четверг, 5 июля 2012 г.

"Колеры Сусьвету, альбо як Русь Белай апынулася"


Язэп Паўловіч

Колеры Сусьвету.


(Гіпотэза этымалёгіі назоваў: Русь Белая, Чорная і Чырвоная празь канцэпцыю "непасрэднага ўспрыняцьця" Рэчаіснасьці).



Да сёньня перыядычна ўспыхваюць дыскуссіі аб паходжаньні назова нашае краіны. На жаль высьвятленьню сапраўдных крыніцаў яго паходжаньня замінае вельмі многа абставінаў.

Па-першае (і бадай галоўнае): гэтае пытаньне ёсьць вельмі  заідэілагізаваным і ўтрымлівае  ў сабе вялікае палітыкаўтворнае ядро.  У гэтым сэньсе праблему  паходжаньня  назову “Белая Русь” (Беларусь)  можна паставіць у адзін шэраг зь  пытаньнем аб адзінае праславянскае мове,  “пранародзе ў прарадзіме” і сутнасьці “славянскага адзінства”; адпаведна: чаму і зь якое нагоды мы пачалі называцца – “беларусы”...   – ўсё гэта шырока і стала выкарыстоўваецца  сучаснымі палітыкамі.

Па-другое: ў гісторыкаў існуюць  сталыя, напрацаваныя дзесяцігодзямі, падыходы да методыкі дасьледваньняў, склаліся пэўныя малюнкі гістарычнага разьвіцьця і суадносінаў падзеяў. Таму дасьледчыкі могуць цалкам ігнараваць чыньнікі, якія не ўкладаюцца ў іх бачаньне гістарычных фактаў, ім “не падабаюцца”. Альбо (ці) супярэчаць сучаснаму стану грамадства (і, адпаведна, іх самасьвядомасьці).  Зрэшты ёсьць зразумелым і жаданьне “згладзіць вуглы” каб не нажыць непрыемнасьцяў. Напрыклад, у кнізе “Храналёгія гісторыі Беларусі”  (сэрыя “Энцыкляпедычная бібліятэчка “Беларусь”), выдадзенае яшчэ за савецкім часам,  ёсьць толькі кароткі запіс: “... 14 ст. – Упершыню ўжыты тэрмін “Белая Русь” у дачыненьні да заходнерускіх зямель. ...”.  Трактуй як хочаш.
На мой погляд, лягічна пытаньне паставіць трохі інакш: а чаму наша “Русь” – белая?  Гэта дазваляе пакінуць шэраг праблемаў па-за ўвагаю і засяродзіцца  на пошуку крыніцаў паходжаньня прыметніка “белы”, не зважаючы на  этымалёгію назова “Русь”, як такое.
Калі паглядзець на старыя мапы, напрыклад нямецкую мапу “Польша пад Сігізмундам-Аўгустам у 1572” (Мапа №26 у кнізе “Русь Белая, Русь Чорная і Літва ў мапах” Я.Шыраеў) , то там  ёсьць не толькі  Белая Русь, але таксама Русь Чорная і Чырвоная (Weiss Russland, Schwarz Russland, Roth Russland):                   

 

Мал. 1.  Мапа №26 у “Русь Белая, Русь Чорная і Літва ў мапах”  Я.Шыраеў.

Да таго ж гэтыя рознакаляровыя “Русі” на мапах кожнага часу  можна знайсьці ў розных месцах. Гэта зьмястоўна дадзена ў гэтае працы Я. Шыраева. 

І напэўна розныя народы  можна было б назваць у адпаведныя часы “беларусамі”, “чорнарусамі” ці “чырвонарусамі” ?  Назваць-та можна, толькі гэтыя назовы ніколі не былі саманазовамі народаў, а ўжываліся толькі ў дачыненьні да геаграфічнае прасторы.  Не адзін зь гэтых назоваў не быў аўтэнтычным (выключэньнем ёсьць назоў Беларусь, што стаўся саманазовам нашага народу толькі ў 20-тым стагодзьдзі)! 
Але Я.Шыраеў у сваім аналізе выказвае сумневы ў такім стане рэчаў: “...калі абапірацца фармальна на дадзеных памянёных мапаў бязь іх усебаковага аналізу, ўзьнікае выснова аб тым, што надпісы “Русь Белая” і “Русь Чорная” на раньнім гістарычным этапе не былі назовамі, харакрэрызуючымі адну пэўную групу несельніцтва, таму што адносіліся да розных славянскіх плямёнаў, якія гістарычна не ў аднолькавае ступені падпалі пад асіміляцыю зь вугра-фінскімі і балцкімі плямёнамі.  Аднак такая выснова была б пасьпешліваю і не зусім вернаю. Перад усім.трэба ўлічыць дакладнасьць мапаў да зьяўленьня  картаграфічных праекцый Меркатара (прыкладна да ХVII века) і ўзровень камунікатыўнасьці інфармацыі таго часу.
Неабходна ўлічыць і тое, што ў назву “Russia Alba” рознымі аўтарамі ўкладаліся  розныя  сэнсы.  ... “ (Стар. 9 )

І можна зразумець яго пазыцыю, калі зыхадзіць зь уяўленьня, што назоў Белая Русь мусіць мець унікальную і сталую лякалізацыю. А ці было так на самое справе?  Адказаць на гэтае пытаньне зь дапамогаю толькі картаграфічнага матэрыяла немагчыма.  Калі ж зьвярнуцца да працаў гісторыкаў, што грунтуюцца на летапісных  і  археалягічных матэрыялах, то малюнак больш канкрэтызуецца.  Напрыклад, шаноўны Язэп Юхо у сваёй кнізе “Кароткі нарыс гісторыі і права Беларусі”  пра гісторыю узьнікненьня назова “Белая Русь” падае наступныя зьвесткі:

“ ...  Назоў “Белая Русь зьяўляецца у 12 веку ў дачыненьні да Растоўска-Суздальскае Русі. Першыя летапісныя зьвесткі ёсьць пад 1135 годам у Раскольніцкім і Растоўскім манускрыптах. Пазьней так называецца  княсства Ўладзімірскае.
У летапісах  вялікі князь  Андрэй Юр’евіч (Багалюбскі) зь 1157 году называецца  ўжо князем Белае Русі (Растоўска-Суздальскага, а пазьней і Уладзімірскага княсства).”
Пасьля ўзьнікненьня цэнтралізаванае Маскоўскае дзяржавы ў 15 стагодзьдзі, назоў “Белая Русь” меў тое ж самае значэньне, што і Вялікая Русь.
Пазьней пад “Белаю Русьсю” разумелі украінскія землі, падуладныя  Б.Хмяльніцкаму.
Першае ж ужываньне прыназоўніка “беларускі”  адносіцца да 1675 года, калі праваслаўны епіскап Феадосій, архімандрыт Слуцкага манастыра, атрымаў пацьвярджальны прывілей на епіскапства магілёўскае. У гэтым прывілеі епіскап Феадосій быў упершыню тытулаваны  як “беларускі”, што паслужыла пачаткам афіцыйнага  прыняцьця гэтага тэрміна да вызначэньня тэрыторыяў нашае краіны зь боку Маскоўскага царства. Пасьля ўлучэньня  нашых зямель у склад Расеі ў 1772 годзе, гэтае найменьне набывае геаграфічна-адміністрацыйнае вызначэньне.  ... “

Насамрэч,  разглядаць этымалёгію назова нашае краіны - Беларусь (Белая Русь) у адрыве ад пералічаных гісторыка-геаграфічных фактаў немагчыма. Такім чынам, як паказана на малюнку 2, за 540 год гэты назоў “перасунуўся” больш чымся  на 600  кілямэтраў  ад Растова–Суздаля (пазначана лічбаю 1) да Магілёва (лічба 2).  
Далей жа, на паўднёвы захад, пачынаюцца землі Чорнае Русі – Ваўкавысск, Гродна, Навагрудак, Слонім, Нясьвіж, Турынск  (лічба 3). І ўжо зусім на поўдзень ад нас,  каля Карпатаў,  на Галічычне гісторыкі зьмяшчаюць Русь Чырвоную (лічба 4). Таксама, лічбаю 5 на пляне пазначан арыял, што  ў 2 – 4 стагодзьдзях займалі готы,  лічба 6 пазначае землі, дзе знойдзены  археалягічныя парэшткі культуры Бенцэровічы-Тушэмля, галоўнае паселішча якой хутчэй за ўсё знаходзілася каля сённяшнега Смаленску. Там жа лінія 0-0 пазначае зону ўплыву гунаў у 4-5 вякох.


 Мал 2.  ЛякалізаціяБелае, Чорнае і Чырвонае Русі на сучаснае мапе .

Калі верыць Вікіпедыі,  Чырвоная (Красная, Червоная) Русь  – ўпешыню ўпамянутая ў летапісу пад 981 годам – запіс пра далучэньне яе да Кіеўскае Русі Ўладзімірам (Вялікім).
У 1018  годзе адышла да Польшы.
Зь 1031 –  частка Галіцка – Валынскае дзяржавы.
Зь 1340 – зноў у складзе Польшы як рускае ваяводства (аж да падзелаў Рэчы
                 Паспалітае). 

Падаб’ем рэшту, - любая тэорыя походжаньня назова Белая Русь павінна даць адказ на пытаньні:
1)       Чаму, недзе зь канца 10-га веку, існавалі Русі Белая, Чорная і Чырвоная, але не было скажам зялёнае ці жоўтае?

2)       Чаму назоў Белая Русь “пераехаў” ад Разані–Ўладзіміра аж за  Магілёў?

3)       Чаму гэтыя назовы ня ёсьць аўтэнтычнымі? 

Разглядаць асобна паходжаньне назоваў Белая Русь, Чорная Русь і Чырвоная Русь у адрыве ад этымалёгіі іньшых геаграфічных назоваў  ёсьць, на мой погляд,  мэтадалягічнаю памылкаю. Калі ж вылучыць зь усяго тапанімічнага комплексу назоваў на мапах сучаснага сьвету тыя, што ўтрымліваюць ў сабе прыметнікі колеру, то найбольш пашыранымі ёсьць назвы зь прыметнікамі чорны, чырвоны, залаты, блакітны, белы, жоўты, зялёны. Такім чынам мы атрымліваем пэўны масіў геаграфічных назваў. Вялікую пашыранасьць, практычна ўсюдыіснасьць і ў той жа час аднастайнасьць аніяк нельга вытлумачыць зьбегам абставінаў альбо свавольствам людзей. Гэткі стан рэчаў мог скласьціся толькі калі існаваў нейкі агульны прынцып, пэўны сістэмны падыход да ўтварэньня гэтага кшталту геаграфічных назоваў. Мусіў быць нейкі чыньнік, што абумоўвіў агульны падыход да назваўтварэньня геаграфічных адметнасьцяй.
Найбольш  цікавым для нас ёсьць генезіс назова Беларусь. І бадай важнейшым складнікам, які можа дапамагчы вызначыць крыніцу яго походжаньня, ёсьць міграцыя гэтага назова зь усходу на захад.  Каб вызначыць чыньнікі, якія былі падставаю для перасоўваньня назова Белая Русь ад Уладзіміра да Магілёва, трэба зьвярнуцца да нізкі падзей, што складалі “гістарычнае тло” гэтага працэсу.
Калі коратка пералічыць гістарычны падзеі  на ўсход ад нашае краіны ў гэты перыяд, то мы атрымаем  наступны храналягічны ланцуг, стрыжнем якога ёсьць лёс княсства Ўладзімірскага:
Ўладзімір стновіцца “стольным горадам” зь 20.03.1169, калі Андрэй Багалюбскі  адрокся ад кіеўскага “стала”  і перанёс туды сталіцу сваіх уладаньняў.
1223 – Першае ўзброенае сутыкненьне зь манголамі (бітва на Калцы).
1239 – 1240 – Захоп Батыем Русі і фармаваньне Залатое арды.
Зь 1263 г. – Уладімір – намінальная століца. Рэзідэнціі вялікіх князей знаходіліся ў іх вотчынах. Вялікае Княства Ўладзімірскае дабраахвотна прызнала верхавенства Залатое Арды па волі свайго князя  Аляксандра Неўскага
У сярэдзіне 14-га веку на Паўночным –Захадзе былі найбольш магутнымі чатыры княсствы: Маскоўскае, Суздальска-Ніжэгароцкае, Цьвярское і Разанскае. У іх адбывалася ўзмацненьне вялікакнясскае ўлады. У палітычным сэньнсе галоўным у Паўночна-Ўсходняе Русі лічыўся вялікі князь Уладзімірскі. Ім станавіўся той, хто атрымліваў у Ардзе ярлык на вялікае княжэньне. Уладальнік ярлыка меў шэраг палітычных і эканамічных ільготаў.
Але ўжо зь першае паловы 14 веку Ўладзімір пачынае аддаваць сваё першынства Маскве, застаючыся сталіцаю “дэ юрэ”. Яшчэ пры Каліце кафедра мітрапаліта (адна зь найважнейшых  перавагаў сталіцы)  была перанесена ў Маскву. А ў 1432 годзе Ўладзімр канчаткова сраціў свой статус.  Васіль выйграў у Ардзе спрэчку са сваім дзядзькай, Юрыем Галіцкім.  Царэвіч Мансыр-Улан прывёз яго ў Маскву і “пасадзіў на велікакнясскі стол” у храме Маці Боскае каля Залатых варотаў.
У 1480 годзе адбыўся набег Мэнглі–Гірэя, саюзьніка Івана ІІІ, на Літву.  Восеньню тьаго ж года (зь 08 па 28 кастрчніка) на рэчцы Вугры  стаялі, не адважваючыся атакаваць, войскі Ахмед-Хана супроць войскаў Івана ІІІ. Яны разышліся, так і не ўступіўшы ў бойку.  (06.01.1481  Ахмед-Хан быў забіты пад час набегу цюменскага хана).  Вядомы “эўразіец”, лінгвіст і філёзаф Н.С. Трубяцкі так трактаваў  падзеі 1480 г. “стаяньне на Вугры”:  " ...адбылася замена ардынскага хана маскоўскім царом зь пераносам ханскае стаўкі ў Маскву”.

Адсюль бачна, што Суздаль-Растоў былі названыя летапісцам Белаю Русьсю  амаль за 80 год да зьяўленьня “татара-манголаў” у тых мясьцінах  і наўпрост гэтыя зьявы ня ёсьць зьвязаныя.  Тады і назоў Чорная Русь, як сэнсавы антаганізм “Белай Русі” аніяк ня можа быць  зьвязаным  зь прысутнасьцью гэтых ці іньшых захопнікаў, пагатоў - “Русь Чырвоная “ (дарэчы, валадаром там і быў памянёны вышэй Юры Галіцкі).
Але нельга адмаўляць наяўнасьць пэўнае сінхранізацыі зьяўленьня “татара-манголаў” і павялічэньня ўплыву Чэнгізідаў зь адпаведным прасоўваньнем далей на захад назова “Белая Русь”
Таксама бачна, што гэты працэс геаграфічна адбываўся ад верхняе Волгі  і па міжрэччу Дзьвіны і Дняпра, што супадае зь  асноўнымі транспартнымі шляхамі таго часу.
Разгалінаваная сістэма рэкаў на ўсходняе-эўропейскае раўніне заўсёды давала магчымасьць розных камбінацыяў накірункаў руху, выкарыстоўвалася рознымі плямёнамі і народамі спрадвеку. Яна мела выключнае значэньне  як транспартная сістэма аж да 18-веку, калі па плянэце пачала распаўсюджвацца чыгунка і пачалі крочыць машыны, што рухаліся зь дапамогаю сьціснутае вадзяное пары. Так, вядомая вандроўка купца Афанасія Нікіціна  пачалася ад Цьвяры па Волзе, а вярнуўся ён Дняпром празь Смаленск. Адной зь першых  падрабязных выяваў, што захаваліся да нашага часу, гэтае сістэмы водных шляхоў ёсьць карта Герберштайна (Мал. 3)

Мал. 3.

Зрэшты, нашая культура і першыя дзяржавы нашага народа таксама будаваліся на рэках і волаках. Менавіта за ключавыя волакі і скрыжаваньне транспарных шлахоў біліся князі, каб пашырыць свой уплыў і моц сваіх дзяржаваў.

Трэба адзначыць, што нашыя продкі  былі больш мабільныя, чымся мы. Сёньняшніх межаў зь шчыльным кантролем тады не існавала, ды й насельніцтва было значна меней.  Каб жыць камфортна і эфектыўна супроцьсаяць выклікам навакольнага сьвету,  чалавецтва амаль ад пачатку свайго зьяўленьня вынайшла абмен паміж паселішчамі і плямёнамі вырабамі празь натуральную спецыялізацыю. Такая спецыялізацыя вынікала зь дасяжных крыніцаў сыравіны прыроднага атачэньня і магчымасьцяў вытворчасьці вырабаў спецыяльна для наступнага абмену на іньшыя ж прадукты. Гэта спрыяла таксама сталаму абмену інфармацыяй і іжэямі, разьвівала мовы і здольнасьці да камунікацыі. Зь часам складаліся пэўныя групы людзей, што прафесійна займаліся перавозкай тавараў па рэках і караванных сьцежках.  Стэпавыя ж качавыя плямёны  (“намады”) вандравалі  ад веку і перыядычныя пераходы ў навакольлі бязь значных арыенціраў былі іх звычайным ладам жыцьця.

Мушу нагадаць, што стан Сьвету нашых продкаў быў значна іньшым, але па свайму псіха-фізічнаму разьвіцьцю і разумовым здольнасьцям яны не саступалі нам.  Зямля была слабанаселенаю. а таму не  забруджанаю адкідамі і нашым сьмецьцем, як зарас. Можна сьцвярджаць, што ўсе рэчывы, якія яны спажывалі былі "натуральнымі" , а стан існаваньня быў "гарманічны" і сугучны навакольнаму асяродзьдзю.  Нашыя пргодкі ўспрымалі  ўласнае атачэньне непасрэдна ня толькі ўсімі сваемі "рэцэптарамі адчуваньня", але і ўзаемадзейнічалі зь Сусьветам на ўсіх узроўнях пабудовы  структураў уласна чалавечага цела.  Такое "непасрэднае ўспрыняцьце"  ёсьць вынікам ўзаемадзеяньня дзьвух звышскладаных сістэмаў: "Чалавек" і "Навакольнае асяродзьдзе".  Такое ўзаемадзеяньне адлюстроўвалася ў чалавечае сьвядомасьці, трансфармуючы зьнешнія чыньнікі часам ў антрапаморфныя пэрсаналізаваныя вобразы. У літаратуры можна сустрэць тэрмін "міталягічная сьвядомасьць", ён мне не падабаецца, бо вельмі спрашчае сітуацыю, вульгарызуючы яе. Але  менавіта ў гэты мэханізм ёсьць грунтам, каранём першабытных рэлігіяў, анімізму і паганьства. Ды й першыя хрысьціяне былі "гностыкамі" - пазнаючымі Сусьвет празь непасрэднае ўспрыняцьце на шляху Хрыста.
Нашым продкам трэба было ня толькі добра арыентавацца ў часам цалкам не знаёмае абстаноўцы, але і ўмець апісваць свае шляхі. Арыентавацца ж у сьвеце па адметнасьцях навакольля, яго колерах было натуральна для чалавека спрадвек. У гэтым іяму дапамагала часам зорнае неба, і ў першую чаргу – Сонца.  Сонца сваім сьветам  дае фарбы і цяпло нашаму  зямному існаваньню.  .
У нашым, паўночным,  паўшар’і  Зямное кулі  штодня цені ад прадметаў падаюць на поўнач ад лініі “ўсход-захад”, а ў астранамічны поўдзень – дакладна на поўнач. Таму гэты бок – “бок ценю”, адтуль насоўваецца начная імгла і лягічна яго назваць чорным. Пры сваіх падарожжах на вялікія адлегласьці людзі таксама не магі не заўважыць, што чымся далей ў гэты бок рухаешся, тым халадней становіцца клімат. Пры вандроўцы ж ў адваротным накірунку клімат  адчуцвальна цяплее і становіцца нават празьмерна гарачым ў зоне пустыняў.  Вельмі лягічна было вытлумачыць такі стан рэчаў празь знаходжаньне ў тым баку крыніцы “касьмічнага вагню” – гэта падказвае наш побыт і вопыт абыходжаньня зь вогнішчам. Чырвоныя ж усходы і заходы сонца падтрымліваюць гэтую ідэю.  У поўдзень Сонца залівае ўсё сваім залацістым сьвятлом і робіць навакольле жаўтаватым.
Компаса, як і наагул металічных вырабаў у карыстаньні тады не было.  Таму было лягічна гэтую схему афарбоўкі навакольнага сьвету выкарыстаць, каб апісваць свой шлях іньшым людзям. Так павінны былі замацавацца назовы старон першабытнага Сусьвету ва ўспрыняцьці чалавека.  Поўнач там павінна была быць звязаная зь чорным колерам, поўдёвы накірунак – чырвонам, сярэдзіна – жоўтым. На маю думку, зь гэтага пайшоў звычай надаваць геаграфічным адметнасьцям прыназоўнікі колеру ў залежнасьці ад таго ў якім накірунку Сусьвету ад шляху падарожніка знаходзяцца. Потым да гэтае сістэмы апісаньня бакоў сьвету дадаліся пэўныя натурфілязофскія ідэі. У выніку павінна была скласьціся больш-меньш адзіная для ўсяе “вандроўнае супольнасьці” карціна пабудовы Сусьвету.  Да таго ж яна дазваляла камунікаваць зь іньшымі мінімумам словаў і паняткаў. Гэта ёсьць вельмі важным, калі трэба дамовіцца зь чалавекам. які не валодае вашаю моваю.

Са зьўленьнем компасу і далейшым разьвіцьцём чалавечае цывілізацыі гэтая сістэма захавалася як комплекс фрагментаў першапачатковых ведаў і як  сродак для шыфраваньня інфаромацыі аб шляхох ад “прафанаў”.
 Насамрэч, трэба добра ведаць гэтую сістэму, каб зразумець, што шлях напрыклад “паўз Чорную гару” ляжыць на поўдзень ад яе (а сама гара можа быць зялёнаю!) і г.д.  Празь час гэтая сістэма дашла да нас у выглядзе “аскепкаў ужываньня”, г.зн.:- тое, што й кім ўжывалася, тое там і захавалася.  Зарас найбольш поўна гэтая сістэма ведаў аб накірунках і энергетычных цыклях ёсьць захаваная ва ўсходніх натурфілязофскіх сістэмах, напрыклад - “Гунь фу”:

Суадносіны-адпаведнасьці:
Колер                               Сіні       Чырвоны     Жоўты     Белы      Чорны 

Накірункі сьвету             Усход    Поўдзень    Цэнтр      Захад      Поўнач 

Стыхіі :                            Дрэва    Вагонь        Зямля      Метал      Вада 

Такім чынам мы маем пяць колераў, якімі нашыя далёкія продкі апісвалі накірункі ў сваім Сусьвеце і тапанімічныя назовы зь гэтымі прыназоўнікамі можна лічыць сьлядамі тарговых шляхоў Чалавецтва на нашае плянэце.
Астатнія фарбы ў тапанімічных прыметніках ня ёсьць “колерамі Сусьвету” і іх зьяўленьне  вытлумачаецца колерам самаго аб’екту (як Зялёны Бор), альбо іньшымі чыньнікамі.  Натуральна, што гэтае правіла ня ёсьць абсалютным і частка геаграфічных назоваў зь прыметнікамі: чорны, белы, чырвоны, сіні, жоўты (залаты) ўтварылася на іньшым груньце, чымся арыентаваньне на шляху. 

Калі гаворка ідзе аб старажытных шляхох на тэрыторыі сучаснае Беларусі, то кажуць звычайна пра шлях “Зь Варагаў у Грэкі”.  Але эпоха вікінгаў – “варагаў” доўжылася толькі недзе зь восьмага па адзінаццатае стагодзьдзе,  а людзі вандравалі заўсёды. Зьвернемся да мапаў. Нельга не заўважыць, што Беларусь ляжыць паміж дзьвума рачнымі “магістралям і”.  Першая – рака Волга ад Касьпія зь разгалінаванымі прытокамі да вытокаў, што празь сістэму пратокаў ёсьць зьвязвная як са Скандынавіяю, так і зь басейнамі Дняпра і Заходняе Дзьвіны. Ёсьць паданьне, што ў “нулявы” век Одзін (яшчэ да “вісеньня на дрэве”) правёў свой народ – “асаў” ад Асгарда (каля сёняшнега Ашхабада) на Поўнач менавіта гэтым шляхам. Як раз  ад гэтага "Шляху Одзіна" і рухалася да нас "Белая Русь".

На паўднёвы захад і амаль паралельна яму ляжыць іньшы старажытны шлях: ад Чогнага мора Дняпром празь Прыпяць, Буг і Віслу да Балтыкі. Шлях празь Днестр ў Віслу ёсьць карацейшым, але й складанейшым, бо ляжыць празь гарыстую мясцовасьць. Разам яны стваралі пэўны “транспартны калідор” па якаму старажытныя людзі адносна камфортна маглі вандраваць паміж Балтыкаю і Чарным мора.  Менавіта гэтымі  мясьцінамі і вандравалі готы ў сваім паступовым рушаньні ад узьбярэжжа Балтыкі ў прычорнаморскія стэпы. Натуральна, што пры апісаньні свайго шляху гэтым “калідорам”, падарожнікі называлі геаграфічныя адметнасьці (кожны на сваёй мове) на поўнач ад яго зь прыназоўнікам “чорны”, а на поўдзень – “чырвоны”. Дакладна  гэтым можна патлумачыць зьяўленьне назоваў Чорная і Чырвоная Русь абапал "Гоцкага калідору".  Зь гэтага вынікае, што на захад ад гэтых месцаў можа знаходзіцца яшчэ адзін арэал геаграфічных назоваў са складнікам “белая”. Але так яно і ёсьць: далей на захад можна знайсьці Бельск-Падлясскі,  Беласток і г.д.  Дарэчы, як і Белая Вежа – толькі яна насамрэч белая! 

Паўстае яшчэ адно пытаньне, калі сістэма геаграфічных назоваў існавалі ці не спрадвеку,  чаму “Белая Русь” не зьявілася раней? Найбольш лягічным адказам на гэтае пытаньне выглядае тое, што раней проста не было аніякае “Русі”. Да того ж, назоў “Русь Чырвоная”  упамянуты ў летапісах, што дайшлі да нас, больш як на 150 год раней за “Русь Белую”.  Таму можна зрабіць выснову, што  працэс зьяўленьня “русі” адбываўся зь захаду на ўсход.  Як мы высветлілі, захопнікі тут не прычым. Можна толькі выказаць меркаваньне, што “Русь” сваім ўзьнікненьнем неяк ёсьць зьвязаная зь сканчэньнем уплыву нарманаў-вікінгаў.  Што ж да татара-манголаў, то яны як раз і былі тым “маторам”, які перасунуў назоў  “Белая Русь” на  тэрыторыю нашае краіны, тады яшчэ Вялікага Княсства Літоўскага.

Дарэчы, ў святле вышэйсказанага, назоў “Залатая Арда” павінен азначаць “сярэдзінную”, галоўную Арду. Зь паступовае дэградацыяй гэтае квазікраіны, маладзейшая частка  эліты дзяржавы  Чэнгізідаў  перасялілася у заходні улус – Маскоўскае  княсства.  Яны ж і прынесьлі зь сабой  старфжытнае натурфілязофскае сьветаўяўленьне.
Як рэлікты гэтых назоваў у сучаснае расейскае мове засталіся эпітэты горада Масквы. Яна ня толькі “белакаменная”,  але і “златоглавая”.  Канешне, хада ідзе ў першую чаргу аб цэрквах, але яны толькі дапамаглі даўгажыхарству гэтых ідыёмаў.  Згенеравала ж іх зьяўленьне як раз прасоўваньне на захад уплыву  заснавальнікаў Залатое Арды і яе паступовая інтэграцыя ў маскоўскі этна-лінгвістычны кантэкст зь захаваньнем аўтэнтычнае семантыкі. 

Такім чынам: 

1.      Узьнікненьне  ў  канцы 10-га, пачатку 12-га вякоў назоваў Белае, Чорнае і Чырвонае  “Русей”  ёсьць  зьвязаным са зьяўленьнем самога тэрміну “Русь” і па часе супадае зь аслабленьнем экспаньсіі "нордманнаў", згасаньнем эпохі вікінгаў.

2.      Механізм утварэньня назоваў Белая, Чорная і Чырвоная Русь,  ёсьць агульным для тапанімікі і грунтуецца на замацаваньні за кожным накірункам гарызонту асобнага колеру, што было зручным для апісаньня шляхоў пры арыентаваньні па сонцу ў адсутнасьці компасу.

А што зь астанімі “колерамі Сусьвету” і Русьсю?  Пра Сінюю Русь нічога не вядома,  магчыма таму, што  “Першасная Русь” не сялілася на ўсход ад асноўных тарговых шляхоў - рухалася ж зь захаду.. Так склалася  гісторыка-геаграфічная канфігурацыя – пазьнейшыя пашырэньні арыялу засяленьня не спарадзілі новых назоваў. 

Жоўтае ж (залатое) “Русі” магчыма не было таму, што аніколі не было адзінае “сярэдзіннае рускае зямлі”, як і ніколі не існавала адзінае “праславянскае мовы” і “адзінага народу”. Хаця  кандыдатаў на такую ролю заўсёды хапае.  Але магчыма, што яе не магло быць па вызначэньню, бо “залатая сярэдзіна Сусьвету” знаходзіцца там, дзе ёсьць сам падарожнік. Так што, калі ён сам сябе лічыць “русьсью”, то ён і ёсьць “Русь залатая". 

Гэтая сітуацыя ня выключная, бо наш гістарычны лёс - толькі частка суцэльнага рушаньня Чалавецтва празь Час па шляхох Прасторы. Самым вялікім і значным зь якіх ёсьць Вялікі Шаўковы  Шлях, што  пралягаў ад раўнінаў Кітаю празь горныя сістэмы Азіі да Пальміры, дзе яго рукавы ўжо расходзіліся ў Эўропу і Афрыку.  Сама Пальміра ляжыць як раз паміж Чырвоным морам на поўдні і Чорным на поўначы. Калі рухацца ад яе на ўсход, то зь паўночнага боку старажытны падарожнік мог пабачыць і Карадагскае ("Чарнагорскае") ханства ў Азербайджане, і прайсьціся паўздоўж “Чорных пяскоў” Каракума, і гораў Каракарума.  Ў перакладзе зь цюркскіх моваў “Кара” – чорны.  Мае месца таксама чарадаваньне  складаў кар – хар. Так што да гэтага сьпісу “паўночных” назоваў можна дадаць ня толькі старажытную мангольскую сталіцу Вялікіх Маголаў -  горад Каракарум, але й іньшыя сярэднеаіяцкія месцы зь назовамі на "кар-" ці "хар-" *(Хартум і г.д.).
Мал. 4.   Вялікі шаўковы шлях.      

Нарадзіцца ж гэтая сістэма арыентаваньня магла і ў даліне Жоўтае Ракі, дзе на ўсходзе сінее сваемі водамі Пцыфік, а на захадзе бялеюць горныя вяршыні Тыбецкага нагор’я. Таксама мажліва яна зьявіласяі ўпершыню ў вярхавінах Ніла , дзе зьліваюцца ў адзіны струмень Белы - заходні  і Сіні – ўсходні Ніл. Зрэшты і сам назоў Ніл  пенракладаецца як “чорны” і цячэ гэтая рака надалей на поўнач.  Стварэньне сістэмы “Колераў Сусьвету” было супольнае працаю падарожнікаў на супольным Шляху.  Магчыма мы так ніколі і не даведаемся, дзе ж упершыню ўзьнікла гэтая сістэма арыентаваньня, але гэта ўжо не так і важна.

Комментариев нет:

Отправить комментарий