понедельник, 1 октября 2012 г.


Язэп Паўловіч

 

“Беларуская ідэя і яе будучыня ў эпоху фералізацыі чалавечага грамадства і дамінаваньня фантомнае сьвядомасьці.”

Homo ferus –“чалавек зьдзічэлы” – чалавек, што ня мае сьвядомасьці.

Карл Лінней

 

 

Мы жывем у эпоху, калі прастора магчымасьцей для далейшага экспанентнага, выбуховага росту чалавечае цывілізацыі.рэзка звузілася. Да таго ж верагодныя напрамкі далейшага нашага разьвіцьця і самаго існаваньня Чалавека патрабуюць сталага росту затратаў рэсурсаў. Хада ідзе ня толькі пра выкапні, велічыня якіх на нашае плянэце ёсьць абмежаванаю. Рэзка абвастраюцца супярэчнасьці паміж краінамі таксама за водныя і паветраныя рэсурсы. Важным рэсурсам становіцца нават час, бо тэмпы нарастаньня праблемаў на нашае плянэце далёка апераджаюць адэкватныя (і наагул, кольвек якія) рэакцыі міжнародае супольнасьці на іх. Пачаліся глябальныя кліматычныя зьмены празь “парніковы эфект”, вырастае верагоднасьць значнага зьмяненьня навакольнага асяродзьдзя на Зямлі пад уплывам зьнешніх, касьмічных фактараў.

 

Папярэдні, адносна працяглы перыяд у 50-70 тысяч год, на тле якога паўстала нашая сучасная цывілізацыя, характэрызаваўся дастатковаю кліматычнаю і геафізічнаю стабільнасьцьцю, калі не лічыць кароткае эпохі рэзкіх зьменаў 12 – 13 тыс год назад і перыядычнага значнага метэарытнага “бамбаваньня”. Гіпатэтычна той кароткі перыяд нестабільнасьці можна зьвязаць зь выхадам Сонечнае сістэмы зь атачэньня газавае туманнасьці, што тады адбываўся, таксама як і шэрагам астра-фізічных рэакцый нашае планетнае сістэмы на такую зьмену знешніх умоваў падчас руху ад сузор’я Арыёна

 

Ну, і зноў жа, разьвіцьцё і станаўленьне ўжо нашага “чалавечага сьвету” ніколі не было гладкім і роўнамерным. Заўсёды былі спады і крызісы. Адзін з такіх крызісаў мы і перажываем у дадзены момант. На жаль, ён мае характэр усеагульнага і ёсьць сістэмным крызісам Чалавечае цывілізацыі. Карані яго хаваюцца ў глыбінях чалавечае натуры і прарасталі разам са станаўленьнем першых дзяржаў і поўнага засьсяленья чалавечаю істотаю ўсяе зямное сушы. Выглядае, прыйшоў час калі мы мусім на справе давесьці, што ёсьць цывілізацыяй насамрэч “чалавека разумнага”, альбо аслабаніць гістарычную сцэну для зьяўленьня больш разьвітых істотаў. Але мы маем не благія перспектывы ў пераадоленьні гэтае плоймы праблемаў, бо ў свой час выйгралі ў канкурэнтнае барацьбе зь іньшымі відамі чалавека, што існавалі на плянэце адначасна зь нашымі продкамі. Апошнім відам, які нам супроцьстаяў былі "неандэртальцы". Зарас жа мы, нашчадкі "краманьонскае цывілізацыі", павінны пераадолець уласныя недахопы і коснасьць.

 

Толькі гэтае высакароднае мэце, па шэрагу натуральных прычынаў, вельмі часта супроцьстаяць інтарэсы "кіруючых элітаў" амаль кожнае краіны сьвету. Такі стан рэчаў можна вытлумачыць тым, што тэмпы сучасных глябальных зьменаў у палітычнае, эканамічнае, тэхналягічнае і іньшых сферах існаваньня кіруючых структур, што ўтвараюць уласна "цела дзяржавы" любое краіны,як машыны рэгуляваньня стасункаў у грамадстве, пачалі значна перавышаць магчымасьці гэтых утварэньняў да прыняцьця адэкватных рашэньняў, таксама як і своечасовых зьменаў канфігурацыі саміх гэтых закасьнеўшых ужо структураў. Іньшымі словамі, тэмпы адаптацыі сучасных дзяржаўных механізмаў кіраваньня глябальна не адпавядаюць тэмпам зьмяненьня рэалій нашага чалавечага Сьвету. Насамрэч, кожны дзяржаппарат павінен вырашаць праблемы ўзаемадзеяньня зь іньшымі краінамі і залагоджавць супярэчнасьці ва ўласнае, старацца аптымізаваць сітуацыю і кіраваць грамадствам, у ідэале, ў інтарэсах таго ж самага грамадства. Але такое цяжкае заданьне як правіла не выконваецца.

 

"Кіруючыя эліты", ў большае ці меньшае ступені, ідуць больш простым шляхам: каб зьнізіць ціск уласнага грамадства на свае структуры, яны ствараюць патрэбнае ўспрыняццё сьвету ў самаго жыхарства, кіруюць грамадскаю думкаю і стараюцца маніпуляваць грамадскаю сьвядомасьцьцю ў сваіх інтэрэсах. Часта насельніцтву краіны задаюцца цалкам фальшывыя "каардынаты" ў якіх яно існуе, скажаюцца ў патрэбны бок вобраз сучаснага Сьвету, віртуалізуецца стану рэчаў у ім і выгляд самае дзяржавы. Сутнасьць працэсу - інфільтрацыя ў масавую сьвядомасьць грамадскасьці пэўнага шэрагу стандартных схем паводзінаў і накірунку думак -“клішэ” і стварэньне "маякоў" для прагназуемых калектыўных псіха-сацыяльных рэфлексій, якія спрашчаюць кіраваньне краінай і забясьпечваюць уладаўтрыманьне. Найбольш хадавыя прыёмы: "кіраваньне празь страх" -.стварэньне сталага, фіксаванага ўзроўню трывожнасьці грамадскае сьвядомасьці, зь выдзяленьнем пэўных "знакавых" перабольшаных пагрозаў і "адвядзеньне ўвагі" ад на самрэч важных праблемаў празь штучныя сенсацыі і неадэкватныя "навасныя здарэньні". Сучасны вопыт паказвае, што "кіруючыя эліты" пераймаюць вопыт і мэтады, адпрацаваныя ў іньшых краінах і адаптуюць такія механізмы да сваіх рэаліяў. У крызіснае ж сітуацыі на дапамогу для вырашэньня "канкрэтных праблем" кідаецца ўвесь наяўны арсенал "тэхналёгій падпарадкаваньня". Мушу дадаць, што празь зваротныя сувязі такі стан рэчаў адбіваецца на саміх "творцах рэальнасьцяў" і ў значнае ступені ўплывае на прыняцьце імі ж кіруючых рашэньняў. Адэкватнасьць і своечасовасць такіх рашэньняў выглядае вельмі спрэчнаю.

 

Разам зь гэтым у дзяржчыноўнікаў існуе зразумелае натуральнае жаданьне прасунуць уласных нашчадкаў на кіруючыя пасады, даць лепшую адукацыю і г.д. У шэрагу краінаў, гэта прыводзіць да сегрыгацыі па паходжаньню, ліквідацыі "сацыяльных ліфтоў" і, як вынік, адбываецца стварэньне квазікаставае дзяржавы ў сучасных умовах. Найбольш відавочныя наступствы такога кіраваньня ў краінах, дзе пануе "палітычная рэлігія" - іслям.

 

Ўсё гэта толькі частка фактараў, сукупнасьць якіх ўтварае ўмовы, калі большасьць людзей маюць скажонае сьветаўспрыманьне, што не дазваляе ў значнае ступені раскрыцца іх прыродным здольнасьцям, ды й даваць ім такую мажлівасьць часта не зацікаўленая і сама дзяржава. Празь гэта насельніцтва знаходзіцца ва ўладзе ідэалёгіі таварнага спажываньня ("дзіўным чынам" узровень даходаў мала ўплывае на гэта), геданізму і вядзе існаваньне ў стане “ўвагі бліжнега круга”. Гэта значыць, што людзей пачынаюць цікавіць толькі рэчы, якія яны могуць фізічна спажываць і атрымліваць ад іх асалоду. Сучасныя мультымедыйныя тэхналёгіі ствараюць віртуальныя прасторы тэлевізійных серыалаў і спраектаванага інфармацыйна-псіхалягічнага асяродзьдзя, ўтвараюцца інтэрнэт-супольнасьці,  якія вядуць масавыя віртуальныя войны за віртуальныя мэты, удзельнікі якіх атрымліваюць рэальнае задавальнаньне. Тая віртуальная бытнасьць паступова робіцца для гэтых удзельнікаў і гледачоў больш важнаю, чымся многія праблемы сапраўднага жыцьця. Сьвядомасьць людзей віртуалізуецца, дэфамуецца і дэфармуецца, перастае адпавядаць існуючаму стану рэчаў, адэкватна "адбіваць Рэчаіснасьць."

Так рэалізуецца казачка пра бяздумнага "ідэальнага спажыўца", які толькі прадукуе каштоўнасьці і спажывае тое, што прадукуюць іньшыя, рахмана выконваючы ўсе загады вышэйстаячых "эфектыўных менеджэраў", сплочваючы рэгулярна падаткі і іньшыя дзяржаўныя зборы.

Наступным непазьбежным крокам і платай за эксперыменты зь грамадскаю сьвядомасьцьцю ёсьць разбурэньне традыцыйных маральных каштоўнасьцей, дэгенерацыя "этычных тармазоў" асобы і размываньне яе жыцьцёвых арыенціраў, што ў сваю чаргу вядзе да далейшае інтэлектуальнае дэградацыі сучаснага грамадства і яго безумоўнае фералізацыі - паступовае дэгуманізацыі, зьдзічэнья.

 

Яшчэ за савецкім часам ужываўся такі панятак "якасьць чалавечага матэрыяла" - гучыць трохі па-фашыстоўску, але ёсьць вельмі важным паказьнікам, які відавочна і пастаянна зьніжаецца.

Гэта характэрна не толькі для ўсяе постсавецкае прасторы, дзе абрынуўся ў нябыт комплекс ідэяў пра "сьветлую будучыню Чалавецтва", але і для большасьці краін сьвету. Паказьнік мае многа складнікаў, але калі ўзяць толькі стан здароўя і адукацыйны ўзровень, то, прынамсі, для нашае краіны яго дынаміка выглядае катастрафічнаю. Я ўжо не кажу аб якасьці самае адукацыі...

 

Ўсё вышэйсказанае непасрэдным чынам і ў значнае ступені ўплывае на інтэгральнае волевыяўленьне чалавечае супольнасьці, сфармаванае (ці каторае ёсьць ў працэсе фармаваньня) ў нацыю, што праяўляецца ў выглядзе сукупнасьці ідэяў аб Сьвеце і сабе, як зьвязанае шэрагам чыньнікаў грамадзе, якая мае супольныя рысы і супольны гістарычны лёс у межах акрэсьленае тэрыторыі, - да спосабу далейшага існаваньня.

 

"Ідэя нацыі аб уласным існаваньні" - нацыянальная ідэя - ёсьць сумаю ўяўленьняў кожнага чалавека, што лічыць сябе прыналежным да такое супольнасьці, аб ёй і сабе самім, як арганічнае частцы такое супольнасьці. Такое індывідуальнае сьветаадчуваньне кожнае асобы базуецца на ўласным жа жыцьцёвым досьведзе таксама як і назапашаным сацыяльным вопыце нацыі, што перадаецца празь існуючыя інфармацыйныя сувязі зь атачаючым соцыюмам, яго захаваўшымся інтэгральным гістарычным вопыце, ў працэсе выхаваньня і наступнага жыцьця чалавека.

Нельга абыйсьці ўвагай і такі складнік, што ўплывае на фармаваньне нацыі, і непазьбежна знаходзіць сваё ідэйнае адлюстраваньне ў чалавечае сьвядомасьці, як сума "рэакцый прыстасаваньня", чалавечага арганізма да кліматычных, сацыяльных і іньшых умоў асяродзьдзя. Парзь гэта фармуюцца не толькі агульныя прыкметы зьнешнега выгляду кожнага народу, яго характэрныя псіха-фізічныя рэакцыі на зьнешнія ўплывы, але і, празь перадачу генетычнае інфармацыі ад генерацыі да генерацыі, аптымізуюцца яго адаптатыўныя рэакцыі для жыцьця ў канкрэтных умовах дадзенага прыроднага атачэньня.

Пасьля прыходу ў гэты сьвет і асазнаньня свайго існаваньня-быцьця, зь дзяцінства, першым штуршком да самаатаесамленьня кожнага чалавека і разьвіцьцё ў сацыяльную асобу, ёсьць яго нацыянальнае самавызначэньне, ўзьнікненьне "індывідуальнае нацыянальнае ідэі". Спачатку на груньце прымітыўнейшага альгарытму "свой - чужы", і ўжо потым асазнанья, што "чужы" не значыць "варожы" (а часам "свой" апынаецца за "чужога" горшым).

 

У гэтым сьвятле актуальным выглядае пытаньне, як вырашыць гэтую дыхотомія дзяржава - асоба сучаснае чалавечае цывілізацыі, на карысьць нашае будучыні? У нашае краіне мы маем абодва складнікі вельмі недасканалымі: груваздкую, дарагую прзь сваю неэфектыўнсьць, дзяржаву і дэградуючае насельніцтва.

 

Адзіным выйсьцем у цяперашняе сітуацыі ў Беларусі, ёсьць стварэньне ўмоваў для справядлівае канкурэнцыі ў дзяржаве, прасоўваньне найбольш адукаваных і адэкватных па сваіх псіхафізічных, маральных і інтэлектуальных якасьцях кандыдатаў на канкрэтнае пасады па правілах рэальнага конкурснага спаборніцтва, зь роўнымі магчымасьцямі для кожнага ўдзельніка. Такая дзяржава, ў мэтах уласнага самазахаваньня, зробіць усё, каб падвысіць і адукацыйны ўзровень насельніцтва і, адпаведна, якасьць яго жыцьця і будзе фармаваць дзяржапарат пераважна зь мясцовых кадраў празь іх натуральную канкурэнтную ратацыю. Гэта хутка, і ў значнае ступені, павялічыць таксама канкурэнтаздольнасьць самае краіны, але вымагае радыкальных палітычных рэформаў. Прынамсі першачарговая задача - стварэньне цалкам незалежнае, "суверэннае" судовае сістэмы як падмурка надзейнасьці функцыянаваньня дзяржаппарата і гаранта захаваньня законнасьці ў краіне.

 

Толькі краіна, ў якой ёсьць справядлівая канкурэнцыя элітаў можа быць доўгі час эфектыўнаю і канкурэнтназдольнаю і на міжнароднае арэне, стаць суб'ектам міжнароднае палітыкі і заняць годнае мейсца ў разьмеркаваньні шэрагу сэктараў міравое эканомікі. Эліта павінна вызначацца шляхам натуральнае канкурэнцыі ў роўных умовах. Але на жаль, усё яшчэ альгарытм існаваньня шэраговага беларуса ў сучасным нам грамадстве ёсьць вельмі падобным да правілаў выжываньня ў натоўпе

 

Каб жа канчаткова зьняць вастрыню комплекса сучасных супярэчнасьцяў паміж дзяржаваю і асобаю ў нашае краіне, што ёсьць фактычна монанацыянальнаю, нельга ігнараваць гістарычны вопыт мінулых пакаленьняў, трэба ўлічваць нацыянальны характар і псіхалёгію нашага народа, таксама як і яго непахісную волю да далейшага існаваньня і разьвтцьця як нацыі.

 

Такім чынам, уласна Беларуская нацыянальная ідэя павінна стаць асноўным падмуркам пабудовы-мадэрнізацыі нашае новае дзяржавы, каб захаваць краіну Беларусь і даць ёй надзейную, квітнеючую гістарычную перспектыву.

 

Часам выпадае чытаць лухту аб тым, што Беларусь ёсьць невялікаю краінаю, і на гэтым груньце мусіць базавацца нейкая там "нацыянальная ідэалёгія". Ну, па-першае, велічыня тэрыторыі краіны вырашае далёка ня ўсё, а, па- другое, такія словы пра краіну, што займае адзінаццатае мейсца на Эўрапейскім кантыненьнце па гэтаму паказьніку, больш характэрызуе самаго "аўтара тэзісу", а не Беларусь. Як можна так казаць пра краіну, на мапе якой вольна зьмяшчаецца Літува, Эстонія, Латвія і "Калініградцкая вобласьць Расеі" разам узятыя, ды й яшчэ трохі вольнага мейсца (17460 кв. км.) застаецца для іньшае тэрыторыі Балтыйскага ўзьбярэжжа? Бязь дай-прычыны так можна і пакрыўдзіць ня ў чым не вінаватых "вялікабрытанцаў", бо мы маем амаль роўную зь імі тэрыторыю, а зь Ольстэрам Злучанае Каралеўства пераўзыходзіць па плошчы Беларусь ўсяго на 17,44%. Але ж яны знаходзяцца на перыферыі Эўропы, ды яшчэ й на востраве, а мы ёсьць геаграфічным цэнтрам гэтага благаславёнага кантынета!

Дарэчы, Японія таксама ляжыць на шэрагу востраваў, агульная плошча якіх толькі ў 1,82 разы большая за Беларусь, заціснутых паміж кітайскім узьбярэжжам і Пацыфікам, зь вялікаю колькасьцьцю нязручных для асваеньня горных масіваў і ў зоне абсалютна нестабільнае сейсмічна. Але якая магутная і перадавая эканоміка!

 

Зыходзячы зь гэтага яснага стану рэчаў, нам не выпадае разважаць як "маленькім і пакрыўджаным", тым больш, што ніхто ў гэтым сьвеце не вырашыць наш лёс на нашу карысьць акрамя нас саміх.

 

Гістарычна так склалася, што жывём мы ў найлепшым, найпрыгажэйшым і утульнейшым мейсцы на гэтае планеце ў цэнтры Эўропы. Дарэчы аб гісторыі,- часта трапляецца ў розных тэкстах яшчэ адна бздура кшталту:  і беларуская ідэалёгія”, і беларуская дзяржаўнасьць налічваюць ня надта вялікую колькасьць гадоў. Казаць так толькі на падставе таго, што раней краіны зь назовам Беларусь (ці "Белоруссія") не было на мапах сьвету, як гэта зрабіў аднойчы расейскі "тэлегісторык" Сванідзэ, не тое што не карэктна, але проста не сумленна. На гэтым груньце і такою "мэтодай" можна аспрэчыць пераемнасьць дзяржаўнасьці большасьці мадэрных краін сьвету, ўлучна зь сённяшняю Расіяй. А іньшых падставаў, акрамя ўласных "псыхакомплексаў", ня існуе.

Так, "Белая Русь" - Беларусь ніколі не была саманазовам нашага народу і ня мела ясных межаў на мапах (бо гэта назоў пэўнае геаграфічнае мясцовасьці, які да таго ж перасоўвалася цягам некалькіх стагодзьдзяў ад княства Цьвярскога-Ўладзіміра аж да Магілёва), за выключэньнем апошніх ста год, калі нашыя тагачасныя ідэйныя лідэры, на пераломе эпох 20-га веку, прынялі для нас такі назоў. Менавіта тады наша нацыя знаходзілася на раздарожжы, ў кропцы гістарычнае біфуркацыі*) і прыняцьце на сябе найменьня "Беларусь" часткаю тагачасных ідэйных лідэраў, у псіха-эмацыйнам плане, надзейна прымацавала наш народ да расейскае "цывілізацыйнае прасторы". Але дзяржавы нашага народа ў розных абліччах існавалі ўжо больш за тысячу год назад. Адпаведнае старажытнасьці ёсьць і карані нашага народа, і яго атаесамленьня сябе як асобнае этнічнае супольнасьці.

 

Тэрытарыяльна і генетычна ж, мы ёсць наступнікамі таго расьсяленьня плямёнаў, што існавала ў гэтых мясьцінах спрадвеку. Да ліку нашых протадзяржаваў можна аднесьці цэлы шэраг паступова ўсё больш славянізаваных княстваў, якія паўсталі пасьля сыходу ў нябыт дзяржаваў готаў і гунскае навалы пятага веку і якія мелі сваіх князёў, не прыналежных да лініі "Рурыкавічаў". На жаль гістарычны лёс нашага народа склаўся так, што ў Беларусі практычна не захавалася нашых пісьмовых крыніцаў і сьведчаньняў аб іх утварэньні і станаўленьні. Таму гісторыкі вымушана карыстаюцца чужымі летапіснымі крыніцамі і шукаюць зьвесткі і нашыя аўтэнтычныя дакументы ў архівах іньшых краін і народаў.

 

Ці не першаю згадкаю пра нашыя гарады, княствы-протадзяржавы ёсьць згадка ў некалькіх скандынаўскіх крыніцах, у тым ліку і аб сутыкненьні Полацка зь гоцка-гунскім войскам. Мяркую, што гэта магло адбыцца толькі пад час "балцкага" паходу гунаў, калі яны вярталіся ўздоўж Дзьвіны і далей да даліны Днястра. Гэта было не пазьней за 406 год, пад час кіраваньня ў іх правадыра Ульдзіна. Гэтыя зьвесткі гіпатэтычна адсоўваюць дату заснаваньня Полацка ў чацьвёртае стагодзьдзе. Тое, што археалягічныя знаходкі датуюцца не раней за 8-мы век можа сьведчыць толькі аб тым, што ён тады знаходзіўся ў іньшым мейсцы, але пасьля "гунскага візіту", яго прыйшлося будаваць нанова ў трохі іньшым мейсцы. І відаць, так было не адзін раз. Полацк заўсёды быў "на прыцэле" захопнікаў, гэта старажытны горад, што быў пабудаваны на скрыжаваньні тарговых шляхоў і ў якім жылі прадстаўнікі многіх народаў і плямёнаў. Тое самае можна сказаць і аб княстве Смаленскім, другое па велічыне і значнасьці гастарычнае протадзяржаве нашага народа. Таксама нельга не адзначыць асабістага ўнёску ў пабудову нашае краіны князёў Брачыслава Ізяслававіча полацкага і яго сына - славутага Ўсяслава Брачыслававіча (Чарадзея). Найбольшы яго цуд - вялікая тэрыторыя, надоўга аб'яднаная пад яго ўладаю. Гэта падрыхтавала шэраг далейшых трасфармацый ў нялегкае наступнае гісторыі і прывяло да ўтварэньня Вялікага Княства Літоўскага, - сапраўднае гістарычнае кузьні, ў якой выкаваўся сучасны "беларуска-ліцьвінскі" характар. Характар, які захаваўся ў нашага народу да сёняшнега дня. І гэта насуперак больш як дзьвухвекавое псіха-ідэалагічнае асіміляцыйнае працы царскіх сатрапаў пасьля канчатковага падзелу Рэчы Паспалітае і забраньня земляў Вялікага Княства Літоўскага ў склад Расейскае імпэрыі.

 

ВКЛ было агромністаю дзяржаваю, што сягала, зь пачатку 15-га веку, ад Балтыкі да Чорнага мора. Як прызнавалі і савецкія гісторыкі, там былі гарантыі правоў асобы, права ўласнасьці. Напрыклад, у адрозьненьні ад Масковіі, за віну чалавека сям'я не адказвала, і нельга было пакараць каго-небудзь зь ім зьвязанага - адказваў, па закону, толькі сам чалавек. Статуты ВКЛ былі ці ня першаю дзеячаю Канстытуцыяй сучаснага тыпу ў гісторыі Чалавецтва, спалучанаю зь практычным прававым унармаваньнем, і безумоўна паўплывалі на пазьнейшыя аналягічныя зборы законаў іньшых краінаў, ўключна зь ЗША, і сталі базаю юрыдычнага падмурку існаваньня сучаснага "эўрапейскага ладу жыцьця".

 

 

 

Мал.1. Вялікае Княства Літоўскае ў 15 - 16 вякох.

Схаматычна ёсьць паказанымі накірункі этна-культурніцкага ціску "цывілізацыйных хваляў", што ўплывалі тады на нашую дзяржаву і спрычыніліся да станаўленьня нашае нацыі.

 

Паўстаньне ў пэўны час і у гэтым мейсцы Вялікага Княства выглядае цалкам лягічным, калі разгледзець пасьлядоўнасьць падзеяў, што адбыліся пасьля краху рымскае імпэрыі і да 13 веку, калі ВКЛ выходзіць у поўны рост на гістарычную сцэну.

Характэрнаю адметнасьцьцю ўзьнікненья гэтае дзяржавы можна лічыць тое, што зь пачатку трынаццатага веку гэтая тэрыторыя пачала адчуваць пастаянна ўзрастаючы ўціск трох цывілізацыйных хваляў, што сышліся ў гэтым мейсцы зямное сушы, атачыўшы яго зь усіх бакоў. Дзьве зь іх утварыліся на груньце засваеньня спадчыны Рымскае імпэрыі. Хада ідзе аб іслямскае, першапачаткова арабскае хвалі, што заняла ўсю поўнач Афрыканскага кантынету а потым Гішпанію, частку Францыі і паўдзённага Сярэднеземнаморскага ўзьбярэжа сучаснае Эўропы і тэрыторыю аж да Індыі. Потым эстафету ад Арабскага Халіфата прынялі туркі. Іх высілкамі, гэтая хваля дасягнула свайго максымума ў 15 веку, зь ліквідацыяй Бізантыйскае імпэрыі. Яна стварыла "этна-культурніцкі напор" зь Поўдня.

Другая зь гэтых хваляў - заходнеэўрапейская хрысьціянская - была пачатая Карлам Вялікім, як "зьяднаўцам Эўропы". Але на яе фармаваньне вельмі значны адбітак зрабіла пазьнейшая неабходнасьць бараніцца ад арабскага ўварваньня ў Эўропу. Гэта спарадзіла спачатку Рэканкісту, а потым утварэньне рыцарскіх супольнасьцяў і крыжовых паходаў , а потым і рыцарскіх ордэнаў. Менавіта ў такой форме гэтую цывілізацыйную хвалю, зь дапамогаю Конрада Мазавецкага, і адчулі ў першую чаргу нашыя продкі.

Носьбіты ж трэцяе "цывілізацыйнае хвалі" амаль у той жа час, па гістарычных мерках,  зьявіліся зь Усходу ў выглядзе незьлічоных войскаў Чынгіз-Хана і створаных потым цюркціх квазідзяржаваў Чэнгізідаў. Вядома, што яны мелі спачатку вялікую рэлігійную талеранцыю, але празь пэўны час пасьля смерці  самаго вялікага імпэратара, яго наступнікі прынялі іслям.

 

Усе гэтыя накірункі ўціску стваралі "пераходныя зоны", дзе адбывалася іх дамінацыя. Напрыклад да такое зоны можна аднесьці славянскія каралеўствы і княствы ў Цэнтральнае Эўропе на захад ад ВКЛ, пазьней "Рэчы Паспалітай" (што можна перакласьці як "Народная Рэспубліка"). На Ўсходзе - Вялікае княства Маскоўскае, што ўвабрала ў рэшце рэшт патэнцыял і рэсурсы Чэнгізідаў. На Поўдні, гэта зьцюркізаваныя славянскія краіны Балканскае паўвыспы, Вугоршчына, сучасная Румынія зь Малдоваю.

 

Тэрыторыя ж ВКЛ доўгі час заставалася "полем этнічнага сінтэзу", дзе былі больш спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця і суіснаваньня многіх этнічных супольнасьцей, іх адносна бесканфліктнага ладу жыцьця, рэлігійнае талеранцыі. Таму ў ВКЛ існавала мажлівасьць частых кросрэлігійных і полінацыянальных шлюбаў.

 

Гэта спрыяла адзінству насельніцтва і генерацыі на гэтае тэрыторыі новае этнічнае супольнасьці паміж Чорным і Балтыйскім морам, на мяжы паміж цывілізацыямі Захаду і Ўсходу. На гэтае тэрыторыі "Міжморскага Парубежжа" і адбыўся этна-культурніцкі сінтэз нашае нацыі. Такім чынам, наш народ прыйшоў у гэты сьвет як дзіця ўшчыльненьня абжытое ўжо Чалавечае прасторы.

 

Зь гэтага пункту гледжаньня вельмі цікавым ёсьць пытаньне аб паходжаньні самаё Літвы, як асноўнага складніка ў назове "Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае - (Magnus Ducatus Lituaniae )". Каб уявіць сабе механізм яго ўтварэньня і працэсы што тады адбываліся я зьвярнуўся да зафіксаванае храналёгіі падзей, якія маюць дачыненьне да Літвы і Княства Полацкага. Ад часу першага ўспаміну пра Літву наагул і да ўтварэньня ўласна ВКЛ. Зразумела, храналёгія, мне даступная, ня ёсьць дасканалаю і выбарка можа быць ня вельмі рэпрэзентатыўнаю (асабліва дадзеныя зь "Вікіпедыі"), але для ацэначнае прыкідкі лічу гэтыя крыніцы цалкам дастатковымі (гл.  Дадатак 1). Маёй мэтаю было, празь гіпатэтычнае павялічэньне частаты ўпамінаньня гэтага племені, ацаніць дынаміку яго ўзаемаадносінаў зь княствам Полацкім і вызначыць ступень і крыніцу дамінацыі палітычных складнікаў ВКЛ, хоць бы "ў першым прыбліжэньні". На жаль, я гэтае мэты не дасягнуў (гл. Дадатак 2.) таму, што першыя тры інтэрвалы склалі 31, 92 і 51 год адпаведна, але пасьля 1183 году тая "Літва" зьнянацку выскоквае на гістарычную арэну і частата ўпамінаньня павялічваецца раптоўна на парадак. Наступныя інтэрвалы складаюць: 1 - 3 , максімум - 7 год! У трох гадох: 1207, 1210, 1225 - Літва згадваецца наагул двойчы. Большасьць зь гэтых звестак - гэта напады на Ноўгарад, Пскоў і Смаленск.

 

У мяне склалася ўражаньне, што гэта нейкія дзьве розныя Літвы. Да 1183 года дынаміка адпавядае частаце здарэньняў адносна іньшых "гульцоў" тагачаснае гістарычнае прасторы і тэорыі "Літвы гістарычнае" Міколы Ермаловіча (якая пастаянна ўдакладняецца, але каньчаткова не абвяргаецца гісторыкамі). Але апраўдаць далейшую яе актыўнасьць толькі "феадальнаю раздробленасьцьцю" і аслабленьнем "рускіх княстваў" не атрымліваецца. Тым больш, што зь Захаду і Поўначы на тую ж Літву наступалі крыжакі, якім у той час прыналежыла практычна ўсё паўднёвае ўзьбярэжжа Балтыкі. Яны ж дамінавалі на самім моры.

 

Але ёсьць адна гіпатэтычная магчымасьць, якая можа вытлумачыць такі "літоўскі" фенамен. Як раз у той час, 1174-1184 гадох, у паўднёва-ўсходняе частцы Нарвэгіі адбывалася  буйное паўстаньне "бярозаваногіх" ("лапцёжнікаў"), што падтрымліваліся швэдцкім ярлам Біргерам Пасьмешлівым. Ваявалі гэтыя паўстанцы зь незаконанароджанымі патомкамі папярэднега караля, якіх падтрымлівалі каралі Даніі. Барацьба ішла аж да 1208 года. Сверыр давёў паўстаньне да завяршэньня і стаў каралём у 1184 годзе. Гэта было цалкам "сацыялістычнае" паўстаньне - пад час яго былі высланыя зь краіны ня толькі епіскапы, але і знатныя грамадзяне.

Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што ў 1183 годзе першымі былі пад нападам "Літвы" Ноўгарад і Пскоў, а ўжо потым быў забіты ў бітве полацкі князь. Але гэта была тэрыторыя, дзе ў свой час дамінавалі як раз швэдцкія вікінгі. Нават значна пазьней, расейскі Піцербург быў закладзены каля швэдцкага мястэчка, якое існавала там зь даўніх часоў.

Я лічу дастаткова рэалістычнаю мажлівасьць таго, што у час грамадзянскіх войнаў у Паўночнае Эўропе 1130 - 1240 гадоў,  для здабычы сродкаў, каб супроцьстаяць нарвэжскім "лапцёжнікам", была адпраўленая ваенная экспедыцыя ў вусьце Нявы. Гэта дазволіла б таксама дасягнуць пэўных палітычных мэтаў - "насаліць" швэдам, а магчыма і перасварыць іх кіраўніцтва. Датчане цалкам маглі дазволіць сабе адправіць зборную каманду зь дабраахвотнікаў за здабычай у "зону швэцкага ўплыву". Тады становяцца зразумелымі ўсе наступныя падзеі.

 

Пасьля рэйда ад вусьця Нявы празь Ноўгарад, Пскоў і Полацак атрады таго зборнага войска апынуліся ў верхнім Панямоньні, дзе ўжо жылі нашчадкі вікінгаў, тая самая "літва", што пасяліліся там значна раней, да адзінаццага стагодзьдзя. Цалкам магчама, што яны ведалі аб гэтых паселішчах, а то і падтрымлівалі зь імі сувязь. Тым часам паўстанцы-"лапцёжнікі" ўзялі верх канчаткова і частцы каманды тае ваеннае экспедыцыі было проста няма куды вяртацца. Ды й які дурань зьедзе зь Панямоньня там пасяліўшыся? Гэта значна ўмацавала літоўскія пазіцыі і гэтае племянное ўтварэньне стала рэальнаю пагрозаю для навакольля. Тым больш, што яны маглі перыядычна атрымліваць дапамогу са Скандынавіі і Даніі. Утварылася нешта кшталту мадэрновае для таго часу "нордманскае калёніі" на Нёмане. Таму ў 1191 годзе і адбыўся сумесны паход на іх Ноўгарада і Полацка. Таксама таму і "Літва" скіроўвала свае ваеныя высілкі ў іх бок - у зону тагачаснага "швэцкага уплыву".

Адначасна павялічвалася прысутнасьць Тэўтонскага ордэну на Балтыцы. Пасьля ўдалых паходаў 1197 - 1199 гадоў імі былі створаныя нямецкае калёніі ў вусьці Дзьвіны. А 1201 год лічыцца афіцыйнаю датаю заснаваньня Рыгі. Гэта, як і параза ў вайне зь паўстанцамі "запячатала" сітуацыю на Балтыцы і яе ўзьбярэжжы для кааліцыі, што супроцьстаяла "лапцёжнікам".

 

Асобнае ўвагі вымагае пытаньне аб назове "Літва". Я лічу, ў сьвятле вышэйзгаданага, найбольш навукова карэктна выводзіць яго ад "нордманскага - lit(d)", што азначае, прынамсі ў сучаснае  ісляндцкае мове, "атрад, "узброеная група", каманда (карабля)". Паступова гэтае слова стала спачатку назовам для асеўшых на нашых рэках у Панямоньні вікінгаў, а пазьней і іх саманазовам. Канчатак жа "ва" мае сэнс субстанцыйнага ўказаньня. Ў гэтым выпадку ёсьць вызначэньне пэўнае групы людзей, народу. Як летапісная "хінава", ці "жыдава", як можна было пачуць яшчэ нядаўна на Койданаўшчыне на захад ад Путчына. Дарэчы, "жыд" у нашых продкаў было такім жа звычайным неабразьлівым вызначэньнем, як і назовы іньшых нацый і народаў. Антысемітызм, - гэта адзін зь шавіністычных "падарункаў" нашаму народу ад Расейскае імпэрыі. Татары ж і габрэі зьявіліся ў нас яшчэ ў чатырнаццатым стагодзьдзі і сталі арганічнаю, і далёка ня горшаю, часткаю нашага грамадства. Нацыянальныя стасункі ў ВКЛ былі, ясная справа, не ідэальныя, але звычайна не выходзілі за межы пабытовае ксенафобіі і зразумелага насьцярожанага, трохі негатыўнага, стаўленьня да наагул "іньшага", ня толькі "чужога". Асабліва гэта было, і ёсьць, характэрна для неадукаванае і ня разьвітае часткі насельніцтва. Гісторыя навучыла нас жыць у мульцікультурным, шматнацыянальным грамадстве. На фоне ж стану рэчаў у сумежных краінах, нацыянальныя стасункі ў тагачаснае ВКЛ, прынамсі на сучаснае тэрыторыі Беларусі, можна лічыць цалкам талерантнымі.

 

Такая гістарычная спадчына значна спрашчае магчымасьці нашае адаптацыі да сучасных тэндэнцый глябалізацыі і сусьветнае інтэграцыі. Але ёсьць вялікае пытаньне як інтэгравацца, зь кім і на якой "ідэйнае базе". Як казаў у свой час філёзаф Барыс Парамонаў у перадачы, прысьвечанае 150-годзьдзю зьяўленьня "Маніфэсту камуністычнае партыі" і 180 - годзьдзю зь дня нараджэньня Маркса: "...Маркс не прадбачыў сітуацыі, ў якой не эўрапейскі сьвет зробіцца самастойным гаспадарчым і, што ў дадзеным выпадку важней, палітычным суб'ектам. Ён жыў у эпоху каланіялізму. Якія сюрпрызы можа прынесьці глябалізацыя эканомікі, якія катастрафічныя яе патэнцыі, пакуль не ясна. Гэта зробіцца ясным тады, калі і пры ўмове, што такая катастрофа адбудзецца. Ясна толькі адно: што калі сьвет і загіне па-Марксу, то не па-Марксу ён уратуецца".

 

°°°

І на заканчэньне мае сэнс успомніць пра будучыню. Нашая цывілізацыя падыходзіць да чарговае кропкі біфуркацыі. Рэсурс трываласьці нашае плянэты паступова і няўхільна падыходзіць да вычарпаньня. Вытворча, як сумма тэхналёгій перапрацоўкі выкапняў і іньшых субстанцый у тавары, наша "панграмада" - сусьветная супольнасьць - зь яе фабрыкамі і заводамі, ўжо зайшла ў тупік "грамадства спажываньня", яго пашыранае (і экстэнсійна пашыраючаеся) вытворчасьць перарастае ў рэальную пагрозу існаваньня Чалавецтва.

Так, у многіх раёнах Зямное Кулі пануе голад і галеча, але калі проста працягваць вырабляць і транжырыць выкапні, бязьконца завальваючы атачэньне адкідамі і атручваючы асяродздзе хіміяю і выпраменьваньямі рознае прыроды і частотаў, - людзей паміраць ад голаду і хваробаў стане яшчэ больш.

Вялікаю каштоўнасьцьцю для нашае цывілізацыі ў гэтых умовах ёсьць не толькі захаваньне біялагічнае разнастайнасьці прыроды, але і генетычнае разнастайнасьці чалавека, як біялагічнага віда, таксама як і захаваньне энтна-культурнае спадчыны зямнога насельніцтва, ўсяго багацьця гістарычнага вопыта Чалавецтва.

 

Пакліканьнем нашых элітаў я лічу неабходнасьць сьвядомага стварэньня і рэалізацыі комплекса новых ідэяў, ідэалягем і, калі хочаце, парадыгмаў, што забясьпечылі б разьвіцьцё нашае нацыі ў любых умовах, зь прыцэлам на прагназуемую будучыню. Гэта вымагае ня толькі стварэньне адпаведных структураў па рэсурснаму забесьпячэньню і адсочваньню асноўных трэндаў разьвіцьця, але і глябальнаму супрацоўніцтву Нацыі, яе прадстаўнікоў па ўсяе Плянэце.

 

Выйсьце Чалавецтва зь сучаснага тупіку толькі ў паступовым зьмяненьні празь існуючыя міжнародныя механізмы грамадскіх супольнасьцяў асобных краінаў і пабудова цывілізацыі новага тыпу. Гэткага кшталту "самаінжынерыі" па стварэньню грамадства, скіраванага на найбольш эфектыўнае выкарыстаньне рэсурсаў зь аптымізацыяю ўсіх працэсаў, пры захаваньні мінімальнага стандарту існаваньня для кожнага жыхара плянэты.

Нам трэба асазнаць, што Чалавецтва павінна ўзяць свой лёс ва ўласныя рукі і не мусіць больш залежыць ад вычарпальнасьці лякальных рэсурсаў, сутыкненьня планеты зь іньшымі касьмічнымі целамі, альбо наагул свавольства нейкіх касьмічных аб'ектаў і фактараў. Беларускі народ мае патэнцыял і магчымасьці, каб самастойна будаваць сваю будучыню і, празь гэта, будучыню Чалавецтва. У нас дастаткова рэсурсаў і ідэй, каб заняць лідэрскія пазіцыі ў станаўленьні Чалавечае цывілізацыі новага тыпу. Наша мэта - бязьконцасць Прасторы і Часу.

°°°

 

*) "Біфуркацыя" - навуковае вызначэньне зь матэматычнае "тэорыі катастроф", перакладаецца літаральна як "разьвілка дарог". Гэта мамент "выбару" (у тапалягічным сэньнсе) пэўным працэсам новага накірунку шляху свайго руху. Гэта залежыць ад канфігурацыі, "формы паверхні" ўсяго комплексу зьнешніх чыньнікаў. Хада ідзе аб любым працэсе - фізічным, альбо ў чалавечым грамадстве. Толькі Чалавек здольны рабіць такі выбар асэнсавана. Пасьля таго, як выбраны пэўны шлях, часам катастрафічна, празь "рэвалюцыйны" скачок, далей ўсё цячэ ў межах гэтага канала эвалюцыі, якія перайсьці нельга бязь злому самаго канала -зьмены канфігурацыі абмяжоўвыючых фактараў. Але гэта можа адбыцца толькі і тады, калі рэсурсы папярэднега стану сістэмы будуць вычарпаныя. Альбо для гэтага патрэбны прыток большае колькасьці энергіі і рэчыва звонку, каб зьмяніць канфігурацыю самой сістэмы і празь гэта паўплываць на працэс .

Да тае пары, пакуль "канал руху" існуе і інэрцыя руху не вычарпаныя - межы "канала" адвольна перайсьці немагчыма. Але і ў межах аднаго канала многія рэчы могуць паўтараца, да вычарпаніня энергіі працэсу і зьмены шляху празь новую біфуркацыю.

 
 
 
 

Дадатак 1.

 

Храналёгіяпадзеяў часоў ўтварэньня Вялікага Княства Літоўскага,

княства Полацкае і звязаныя зь ім падзеі пад час гэтага працэсу..

(Складзена па "Храналёгіі гісторыі Беларусі" - энцыкляпедычная

бібліятэчка "Беларусь" і "Вікіпедыі")

 

11 ст. - утварэньне Смаленскага княства.

1003 -1044 - Княжэньне ў Полацку Брачыслава Ізяслававіча

1009 г - першае ўпамінаньне аб Літве, забойства місіянера каля р.Буг

1040 - паход кіеўскага князя Яраслава (Мудрага) на Літву, ўдзел у ім Брачыслава    Ізяслававіча

1044 - 1101 - княжэньне ў Полацку Ўсяслава Брачыслававіча

1065 - паход Усяслава Брачыслававіча на Пскоў.

1066 - захоп ім Ноўгарада.

1067 - менская бітва на Нямізе.

1068 -1069 - яго княжэньне ў Кіеве.

1097 - зьезд рускіх князёў у Любечы, пачатак "феадальнае раздробленасьці".

1101 - 1128 - Полацак, княжэньне Давыда Ўсяславіча

Пачатак 12 ст. - утварэньне Віленскага ўдзельнага княства

                            - утварэньне Гарадзенскага княства

1103 - паход Давыда Ўсяславіча ў кааліцыі зь паўднёвавымі княствамі супраць       полаўцаў.

1105 - утварэньне Полацкай епіскапіі

1120 - 1173 жыцьцё і дзейнасьць Эўфрасінні Полацкае

Пасьля 1120 г. стварэньне "Аповесьці мінулых часоў"

1132 - паход гарадзенскага князя Ўсевалада Давыдавіча на Літву.

1147 г. першыя летапісныя зьвесткі пра Маскву.

1151 - выступленьне палачан супроць князя Рагвалода Барысавіча і высылка яго ў            Менск.

1159 - хваляваньні гараджан у Полацку і Друцку

1159,1160,1161 - асады Менска Рагвалодам Барысавічам, князям друцкім і полацкім.

1161 - стварэньне полацкім майстрам-ювелірам Напрастольнага Крыжа, які адначасова ёсьць "ракай" зь найсьвяцейшымі мошчамі, для Эўфрасіньні Полацкае.

1162 - разгром менскім князем Валадаром Глебавічам войск Рагвавлода      Барысавіча пад Гарадцом.

1167 - захоп Полацку менскім князем Усяславам Васількавічам

1183 (таксама і 1200, 1210, 1214, 1217, 1224, 1225, 1229, 1234)- напады Літвы на   Ноўгарад - Пскоў

Да 1185 - у бітве зь Літвою забіты князь Ізяслаў Васількавіч, князь Полацкі (ёсьць у            "Слове аб палку Ігаравым")

1191 - сумесны паход войск Ноўгарада і Полацка супроць Літвы.

1195 - разгром палачанамі войскаў смаленскага князя Давыда Расьціслававіча.

Канец 12-га ст. - стварэньне "Слова аб палку Ігаравым"

1196 (і 1210)- напад Літвы на Валынь

1201 - Паход полацкага князя Ўладзіміра на Літву.

1203 - бітва чарнігаўскіх Ольгавічаў зь Літвой

1204 (і 1204, 1225, 1239, 1248) - напады Літвы на Смаленск

1205 - 1207 - паходы літоўскіх князёў на землі "заходняе Русі".

1207 - на Літву хадзіў Уладзімір Рурыкавіч смаленскі.

1215 - уключэньне ў Літоўскае княства Чорнае русі.

1216 - разгром смаленскім князем Мсьціславам Давыдавічам літоўскіх групаў, што             рабавалі Полацкае навакольле.

1223 - мірны дагавор Смаленскага, Віцебскага і Полацкага княстваў зьРыгаю і        Готландам ("Смаленская гандлёвая праўда").

Пасьля 1230 - утварэньне Вялікага княства Літоўскага (па Вікіпедыі існавала ў                                   1236 - 1795 гады)

Пасьля 1230 - 1263 - княжэньне Міндоўга ў ВКЛ.

 

 



Дадатак 2.

 

Храналягічная частата і інтэрвалы  ўпамінаньня ў пісьмовых крыніцах падзеяў, зьвязаных зь этнонімам "Літва" ад першага зьяўленьня і да ўтварэньня

 Вялікага Княства Літоўскага,

(на груньце дадзеных у Дадатку 1).

 

№ п/п    Дата     Інтэрвал у гадох               № п/п      Дата     Інтэрвал у гадох

 

 0         1009               -                                              14       1210               3

 1         1040               31                                           15       1210               3

 2         1132               92                                           16       1214               4

 3         1183               51                                           17       1215               1

 4         1185               2                                            18       1216               1

 5         1191               6                                            19       1217               1

 6         1196               5                                            20       1224               7

 7         1200               4                                            21       1225               2

 8         1201               1                                            22       1225               2

 9         1203               2                                            23       1229               4

10       1204               1                                            24       1234               5

11       1205               1                                            25       1248               14

12       1207               2                                           

13       1207               2                                           

Комментариев нет:

Отправить комментарий