менавіта тут і зьявіліся першыя "сапраўдныя" піраміды, г.зн. зь прапорцыямі, адпавядаючымі пірамідам на плято Гіца. Найбольш славутаю зь пірамідаў Гіцы ў Каіры ёсьць піраміда фараона Хю-Фу (Хеопса), што знаходзіцца на пару дзесяткаў кілямэтраў на поўнач ад Саккары.

Да того ж у старажытных коптцкіх тэкстах сустракаюцца шматлікія указаньні на "Мейсцы першага часу" - Зеп Тэпі. Гэта быў час і мейсца, калі ў аб'яднаным тады Эгіпце кіраваў бог Азірыс. Потым гэтае царства было разарванае на кавалкі Сетам, а пазьней адноўленае Горам. Такім чынам, аб'яднаная краіна старажытных коптаў існавала, па паданьнях, яшчэ да праўленьня фараона Менеса (пасьля каранацыі - Нармер, больш вядомы ў сучаснае "поп-культуры" як "Цар- Скарпіён").  

Калі нашая гіпотэза аб рэальным існаваньні некалі такога гістарычнага "пункту адліку" слушная, тады мясцовасць, дзе зарас ёсць Мемфіс, магла быць на адной шыраце зь Азорскімі выспамі - горнымі вяршынямі магчыма патануўшае некалі Атланціды. А самую яркую зорку – Сірыюс, людзі назіралі амаль у плоскасці экліптыкі. Гэта значыць, што як і Сонца, ён тады бываў у зеніце. Сам жа наш азімутальны вугал 53,13° "ідэальнае часапрасторы" ёсць так званым “егіпецкім” вуглом: менавіта пад вугламі ад 50,4°да 53,2° адносна падэшвы была нахіленая абліцоўка ўсіх дзесяці асноўных "сапраўдных" пірамідаў Старога Царства. 

І выглядае, старажытныя копты ўсё ж ведалі мерны Канон, што выбіты на пярсьцёнку Ўсяслава Брачыслававіча. Магчыма нават ён быў адной зь асноваў іх прапарцыйнага строю. На Мал. 9 (згодна часопісу „Magazin 2000” Spez. 17/193) паказаны паралелепіпед асноўных прапарцыйных суадносін памераў камеры Саркафагу фараона ў пірамідзе Хю-Фу. Як бачна, гэты прапарцыйны строй утварае паралелепіпед зь дыяганальлю, роўнаю 5 адзінкам. Як і ў выпадку са Знакам Чарадзея, гэта ўмоўная адзінка, што дазваляе паказаць прапарцыйны строй ў найпрасьцейшае форме. Тут - "адзінка" ёсьць роўнаю пяці "лакцям " і, адпаведна, ўся дыяганаль - 25 "лакцей". 

Падобным ёсьць і прапарцыйны строй. Суадносіны злементаў гэтае фігуры вымяраюцца цэлымі лічбамі 2, 3, 4, 5..., дакладна як і ў Знаку Чарадзея.

Дыяганаль камеры адпавядае велічыні асноўнае радыюса ўпісанага круга Канона Чарадзея, што роўны 5k. Умоўна кажучы, гэты паралелепіпед выглядае "выразаным" зь шара таго ж радыюса. Я лічу такое супадзеньне не выпадковым. Калі Канон Чарадзея ёсьць насамрэч " Сонечнаю Мандалаю Першага Часу", то мы можам лічыць дыяганаль гэтае камеры за пэўны "стандартны радыюс". Ці не першым гэтую камеру абмераў яшчэ Ньютан і зь прамераў вылічыў даўжыню мернае адзінкі - "царскага локця". Потым тую лічбу трохі падкарэктавалі і зарас ён лічыцца роўны 0,524 мэтра. Зь гэтага вынікае, што "кананічны радыюс" Канона Чарадзея мае даўжыню каля 13,1 м, тады адпаведны "мегалітычны" дыяметар - 26,2 м. (Для параўнаньня:  дыяметар арэны ўсіх сучасных цыркаў ёсьць у два разы меньшы - дакладна 13,0 мэтраў. Ці выпадкова такое супадзеньне?).

І толькі на фігурцы часоў Першае дынастыі фараонаў у Эгіпце я бачыў расфарбоўку, што перадае татуіроўку "у шахматнаю клетку", як шыльда таксі. Г.зн. такая геамэтрычная разьбіўка для коптаў была за звычай і насіла рытуальны характэр.

Мал. 9. Прапарцыйны строй камеры
            Фараона ў пірамідзе Хеопса

Яшчэ ў 19-м веку французскі дасьледчык Вальні падлічыў, што сучасны "Задыяк", якім збольшага карыстаюцца зарас толькі астролагі, як цэльная астранамічная сістэма зьявіўся недзе каля 15194 года да н.э. на тэрыторыі сучаснае Эфіопіі. Мяркую, “Канон Чарадзея" мусіў існаваць яшчэ да ўзьнікненьня "Задыякальнага кола". Зь тае простае нагоды, што па-сутнасьці ён ўяўляе сабой сістэму каардынатаў у якіх цыклічна і рухаецца цягам году Сонца, праекцыя ж яго на нябесную сфэру вызначае "Задыякальнае кола" сузор'яў. 

На бяду, існуюць катастрофы і я упэўнены, што адна зь іх дакладна адбылася ўжо пасьля ўзьнікненьня "Канона Чарадзея" і яго шырокага распаўсюду. І справа ня толькі ў паданьнях аб многіх лякальных і "міравых" патопах. Навукоўцы параўналі старажытныя эгіпецкі, асірыйскі, індыйскі і майянскі календары. Іх пачатковыя даты практычна супалі дзьвума групамі і гэта дае падставу для гіпотэзы, што ў 11652 годзе да н.э. адбылася катастрофа, наступствы якой доўжыліся да 11542 г да н.э. Выглядае што яна цягнулася 110 год, а накірунак зямное восі мог быць зьменены на некалькі градусаў, як і тэмп абарачэньня Зямлі вакол яе. Наўпростая экстрапаляцыя па прэцэсіі зямное восі ў гэтым выпадку губляе сэнс. Таму дакладна немагчыма высьветліць, калі Знак Чарадзея адпавядаў астранамічнае рэчаіснасці. Прынамсі, маіх астранамічных ведаў для такое рэканструкцыі не хапае. Застаецца толькі лавіць сьляды гэтага графічнага Канона ў гістарычнае канве нашае і зьніклых ужо цывілізацый.

Што да выявы ўласна"трызуба", як такое - гэта адзін зь самых старажытных знакаў. Ён сустракаецца на каменьнях, у арнаментах і ў пісьмовых крыніцах амаль ва ўсе часы і па ўсяму сьвету. Пэўныя сэнсавыя сувязі ён мае зь “першародным акіянам” – Хаасам. Ён ёсць “Шула” - атрыбут індуісцкага Шывы, які выпіў яд першаснага акіяну, пасьля чаго стала магчымым існаваньне Сьвету, а богі атрымалі бязьсмяротнасць. Ад гэтага подзьвігу яго горла стала сінім і таму адно зь яго імёнаў гучыць як Ніланатха – “Сінягорлы”. І канешне ж ўсе знаюць трызуб як атрыбут Няптуна – Пасейдона. Але ня ўсе ведаюць, што Пасейдон ёсць легендарным першапродкам жыхароў Атлантыды і трызуб – ёсць таксама сымболем гэтае загінулае краіны. 

Цалкам верагодна што гэтым Канонам маглі карыстацца стваральнікі пісьмовых знакаў і альпабэтаў. Напрыклад структура знакаў на кіпрскіх "Таблічках зь Энкомі" нагадвае геамэтрычную структуру Знака, якую мы разгледзелі вышэй, і яна можа быць крыніцаю такога пісьма:

 
 
 
 
 
 
 
 
 

 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Мал. 10. Выява абодвух бакоў нерасшыфраванае "Таблічкі зь Энкомі", Кіпр.(найбольшы са знойдзеных фрагмэнтаў).

Найбольш перспектыўнае ў сэньсе далейшых пошукаў сьлядоў Канона Чарадзея і рэканструкцыі гэтае сістэмы ведаў, мне падаецца стаўшая ўжо знакамітаю так званая "Шайба (дыск) зь Небры". Гэты дыск быў знойдзены чорнымі капальнікамі ў кладзе рытуальных прадметаў на нямецкае гары Мітлберг каля мястэчка Небра ў 1999 годзе. Пасьля цалкам дэтэктыўнае гістрыі, артэфакты нарэшце трапілі ў рукі дзяржаўных навукоўцаў, а на мейсцы знаходкі пабудаваны спецыяльны музэй-экспазіцыя, дзе ладзяцца розныя імпрэзы. Арыгінал жа дыску, ўзрост якога ёсьць 3600 год, перахоўваецца ў іншым музэю і зь не малым страхавым фондам.
 
Мал. 11. Сонечная абсерваторыя, Гозек
 
 
Мал. 12. Дыск Небры, агульны выгляд.

У 25 кіламетрах ад Небры, у Гозэку, яшчэ ў пачатку 90-х год была знойдзена сонечная неалітычная абсерваторыя. Яе ўзрост навукоўцы ацэньваюць у 7000 год.  Гэта круглы земляны насып дыяметрам 75 мэтраў, на якім было два кругі драўляных палісадаў вышынёй каля двух мэтраў зь трыма "варотамі" для назіраньняў. Пабудова лічыцца найстрэйшаю ў Эўропе зь пабудоваў такога кшталту. Як і многія іньшыя знакамітыя астра-архіялагічныя комплексы, нямецкія неалітычныя  абсерваторыі знаходзяцца паміж 51° і 52° Пн шыраты: Небра (Мітлберг) - 51°17', Брокен - 51°47', Сест - 51° 33'.
 Мал.13. На дыск зь Небры нанесены абрыс Канона Чарадзея, што дазволіла выявіць спецыфічную функцыю "Сонечнае баркі" як паказальніка велічыні шыротнага зруху ад гіпатэтычнага "Мейсца Першага Часу"

Дыск Небры прыцягнуў маю ўвагу ў першую чаргу ня столькі сваёю старажытнасьцьцю і незвычайнаю гісторыяю знаходкі і складу знаходкі, колькі фунцыянальным супадзеньнем зь Пярсьцёнкам Ўсяслава. На абодвух артэфактах графічна пазначаныя накірункі на астранамічныя кропкі гарызонта: на Пярсцёнку - дыяганалямі Трызуба і яго бакавымі "зубамі", а на Дыску - бакавымі накладкамі. Цэнтральны вугал гадавога перамяшчэньня кропак узыходаў і заходаў Сонца складае каля 82°, а ў выпадку Пярсьцёнка - 73,74°, што цалкам слушна, бо выкарыстоўваліся на розных шыротах назіраньня. Адпаведна, розьніца паміж накірункамі абодвух дыяганаляў складае каля 4,13°. Зусім нечакана для мяне, гэтая розьніца апынулася вядомаю, і больш таго -  замацаванаю аўтарамі "Дыска Небры" у яго структуры! Паўкола ўнізе выявы, а хада ідзе менавіта аб гэтым элеменьце, навукоўцы назвалі "Сонечнаю баркаю". Г. зн. алегарычнаю фігураю, караблём, на якім бог Сонца плыве па небе. Але  са зробленага мною сумяшчэньня абедзьвух выяваў на малюнку 13 выразна бачна, што правы ніжні бок ("карма") тае баркі знаходзіцца на ўзроўні гранічнае лініі Сонца, што адпавядае накладкам на Дыску і шыраце гары Мітлберг, у той час, як левы яе рог ("нос") паказвае дакладна на такую ж "гранічную лінію" (2-4, мал. 3.) Знака Чарадзея! Значыцца, стваральнікі Дыска не толькі вялі астранамічныя назіраньні, яны павіны былі ведаць аб тым, што Зямля ёсьць шар. Таксама як ведалі аб існаваньні таго "Мейсца першага часу", дзе быў створаны Канон, выбіты на пярсьцёнку нашага Князя. Адтуль гэтая "культура Небра" і яе традыцыя хутчэй за ўсё і паходзіла, бо адлічвала (замацавала) дыстанцыю паміж гэтымі пунктамі ў "сонечных градусах", на што паказвае пазіцыя "рагоў" Сонечнае баркі! Складнікі ж скарбу рытуальных рэчаў, што былі знойдзеныя разам зь"Дыскам" на маю думку маюць многа агульнага зь сярэднеземнаморскімі культурамі. Хаця, прынамсі, такі тып мечаў шырока рапаўсюджаны і ў іншых знаходках амаль па ўсяе Эўропе.  Гэта можа сьведчыць аб існаваньні культурнае еднасьці гэтае прасторы і, мажліва, існаваньня невядомае нам дзяржавы - вытока  такой культурнае традыцыі. Гэтая дзяржава (а племя, ці нават саюз плямёнаў такімі рэсурсамі не маглі б валодаць) мела грунт (сёньня ўжо невядомы) для пабудовы шматлікіх неалітычных помнікаў, што пагатоў уражваюць як сваімі канструктыўнымі асаблівасьцямі, так і тэхнічным выкананьнем. Яны пакінулі па сабе шматлікія цыклапічныя збудаваньні, раскіданыя амаль па ўсім сьвеце. Яны ўмелі будаваць зь неверагоднаю дакладнасьцьцю і, што вельмі істотна, ўзводзілі гэтыя пабудовы ў вызначаных кропках Зямное Кулі. Некаторыя комплексы , паміж якімі адлегласьць складае сотні і тысячы кіламетраў, ляжаць на простых лініях, а адлегласьці паміж імі прапарцыйныя параметрам нашае планеты.  Звычайна яны арыентаваныя на астранамічныя напрамкі, зьвязаныя зь Сонцам і Месяцам, Пляядамі і іньшымі астранамічнымі аб'ектамі. Бязь уяўленьня аб сфэрычнасьці Зямлі і веданьня яе памераў гэта немагчыма было б зрабіць. 

Але існуе на Зямное Кулі аб'ект - "геагліф" які дакладна паўтарае "Ўсяславаў Канон" і яго прапарцыйны строй! Хада ідзе аб так званае "Зорцы, ці крыжу Пальпы". Тут мы пераносімся на іньшы кантынент і ў вельмі спецыфічнае мейсца, таму я мушу папярэдне сказаць некалькі словаў аб гэтым рэгіёне.  

Глянуўшы на геафізічную мапу Паўднёвае Амэрыкі, можна адразу знайсьці гэтую геаграфічную кропку. Дакладней, гэта нізіна перад сьцяной высокіх і даволі крутых гораў. Ад гэтае мясцовасьці, ці не на тысячу кілямэтраў, у Пацыфіку доўжыцца глыбінны шырачэзны, больш за дзьвесьце кілямэтраў шырыні, акіянічны хрыбет і як указальнік упіраецца ў гэтым мейсцы ў кантынент. Менавіта ён перад самім мацерыком сваім падножжам разьдзяляе на акіянскім дне Перуанскі і Чылійскі жолабы, па якіх да Экватару ідзе моцнае халоднае антаркцічнае цячэньне. На паўночным краю прымыканьня гэтага хрыбта да мацерыка знаходзіцца бухта Піска зь выяваю Трызуба -"Кандэлябра Паракаса". А як раз на восі гэтае вялічэзнае падводнае горнае сістэмы, знаходзіцца знакаміьтая пустэльня Нацка зь выявамі, што датуюцца 300 – 900 гадамі нашае эры. Ўсяго там налічылі 13000 ліній, 100 сьпіраляў і 778 фігураў. Памеры некаторых зь іх сягаюць велічыні соцен мэтраў. 

Ня трэба быць геолагам ці геафізікам, каб зразумець, што ў месьце прымыканьня вялікага горнага хрыбта  могуць быць магутныя праявы натурных фактараў у экстрэмальных формах. Пад час тэктанічнае актыўнасьці тут мусяць утварацца вялікія напружаньні і адпаведна генеруецца п'езаэлектрычнасьць, вялікія і інтэнсіўныя патокі пераноса энэргіі і рэчыва, інтэнсіўныя электра-магнітныя выпраменьваньні. Ўсё гэта мае вялікі ўплыў на сьвядомасьць чалавека, яго псіхічны стан і г.д. Зразумела, што ўсё гэта ў сукупнасьці зь іньшымі фактарамі не магло застацца па-за ўвагаю тубыльцаў і спрыяла зьяўленьню тут шэрагу "храмавых комплексаў" пад адкрытым небам і утварэньню мейсца сталага паломніцтва. 

Сам "Cruz de Palpa" ("Estrella de San Javier", "Estrella von Palpa") зьмяшчаецца на адхоне горнага масіву па дарозе ад бухты Піска, пазначанае звонку трызубам- "Кандэлябрам Паракаса", да тае даліны Нацка зь фігурамі. 

 
Мал. 14. "Cruz de Palpa" ("Estrella de San Javier", "Estrella von Palpa") і сумяшчэньне                   цэнтральнае частк гэтагаі геагліфа зь Усяславаым Канонам.

Як бачна на фатаграфіі, структура цэнтральнае часткі гэтага геагліфа цалкам адпавядае нашаму прапарцыйнаму строю. На схіле гары выбітыя лункі, што ствараюць тую самую "шахматную дошку" Канона Ўсяслава 8х8 клетак. Таксама прысутнічае ўпісаны круг. Гэтыя выявы сякуцца яшчэ адным квадратам, што ў выніку цалкам адпавядае графіцы Чарадзеева Знака. Поўнасьцьцю выява "Зоркі Пальпы" складаецца зь соцен ямак і тысяч бароздаў, высячаных на скалістым адхоне цягам вельмі доўгага часу. Ясна, што гэта нейкае рытуальнае мейсца, каля якога магчыма перыядычна зьбіралася значная колькасьць людзей для нейкіх шаманічных рытуалаў. Бачна, што кампазіцыя некалькі разоў перараблялася і карэктавалася. Можна меркаваць, што мы маем справу зь увасабленьнем нейкае сістэмы натурфілязофскіх уяўленьняў, зьвязаных зь пэўнымі геаметрычнымі заканамернасьцямі і пошукам іх сувязі зь астранамічнымі зьявамі. Пэўны аналяг "Бабілонскае вежы" - пошук дарогі ў неба, ў сьвет багоў.

Накладаньне Знака пацьвярджае уражаньне, што  фігура павіна была быць арыентаванаю па астранамічных баках сьвету Велічыня адхіленьня ад астранамічных напрамкаў можа даць уяўленьне аб часе пабудавы фігуры-

Тут бы і кропку паставіць, а не выпадае. Гадоў патнаццаць таму я паставіў тут шматкропье. Замінаў спадар фон Дэнікен, дакладней яго ўжо старадаўні фільм, “Успаміны пра будучыню”. У ім ўпершыню, яшчэ у семідзесятых гадох,  ўбачыў я Кандэлябр Паракаса (куды ж нам тут бязь яго?!) – вялічэзную выяву даўжынёю "амаль дзьве сотні мэтраў". Як тады казалі, гэтая фігура высячаная на прыбярэжных скалах у Перу. Карцела праверыць “Канон Усяслава” на гэтым цыкляпічным малюнку, бо абрысам ён вельмі падобны. Пры ўсяе папулярнасьці "Кандэлябра Паракаса", атрымаць дакладныя зьвестакі аб яго памерах ці франтальныя фотаграфіі немагчыма, а намаляваныя схемы і пляны не вытрымліваюць аніякае крытыкі. Можна прачытаць, што яго велічыня "каля" 140 м. ці 150 м пры шырыні 50 м і г.д. Таксама ўсе даведнікі пішуць, што скіраваны ён да пустэльні Нацка, што таксама не адпавядае рэчаіснасьці. Атрымаць выявы, зь якімі можна было б папрацаваць, і больш – меньш грунтоўную інфармацыю ўдалося ня так даўно. На жаль яна  не вельмі  дакладная, бо розныя крыніцы даюць розныя,  часам  вельмі розныя дадзеныя.

Ды й гэты “Перуанскі трызуб” (крыж, “Кандэлябр Паракаса”, “падсвечнік”, “міравое дрэва”, кактус і нават “Сузор’е паўднёвага крыжа”) ёсць выкапаным ў пясчана-друзавым груньце, а не выбітым у цьвёрдых скалах. Але камусці прышлося крэпка папацець, будуючы яго: шырыня катлявану 4 метры пры 2-х мэтрах глыбіні. Прыхільнікі сувязі Кандэлябра зь малюнкамі пустэльні Наска даюць гэтыя памеры як 3,8 х 1,9 м., робячы іх кратнымі велічыні “локця Наска” – 0,38 м. Агульная ж даўжыня катляванаў – ня меней за паўкіляметра
 
Калі уважліва разглядаць розныя здымкі Кандэлябра, зробленыя пры пэўных вуглах сонечных променяў, можна заўважыць не толькі вертыкальныя лініі па абодвыя бакі гэтае фігуры, але таксама мажлівыя сляды іньшых фігураў. Гэта можа сьведчыць пра тое, што гэны схіл быў упрыгожаны яшчэ большаю колькасьцью малюнкаў, альбо грунтоўна перакопаны скарбашукальнікамі. А таксама магчыма гэта доказ таго, што сам "Кандэлябр" рэгулярна ўзнаўлялі. Прынамсі больш доўгі час, чымся астатнія выявы, што мажліва былі побач. 

Паверхня, на якой ёсць выкапанаю  выява, нахіленая пад вуглом каля 45 градусаў, да таго ж трохі вагнутая ў сярэдзіне. Суадносіны элементаў цэнтральнае часткі “Кандэлябра Андаў” вельмі нагадваюць Канон Ўсяслава. Яго паходжаньне даволі цьмянае, прынамсі невядома нават ці былі аўтарамі гэтае выявы мясцовыя жыхары, альбо знак пакінуты нейкім іньшым людам, што прыйшоў сюды морам

Мал. 15. Фатаграфія "Кандэлябра Паракаса", прыведзеная да яго          рэальных прапорцый.

 
Мал. 16. План бухты Піска і арыентацыя "Кандэлябра Паракаса" на      мясцовасьці, згодна  "Зямлі Гугловае"

Мал. 17. Гіпатэтычныя геаграфічныя адпаведнасьці берагавое лініі   элементам Кандэлябра Паракасу.

Заставаўся толькі адзін шлях: выбраць больш-меньш франтальную фатаграфію і давесьці яе да прапорцый, што можна пабачыць у Кандэлябра Паракаса зь дапамогаю "Зямлі" ў Гугле. Адтуль жа ўзятае мейсца знаходжаньня гэтае пэруанскае выявы і дакладны накірунак, куды "паказвае" гэты трызуб. Вынік гэтае мае працы можна пабачыць на малюнках 15, 16 і 17. 

Але па парадку. Па-першае, для дасканалага аналізу  патрэбны дакладны плян "Кандэлябра", а яго няма. Папярэднюю "стандартную" прамалёўку можна пабачыць на мал. 15. Прынцып "Канона" працуе і тут, толькі на гэтых, прыэкватарыяльных, шыротах дыяганалі ўсходаў і заходаў перасякаюцца амаль пад простым вуглом.  Але наш "гарманічны модуль" прысутнічае таксама і ў структуры "Кандэлябра": кампазіцыыя кладзецца ў сістэму ліній і акружнасьцяў "Знака Чарадзея". Пасьля аналізу мейсца знаходжаньня "Кандэлябра Паракаса" і яго суадносін зь элементамі "Канона Ўсяслава", ў мяне нарадзілася ідэя, што гэты Кандэлябр ёсьць па-першае, і галоўнае, знакам пачатку сухапутнага шляху да рытуальнага комплклексу ў даліне Нацка і на прылеглых тэрыторыях. Таму, што гэты знак  (Мал. 16.) павёрнуты такім чынам, што яго добра відаць, калі плывеш уздоўж узьбярэжжа на Поўдзень. Тады, павярнуўшы налева, падарожнік трапіць ва ўваход у бухту Піска  Сама яна паказаная на "Кандэлябры Паракаса замкнёнаю вобласьцьцю на левым зубе. Калі рухацца далей, то зь замкнёнае бухты шлях толькі па сушы да рытуальных пляцовак даліны Нацка, што перададзена на гэтым гіганцкім "малюнку" малым трызубам -"кактусам", які вянчае левы зуб  (лічба 1 на мал. 17).

Што чакае падарожніка далей паказвае сярэдні зуб "Кандэлябра": кароткая "ветка" ўлева папярэджвае аб паварое пасьля мысу пры кабатажным плаваньні ўздоўж берага. Калі ж плыць наўпрост, то карабель трапіць на сучаснае ўзьбярэжа па абодвы бакі ад Санцьяго зь высокімі сьнежнымі горамі вышынёй амаль у сем тысячаў мэтраў. А бухты, што ёсьць у тых мясьцінах перададзены абрысам - узорамі на вяршыні цэнтральнага "зуба" Кандэлябра. (адпаведна - лічба 2)

Правы ж "зуб" паказвае на заканчэньне Паўднёваамэрыканскага кантыненту, а дакладней ёсьць абагульненае мапай Магеланавае пратокі і прылягаючых бухтаў (лічба 3).

Калі коратка сфармуляваць ідэю ў гіпотэзу то, на маю думку, знакаміты "Кандэлябр Паракаса" ёсьць падарожным указальнікам да комплексу рытуальных пляцовак, эзатэрычнаму цэнтру Нацка. Ён быў патрэбен на шляху паломнікаў-індзейцаў, што плылі на Поўдзень ці не з усяе Паўднёвае і Цэнтральнае Амерыкі ўздоўж берага, каб яны не мінулі таго важнага места. Таксама ён выконвае функцыі мапы, пабудаванае на прынцыпах вузялковага пісьма індзейцаў - "кіпу", у якой пасьлядоўна, па накірунках, паказаны  далейшы шлях і берагавая лінія кантынента і, што самае важнае, бясьпечная пратока. Бо і сучасным вадаплавам нават зарас цяжка бывае абагнуць тую аканечнасьць Паўднёваамерыканскага кантыненту - мыс Горн, такія там складаныя пагодныя ўмовы. 

Каб завершыць гэтую тэму, нагадаю існаваньне ў беларускае археалёгіі аднаго артэфакта. На костцы зь Маскавічаў выразна бачны двухмачтавы карабель (па абрысу -малая брыганціна?) і выява трызуба на гары.
Мал. 18. Выява на костыц зь Маскавічаў.
 
Хутчэй за ўсё кампазіцыя апісвае падзеі пад час гішпанскае канкісты, калі гэта насамрэч выява "Кандэлябра Паракаса". Тады гэта дакладна азначае адно: нехта зь нашых продкаў яшчэ ў часы ВКЛ бачыў іньшы кантынент і  вярнуўся зь таго далёкага містычнага цэнтру паўднёваамэрыканскіх індзейцаў, верагодна ў 16 веку.

Мажліва як раз паданьні аб дзівосах гэтага кантыненту і пра гэты знак на гары, што маглі застацца зь часоў канкісты, і падбілі Ігната Дамейку сабрацца ў падарожжа менавіта туды, на процілеглы край Зямное Кулі пад час яго змушанае эміграцыі. Там ён і стаў нацыянальным героем Чылі. 

І самая важная выснова зь гэтага "паўднёваамэрыканскага экскурса" - індзейскія сьвятары - шаманы таксама былі добра знаёмыя зь прапарцыйным строем, адлюстраваным на пярсьцёнку нашага Князя! Такім чынам, знак, што данёс да нас Усяслаў Брачыслававіч князь Полацкі, празваны Чарадзеем, ёсьць  інтэлектуальным здабыткам людзей мегалітычнае культуры - цывілізацыі, што сфармавалася ў Эўропе і Паўночнае Афрыцы. Валоданьне гэтае традыцыяй прэзентуе яго асобу як адукаванага Чалавека і насамрэч вялікага містыка свайго часу.

 

Мал. 19. Усяслаў Чарадзей, "Радзівілаўскі" летапіс.

Ня  гледзячы на зьнешнее падабенства да некаторых радавых гербаў вайсковага саслоўя, выява на пярсцёнку славутага Ўсяслава Брачыслававіча ня ёсць радавым гербам. Гэта выява робіць пярсьцёнак рэччу сакралізацыі і ініцыяцыі асобы Князя, яго спецыфічных сувязяў зь Рэчаіснасьцьцю празь самаатаесамленьне.  Хутчэй гэта знак прыналежнасці да пэўнае вельмі старажытнае традыцыі і гэта ёсць таксама безумоўна сымбалем Улады. Ўлады, якая даецца толькі ўласнымі намаганьнямі і комплексам Ведаў,  якія магчыма ён атрымаў ад сваіх настаўнікаў. Зрэшты, яго жыцьцё дае нагоду сцвярджаць, што Ўсяслаў быў таксама дасьведчаны ў навуцы кіраваньня грамадствам, што ў сярэднявеччы звалася “Каралеўская магія”. Відаць ён быў неблагім вучнем.