суббота, 23 марта 2013 г.

Ad astra per aspera.


Язэп Паўловіч

Ad astra per aspera.

 

Зь лацінскае - гэта азначае "Да зораў празь церніі..." На першы погляд гэта гучыць за-надта патэтычна, але выраз ня ёсьць узьнёслаю гіпэрбалаю. Гэта - паўсядзёная бытнасьць нашага зямнога існаваньня. І справа тут нават не ў пераадоленьні тых ці іньшых цяжкасьцяў і перашкод на шляху да больш дасканалага жыцьця альбо нават паляпшэньня гэтага Сьвету. Гэта - рэальны стан рэчаў,  які знае кожны чалавек, але грамадства цалкам, як гэта ні дзіўна, яго ігнаруе.

Не, канешне ўсе зарас вызнаюць, што нашае Сонца ёсьць толькі адной зь нязьлічоных зорак нашага Сусьвету і Зямля вакол яго круціцца ...   І людзі паляцяць некалі ў той далёкі-далёкі Космас да зораў ...  

Далёкі?  І наколькі?  Ўявіце сабе адлегласьць, якую вы пройдзеце за дзьве гадзіны не таропкаю хадою. Прыкладна на такое вышыні ад паверхні Зямлі вы ня зможаце ўжо дыхаць бязь спецыяльнае прылады - то і будзе верхняя мяжа вашае біялагічнае прасторы існаваньня. А на вышыні ў пятнаццаць раз большае ўжо й пачынаецца той космас. Гэта складае ўсяго 110 -120  кіламетраў. Чалавек штодзённа знаходзіцца ў касьмічнае прасторы, але яго сьвядомасьць сягае толькі бліжэйшага "кола ўвагі" - г.зн. толькі таго, што можна "ўзяць у рукі", датыкнуцца.

Вельмі нямногія зь людзей здольныя асэнсаваць хібы свайго ўспрыняцьця, зрабіць слушныя высновы і аптымізаваць свае дзеяньні. Яшчэ меньшая іх колькасьць шукае выйсьце ня толькі для сябе, але й ўсяго Чалавецтва. Адным зь такіх выбітных постацей быў і ёсьць украінскі грамадскі дзеяч, пісьменьнік Алесь Берднік.  Я прапаную вашае ўвазе свой пераклад яго працы "Пунціры надыходзячага. Хартыя Украінскае Духоўнае Рэспублікі" (па матэрыялах яго інтэрнэт сайту). І не таму, што гэтым годам яму павінна было б споўніцца 85 год. Зусім не.

Справа ў тым, што ідэі, сфармуляваныя гэтым чалавекам вельмі пакручастага лёсу, робяцца ўсё больш актуальнымі ў наш час. Канешне, многія з тых рэчаў, якія яму закідаюцца, "маюць мейсца". Ў тэксьце можна знайсьці ўплывы многіх накірункаў, - ад Нестара Іванавіча Махно да Івана Антонавіча Яфрэмава. Але, пры ўсім вонкава-"анархічным" накірунку, гэты тэкст, па-выніку, не прапануе "вынішчыць дзяржаву", а толькі знайсьці шляхі да трансфармацыі дзяржавы ў не паразітуючы механізм планетарнага рэгуляваньня для пасьпяховага суіснваньня індывідуумаў, соцыюмаў і біяцэнозаў.

Таксама як няслушна называць Бердніка "украінскім Яфрэмавым", ба якраз ён шукае механізм захаваньня Чалавецтва ў яго этнічнае разнастайнасьці, пераадоленьня яфрэмаўскага "этнічнага маналіту", як зьявы на самрэч утапічнае.

Алесь Берднік ня толькі "тэарэтызаваў", але і зрабіў ўсё, а можа нават болей, (за) магчымае для рэалізацыі свае канцэпцыі. Калі коратка яе фармуляваць - "Зямля - наш агульны касьмічны карабель, кіраваньне якім павінна прыналежыць Зьяднанаму Чалавецтву і Чалавек павінен быць адказным за свой лёс і лёс ўсіх жывых істотаў Плянэты".

Цэнтральнае пунктам тае канцэпцыі, ключом для яе рэалізацыі, ёсьць - "захаваньне разнастайнасьці" ва ўсіх праявах рушаньня матэрыі, біялагічнага і сацыяльнага.

Гэта тым больш важна зарас, калі мы знаходзімся ў стане татальнага крызісу нашае зямное цывілізацыі, рэзкаму абвастрэньню супярэчнасьцяў паміж дзяржавамі і іньшымі міжнароднымі "актарамі" ў іх барацьбе за вычарпальныя рэсурсы планеты. Крах грамадства, заснованага на "пашыранае вытворчасьці", як і мадэлі "грамадства спажываньня", не дае аніякіх гістарычных перспектыў як традыцыйные "дзяржаве", таксама і сацыяльным тэорыям 19-га, пачатку 20-га стагодзьддзяў.

 

Відавоча толькі, што перад намі вялікі і невядомы шлях, які мы мусім прайсьці. Сталася так, што мне пашчасьціла дакрануцца да разгадкі знака Ўсяслава Брачыслававіча. Я асэнсаваў і глыбока пераканаўся, што важна ня толькі ведаць мэту свайго Шляху, але дакладна ўсьведамляць, дзе ты зарас знаходзішся. Паміж гэтымі дзьвума кропкамі і пралягае дарога, якая вядзе да посьпеху. Толькі так можна зрабіць выбар правільнага накірунку рушаньня і "якасьць шляху" - тое, што кітайкія мудрацы завуць"Дао". Тут ужо амаль як у песьні У.С. Высоцкага  - "... важна не цэль, а путь, что к ней ідёшь"

 

Але пакінем расейска-савецкае інтэлігенцыі пошукі адказаў на іх тры асноўныя пытаньні: - "Хто вінаваты?", - "Што рабіць?" і - "Дзе мае акуляры?",  і мусім вырашыць нашае асноўнае пытаньне - ДЗЕ МЫ?

 

Жыцьцёвы  шлях Бердніка - гэта шчасьце і асабістая трагедыя чалавека, імя і ідэі якога пагатоў выкарыстоўваецца іньшымі, ў тым ліку  іх спрабуюць прыстасаваць пад "Северо - Западо - Евразійское" - будаўніцтва.

 

Старацца ж нешта расказаць за пісьменьніка - гэта ідыятызм "ад лукавага". Таму слова самаму Алесю Бердніку:

 

 

 

 

Алесь Берднік

 

Пунціры надыходзячага

Хартыя Украінскае Духовае Рэспублікі

 

"Мы ўзводзілі свой храм бязь дотыку рукі..."

Ліна Кастэнко

 

Ідзе бой на сусьветным полі.

 

Векавечнае супроцьстаяньне паміж панявольваючымі і дзецьмі волі.

 

Тэрмінналёгія - бюракраты, шавіністы, нацыяналісты, экстрэмісты, матэрыялісты, ідэалісты - толькі зацяняе сэнс двубою.

 

Усё проста, гранічна проста: тысячагоднія высілкі дзяцей творчасьці і працы вызваліцца ад паразітаў, і намаганьні тых апошніх містыфікаваць гэтую дынаміку з дапамогаю рэлігіі, сацыялёгіі, навукі ці якіх-небудзь іньшых тэарэтычных выкрутасаў.

 

Касметыка паразітаў калейдаскапічна-вытанчаная таму, што яны зацікаўленыя (жыцьцёва зацікаўленыя!) ў тым, каб каб іх прымалі як арганічны, неад'емны атрыбут быцьця. Жрацы, кіраўнікі, вучоныя, правадыры, ваяводы, сацыёлагі, апалагеты розных філязофій, - ўсюды варушацца шчупальцы міравога зьмея паразітычнага спажываньня.

 

Народы абуджаюцца да ўсьведамленьня злавеснае сітуацыі тысячагадовае духоўнае эксплуатацыі. Ў глыбінных нетрах этнасаў нараджаюцца рухі да вызваленьня ад вякавое дрымоты. Ступаючы зарас на тую новую, небывалую сьцяжыну, трэба пільна агледзець навакольле, каб не цягнуць у надыходзячую будучыню старадаўніх паразітаў, што прысмоктваюцца адусюль. А разам з тым - усталяваць тоеснасьць,  еднасьць зь прадвечным нацыянальным коранем.

 

Нам кожнага разу падсоўваюць новую сацыяльна-палітычную цацку, і мы, нібы асёл у прытчы, бяжым за тою бразготкаю, за прывязаным да аглоблі шматком сянца, забыўшыся пра сваю сутнасьць, пра сваё пакліканьне, прыслухоўваючыся толькі да бурчаньня стрўніка ды хвастаньня пугі паганятага.

 

Хто ж мы? Вось жа кожны народ ёсьць пэўнае духоўнае дрэва, і пакуль яно ня сьпілаванае ці сьсечанае, то прарастае ўнікальным сьцяблом, прыналежным толькі яму.

 

Тысячагодзьдзямі нас брутальна зрубалі, прывіваючы да магутнага пня чужыя парасткі. Толькі карэнь зноўку гнаў да сонца родныя парасткі, і зоў і зноў іх сьсякалі.

 

Мы былі царскімі скіфамі, вольнымі рыцарамі, грамадзянамі траянскае супольнасьці - нас зрабілі халопамі Рурыкавічаў.

 

Мы былі запарожцамі, маючымі нораў і гонар, абаронцамі волі і незалежнасьці, - нас абярнулі ў крэпасных жорсткае, бязьлітаснае імпэрыі.

 

Мы павінны прачнуца, каб аднавіць свой іманентны статус духоўных рыцараў, бо толькі ў самарэалізацыі палягае сэнс эвалюцыі і рушаньня народаў. Дый ня толькі народаў, - гэта закон ўсяго існага!

 

Мы павінны адшукаць у нашае гісторыі, - й нават космагісторыі! - ўласнае глыбіннае ядро, якое вызначае нацыянальны характар, сутнасьць, сэнс. Не адкрыўшы, не дасягнуўшы тае сутнасьці, народ распадаецца, гіне. Адкрыўшы, дасягнуўшы, этнас выконвае волю Мацеры-Прыроды, каторая яго нарадзіла для вялікіх гістарычных мэтаў.

 

Дзе ж дамінанта, дзе ядро нашага гістарычнага быцьця?

 

Казацтва, Сеч, Хорціца.

 

Такія дамінанты ёсьць  у кожнага народу, але іх павіны шукаць для сябе прадстаўнікі тых ці іньшых этнасаў. І калі тыя дамінанты, прыкметы атаесамленьня спасьцігнутыя, вызначаныя, павінна адбыцца рэгенерацыя, ўваскросеньне народнага арганізму.

 

Мы ўспомнілі. Мы прамовілі назву свайго ядра. Цяпер чарга за тым, каб спасьцігнуць асноўнае: як вытлумачыць, раскрыць Сеч, казацкі стан, сэнсы Хорціцы.

 

Мы не хутаране, не рэтраграды. Вядзецца не пра музейныя архаічныя рэчы. На цяперашнім вітку быцьця прамаўляецца аб уздыме згаданых паняцьцяў на новы, касьмічны ровень. Мы гаворым пра Сеч духоўную, якая кліча спрадвечных казакоў розуму і серца да Нябеснае Хорціцы, вымагае стварэньня Дохоўнае Рэспублікі альбо Найвышэйшае Рэспублікі, якую чвэрць тысячагодзьдзя таму мроіў геніальны сын Украіны Грыгоры Сававіч Скаварада.

 

Паспрабуем ўвесьці гэтыя быццам бы абстрактныя рэчы ў рэаліі ўраганнага, катастрафічнага сёньня.

 

 

1.

 

Мы аглушаныя грукатам Касьмічнае Эры. Як тое было ў старадаўніх казках, на скрыжаваньні космагісторыі высіцца камень, на якім прывабна палымнеюць словы: "ідзі налева", "імкніся направа", "сьпяшайся наўпрост". Кожны накірунак вытанчана аздоблены абяцанкамі, прыманкамі, за якія трэба плаціць. У большасьці выпадкаў плата адна і тая ж - нацыянальнае зрачэньне. Чаму такая наканаванасьць? Хто зацікаўлены ў фармаваньні чалавека бязь кораня?

 

Цягам тысячагодзьдзяў усялякія сілы цягнуць чалавека да "універсалізму", да космапалітычных паяднаньняў у дэнацыяналізаваную супольнасьць. Якія ж аргументы выстаўляюцца для аргументацыі такое "неабходнасьці"? Якія тыя  сілы?

 

Перадусім - імпэрыі. Зь імі ўсё ясна. Ўсякая наднацыянальная структура, што паразітуе на багацтве паняволеных народаў, намагаецца найскарэй зьліквідаваць арыгінальнасьць нацый ды й плямёнаў, каб выбіць са сьвядомасьці эксплуатаваных істотаў ідэю свае унікальнасьці, непаўторнасьці. Нацыю, пазбаўленую творчае патэнцыі, асіміляваць лягчэй. Так было заўжды. Так ёсьць і цяпер...

 

Прагна імкнуцца дэнацыіналізаваць людзей таксама розныя культы. Яны заклікаюць да аморфнае "духоўнае" еднасьці, апялюючы да словаў Вучыцеля Новага Запавету: "Няма ні варвара, ні скіфа, ні іўдэя, ні элліна, - ўсе дзеці Божыя." Той цудоўны запавет інтэрпрэтуюць як імператыў "зьліцьця", ліквідацыі нацыінальных адметнасьцяў. Такім чынам, арыгінальная творчасьць нацыянальнага генія становіцца інструментам для ўзьвялічваньня трансцэндэнтных абстракцый, а дакладней - тэакратычных кланаў ці каст. Насамрэч жа Вучыцель заклікаў да аб'яднаньня розных народаў ды плямёнаў у непарушную Божаю Сямью.

 

Філёзафы ды тэарэтыкі ўсіх вякоў - прыслужнікі эканамічных альбо духоўных імпэрый - стварылі безьліч тэорый ды дактрын, у якіх намагаюцца зацьвердзіць ідэю часовасьці нацый ды іхнюю негатыўную ролю ў справе ўсеаб'яднаньня чалавецтва. Мяркуецца, што нацыянальныя адметнасьці, амбіцыі ды памкненьня ствараюць неадольныя муры паміж рознымі народамі, і толькі нівэляцыя, адрынаньне тых адметнасьцей дазволіць сфармаваць агульначалавечую сям'ю.

 

Спытаем самі сябе: што такое нацыя? Што яна дае чалавеку?

 

Найвышэйшая ідэя ўсіх філязофій ды сьветапоглядаў - свабода духу.

 

Але як сам дух праяўляецца на Зямлі?

 

Праз слова, думку, пачуцьцё.

 

Слова, думку, пачуцьцё - то бок, душу чалавечую - фармуе нацыя, народ. Яны даруюць чалавеку мову, традыцыю, эстафету гістарычных дасягненьняў і місію спадкаемнасьці творчасьці.

 

Абстрактны чалавек - абсурд. Кожная мысьлячая істота раскрываецца, самарэалізуецца на космагістарычным Дрэве пошуку, дасягненьня, барацьбя самасьцьвярджэньня, любові, братэрства. Тое Дрэва - Чалавецтва.  Кожны народ, нацыя - адна з галінак глябальнага Дрэва.

 

Гэтаксама чалавек - лісток на нацыянальнае ветцы, як народ - галінка на ўсечалавечым дрэве, як чалавецтва - унікальны парастак у касьмічным Садзе Жыцьця.

 

Немагчыма пераскочыць тыя градацыі быцьця. Дарэмна станавіцца "грамадзянінам Сусьвету", ігнаруючы культурныя, моўныя, традыцыйныя духоўныя асаблівасьці таго ці іньшага канкрэтнага народу, як ня можа лісток існаваць самадастаткова, па-за тым ці іньшым дрэвам.  Пазанацыянальны чалавек - фікцыя, перакаці-поле, патэнцыйны здраднік, які ня мае творчае пупувіны, а таксама гатовы да паразітаваньня ў лоне кожнага народу.

 

Што можа стварыць "космапаліт"? Якою моваю? Для каго? Дзе яго мэта? Дзе сям'я? Што ён панясе ў Космас, нават авалодаўшы супермагутнымі тэхналёгіямі? Ўсеадзінства? "Плюралістычную" гнуткасьць, здольнасьць прыстасавацца да якіх за ўгодна метамарфоз ды зьмен?

 

Такога хамеліёна ня прыйме ніводная планета, аніякая сфэра існаваньня, бо Браты зь далёкіх сусьветаў чакаюць не на зьневіляваных вырадкаў, не на асіміляваных біяробатаў, а унікальных творчых духаў, якія нават ва ўмовах цяжкага зямнога сьвету зьбераглі індывідуальнае аблічча і непаўторную вясёлку роднага Слова - Логаса.

 

Дзякуючы сацыялогіі, тэарэтыкі дэкляруюць любоў да чалавецтва наагул.

 

Тое - ашуканства й брахня.

 

Калі ты ня змог полюбіць родную маці, родны народ, як жа ты зможаш любіць "усё чалавецтва"? Каб квітнеў Сад Чалавецтва, трэба ўважліва, старанна, любоўна песьціць кожнае дрэва-нацыю паасобку.

 

Вось жа зноў і зноў падкрэсьлійма, што нацыя - ёсьць Маці душы, псыхікі, мысьленьня, сэнсу быцьця. Нацыя вымагае ад асобы іспыту вернасьці, акрэсьленасьці, індывідуальнасьці, мужнасьці, творчасьці, пасьлядоўнасьці, распазнаньня, духоўнасьці, прыгажосьці, любові. Нацыя - правобраз Сусьветнае Сям'і. Нацыя - адлюстраваньне Мацеры Божае на Зямлі.

 

 

2.

 

Падкідаецца аргумент пра антаганізм нацый, пра вайну паміж імі. А далей даводзіцца тэза, што ліквідацыя, альбо - "культурней" - "зьліцьцё" нацый, паскорыць аб'яднаньне людей у супольную сям'ю. Ігнаруецца тое, што антаганізм заўсёды выяўляецца, спараджаецца не духам нацый, а тымі ці іньшымі групамі, клянамі, мафіямі, імпэрыялістычнымі цэнтрамі, каторыя паразітуюць на творчае сіле народаў, скіроўваючы тую сілу на антынацыянальныя справы. Патрэбная поўная праўда пры разглядзе нацыянальнае праблемы. Але перад гэтым трэба спытаць: хто мае права разглядзець і вырашыць тую праблему?

 

Безумоўна, толькі Сыны Нацыі.

 

Долю Мацеры павінны вырашаць толькі яе дзеці, а не чужыя людзі. Таму кожнае мудрагелістае тэарэтызаваньне вакол праблем нацыі, мовы, нацыянальных традыцый, культуры недапушчальныя. Толькі самі генетычныя глыбіні таго ці іньшага дрэва могуць знаць і вырашаць, калі, дзе і як вырошчваць той ці іньшы лісточак, тую ці іньшую кветку, якога колеру, якога паху.

 

Ясная справа, мы не ўтапісты і разумеем, што вольнаму вырашэньню нават падставовых праблемаў ставяць перашкоды канкрэтныя гістарычныя нагрувашчваньні ў выглядзе імпэрскіх рэліктаў: структураў, забаронаў, міталягем, звычаяў, стэрыятыпаў, сацыяльнае інэрцыі, эканамічных ідэй альбо й проста - элемнтарнага паразітаваньня ў розных сфэрах быцьця. Ірваць тыя сувязі адразу - балюча, небясьпечна, а часам нават немэтазгодна альбо негуманна.

 

Неабходна знайсьці шлях да самавызначэньня нацый, народаў ды пляменаў па-над неразвязанымі вузламі актуальных супярэчнасьцяў. Больш за тое, трэба, каб знойдзенае рашэньне было прыймальнае для кожнага народу, а тым болей, для такога народу, імем якога спекулююць, фармуючы тэалагічную, імпэрыялістычную ці сацыяльную вязьніцу альбо дактрыну.

 

Такая ідэя нарадзілася і сфармавалася. Хада ідзе, як мы пра тое згадалі на пачатку, пра зараджэньне ў нетрах народаў Зямлі Духоўных Рэспублік. Зарас прапануецца разглядзець і сьцьвердзіць дэклярацію пра нараджэньне на космагістарычным полі Украінскае Духоўнае Рэспублікі, альбо Духоўнае, Сьвятое Украіны.

 

Канкрэтызуем тую Ідэю.

 

 

3.

 

Уважлівы і не перадузяты аналіз гістарычнага мінулага Плянэты, а таксама сучаснае міравое сітуацыі паказвае, што практычна ўсе дзяржавы і правячыя структуры - банкруты. Ніхто не прадэмастраваў сьвету стварэньне неантаганістычнага аб'яднаньня людзей ці народаў, каторае б мела стратэгічныя перспектывы эвалюцыйнага разьвіцьця ў надыходзячым будучым. Заўсёды і паўсюль - ў мінулым і зарас - мы бачым бязьперапынныя войны, паўстаньні, перавароты, жахлівыя парушэньні правоў чалавека ці народу, катаваньні, рэпрэсіі, шыбеніцы, гільяціны, расстрэлы, духоўныя прыніжэньні, эксплуатацыі, падманы.

 

Безумоўна, ў гісторыі і эпасе многіх краін можна знайсьці сьветлыя старонкі, чалавечных лідэраў, гуманныя дэклярацыі. Аднак найцудоўнешыя ідэі, ўвасабляючыся ў старых, парочных зьмясьцілішчах, скажаюцца і ператвараюцца ва ўласную процілегласьць.

 

Сучасны стан - дзіця мінулага. Прыгадайце сусьветную гісторыю.

 

Усе тыя паходы, гекатомбы ахвяраў, амбіцыі дыктатараў, кровапраліцьці, узьнёслая балбатня і пыха жрацоў ды заваёўнікаў, піраміды трупаў, зьнішчэньне бібліятэкаў ды храмаў, носьбітаў ведаў ды й прарокаў! Усе гэтыя напыжаныя манархі, дыктатары, творцы ўбогіх дактрынаў, палітычныя брахуны ды й ашуканцы, рэлігійныя місьціфікатары, ўсе тыя Люцыферавы дзеці, што рэалізуюць свае лукавыя задумы на псыхаэнергетыцы народаў! Што мы можам сінтэзаваць з груды гістарычнага сьмецьця цяпер, на парозе Касьмічнае Эры? Адвольныя палітычныя трызьненьні, альбо псэўдарэлігійная ліхаманка павінны быць пераадоленыя, бо інакш ўсе нашыя "будаўніцтвы", "перабудовы", "прагрэсы" ды й "эвалюцыі" ці "выратаваньні" - апынуцца міражом і самамістыфікацыяю.

 

Мы патрапілі ў палон чорна-белега бачаньня сьвету: тэізм - атэізм, матэрыялізм - ідэалізм, Бог - Сатана, праўда - брахня. Ўсе гэтыя фікцыі закрылі ад нас Адзінства Сьвету.

 

Быцьцё - вясёлка. У вясёлцы наагул няма чорна-белага. І чорнае і белае - паўстаньне супраць вясёлкі: чорнае - паглынаньне колераў, белае - адбіцьцё, адмаўленьне. Мы - рабы шэрагу філязофскіх ды й іньшых стэрэатыпаў.

 

Трэба рыўком выскачыць са спектаклю вякоў. Прарвацца да ўласнае сутнасьці, паланёнае прагматызмам гістарычнага балагану. Ці могуць палітэканамічныя структуры дзяржаваў скіраваць такі скачок?

 

Гэта - выключана. Праграма самазахаваньня структуры замінае нават найпрагрэсіўнейшым лідэрам дзяржаваў, якія хочуць выкарыстаць бюракратычны апарат для саматрансфармацыі дзяржавы. Тыранія дзяржаўнае машыны непераадольная, пакуль яна пануе над культураю і духоўнасьцьцю. Бо сама духоўнасьць ёсьць такім зернем, што мае ўзрасьціць дрэва Зорнага Братэрства Народаў, пры якім усе насільніцкія, бюракратычныя структуры прымусу ды й паняволяньня растануць у тумане мінулых цёмных вякоў. Таму дзяржавы ёсьць ворагамі ўсіх эвалюцыйных пераўтварэньняў, яны ўсяляк будуць замінаць творчым сілам народаў (сваіх і чужых) раскрыцца ў поўную сілу.

 

Эпоха духоўнасьці вымагае пераходу ад дзяржаўніцкага насільля, сваволі да самакіраваньня, да стварэньня нацыянальных грамадаў, да аб'яднаньня іх ва Ўсепланетную Грамаду Народаў.

 

Такі шлях пралягае праз фармаваньне Духоўных Рэспублік.

 

 

4.

 

Што асноўнае ў гэтае ідэі?

 

Вызначэньні прымату, першасьці ў дынаміцы народнага, а дакладней - агульначалавечага жыцьця. Мы ўпэўненыя ў тым, што высьпявае агульнасьвятовая інвэрсія лідэрства: не эканамісты павінны кіраваць творцамі духоўных каштоўнасьцяў культуры (а гэта ж галоўныя скарбы эвалюцыйнага духу народаў!), а наадварот - на чале нацыянальнага жыцьця павіны стаць мысьляры, навукоўцы, пісьменьнікі, мастакі, філёзафы, педагогі, летуценьнікі, духоўныя падзьвіжнікі, футуролягі, казачнікі, пісьменьнікі, творцы культуры.  Эканамічны бок жыцьця павінен саступіць на другі плян, як фізіялёгія агульнаплянетнага арганізму.

 

Гістарычны досьвед пацьвердзіў што панаваньне групы над цэлым - катастрафічнае ў кожнае праяве: царква, партыя, навуковая эліта, мастацкая асацыяцыя, палітычная банда, падпольная мафія - ўсе нямінуча спазнаюць крах, калі ігнаруюць волю Цэласьці.

 

Спадзявпаньні на геніяльныя дэрыктывы, азарэньні, зьезды, перавароты, дактрыны, катэхізісы - марныя! Дарэчным ёсьць толькі разьняволяньне ўсіх душ, усіх індывідуальнасьцяў, усіх плямёнаў, народаў, усіх імкненьняў і волявыяўленьняў. Такое крэда зорнае ступені эвалюцыі. Стэрэатыпы гістарычнага балагану спасьцігла фіяска. Цяпер слова за энтузіястамі.

 

Адцяпер, Касьмічная эпоха вымагае ня толькі тэхнагеннага выхаду ў неабсяжнасьць, ня толькі інфармацыйнае рэвалюцыі, а - перад усім - бязьстрашных крокаў у таямнічыя сусьветы ўнутраных Космасаў.

 

Ці могуць быць афіцыйныя ворганы ды й арганізацыі гарантамі такой перабудовы ў сферы духоўнасьці й культуры?

 

Дарэмная справа!

 

Яны толькі інструмэнты для выкананьня загадаў "зьверху". Скажуць - разьвіваць  культуру! Будуць! Але як? Мыўжо даўно бачым вынікі такога "разьвіцьця", хапаючыся за галаву. Скажуць вынішчаць - вынішчаць. Спляжуць дашчэнту, яшчэ дасканалей, чымся то наказалі тыя, каторыя аддалі загад.

 

Таму гарантам павінна стаць бязьсмяротнае сэрца Нацыі, ўвасобленае ў мінулым, сучасным, надыходзячым у энтузіястах духоўнага ўзроўня нацыянальнага жыцьця. Духоўная Сеч, Духоўная Рэспубліка павінна стаць рэальнасьцьцю.

 

 

5.

 

Дваццаты век разьвеньчвае ўсе міты. Міты навукі, міты сацыялёгіі, міты рэлігіі, міты мастацтва, міты акультных дактрынаў.

 

Навука стала прыслужніцаю дыктатураў ды бюрократыі. Яна стварыла пачвару інфармацыйна-касьмічнага тэхнагену, бязьдушнага монстра, які ўжо рыхтуецца зжэрці ўласных творцаў дый апекуноў - мысьлячых істот.

 

Сацыялёгія ашукала, абдурыла народы ідэямі зямнога раю. Аніякая абяцанка ня выкананая: з палітычных катаклізмаў карыстаюцца толькі лідэры тых ці іньшых дзяржаваў альбо партый, аднак і яны рана ці позна атрымліваюць зьнішчальную катастрофу, спасьцігаючы марнасьць і злачынасьць усіх кабінетных дактрынаў, варожых жыцьцёвае дынаміцы.

 

Мастацтва стала камуфляжам сацыяльных язваў альбо цынічным капіяваньнем ў смуродзе тых язваў.

 

Рэлігія толькі дэкляравала будучае абнаўленьне Быцьця, аднак аддала яго на патрэбу мітычным сілам "патойбочнасьці", ігнаруючы магутную творчую патэнцыю народаў у рэальным жыцьці.

 

Банкрутуе чалавецтва ва ўсіх сваіх задумах - кароткачасовых і далёкасяжных. Куды ісьці? Дзеля чаго? Ніхто ня верыць у ідэалы палітычных лідэраў ці рэлігіных жрацоў - усё ператварылася ў квятастыя лахманы планетарнае гульні.

 

Жыцьцё вяртае нас да першасных пачуцьцяў, непарушных і ясных вартасьцяў. І найзначнейшая паміж імі - Нацыя, Народ. Вельмі важная творчая сутнасьць людскіх грамад, каторая ўзьнікла, нарадзілася ў бязьмежжы вякоў, падаравала сваім дзецям падобнае цуду Слова, песьню, думку, казку, мысьленьне, эстафету яднаньня, вернасьці, мужнасьці, творчасьці.

 

Хто ж ты, Украінскі Браце?

 

Старажытная зямля ад Карпатаў да Каўказу?

 

Але ж зямля зьяўляецца і зьнікае, патанае ў акіяне і ўстае зь марскітх глыбіняў. Хіба захочаш ты ўзводзіць муры Храма Нацыі - Мацеры на хісткім падмурку плянэтарных кантынентаў?

 

Хто ж ты? Сьвяшчэнны Славута - Дніпро? Легендарны Дунай? Прывідны Псло альбо Дон?

 

Але ж воды дняпроўскія, днястроўскія, дунайскія ды й патокі іньшых многіх рэк нясуць свае хвалі ў мора, ў акіяны Зямлі, становяцца хмарамі, дажджамі, травамі, падземнымі вазёрамі, салёнаю крывёю белых, чорных, жоўтых, чырвоных людзей і жывёлаў, белымі хмаркамі над Эўропаю, Амэрыкаю ці Антарктыдаю.

 

Хто ж ты? Задумлівыя Карпаты, векавыя лясы, неабсяжныя стэпы, буслы, што вяртаюцца зь чужынецкага выраю?

 

Але ж цудоўныя горы ёсьць і ў іньшых краях, і лясы гімалайскія, сібірскія альбо канадцкія ня горшыя за нашыя, і буслы такусенька самыя ў Славаччыне ці Харватыі, ў Румыніі альбо Польшы.

 

Ты, Украінскі Браце, няўміручы дух спрадвечных валхвоў, ваяроў, аратых і вандроўнікаў, мацярок і хлебаробаў, кабзароў і штукароў, шукальнікаў небывалага і казакоў - рыцараў Запарожскае Сечы, верных дзяўчат, каторыя не дачакаліся сваіх каханых зь крывавых паходаў.

 

Ты - то дух казкі, што нясе ў глыбінных сымбалях вялікі сэнс Быцьця. Ты - то песьня народу, вясёлая і сумная, самотная й буйная, грамавая і нячутная. Ты - то любоў і гнеў паўстанца, любоў да волі і творчасьць рамесьніка, песеньніка, будаўніка, паэта, мастака, садоўніка, летуценьніка, аратага. Ты - то вечнае імкненьне да ўсеахапленьня Існага, да Пераўтварэньня жыцьця па закону прыгажосьці і любові.

 

Вось чаму варожыя сілы ўсіх вякоў жадалі адабраць у цябе самою творчую сутнасьць нацыянальнага духу, пакінуць табе толькі вонкаавую прастору спектаклю, абмежаваць тваё выяўленьне зьнешнімі кулісамі - зямлёю, межамі, ўрадамі, палітычнымі структурамі, - то бок ўміручымі, плыннымі, выпадковымі гістарычнымі формамі. Калі б ты назаўжды прыняў тыя - толькі тыя, безумоўна патрэбныя - прыкметы нацыянальнага жыцьця, то вырак бы сябе да дэградацыі і сьмерці творчага духу.

 

Але час настаў! Ты прабудзіўся. Пара асэнсаваць неабходнасьць стварэньня  пісьмёнамі ўласнага жыцьця Кнігі Быцьця Сьтвятое, Духоўнае Украіны, легендарнае Духоўнае Рэспублікі, стратэгічны шлях якое пралягае ў бязьмежжа думкі, слова, стварэньня і дзеі.

 

Паспрабуем зрабіць накіды фрагментаў будучае Хартыі Украінскае Духоўнае Рэспублікі, каб уявіць маштабы і стратэгію найактуальнейшага плянэтарнага дзейства.

 

 

6.

 

Хартыя Украінскае Духоўнае

Рэспублікі

 

Украінская Духоўная Рэспубліка, альбо Сьвятая, Духоўная Украіна пакліканая да жыцьця не надуманымі тэорыямі, а ўнутранаю прагаю народнага духу да самараскрыцьця. Дзеі ды й мэты, ў якіх пагатоў раскрываўся творчы патэнцыял плямёнаў і нацый, ёсьць недастатковым для росквіту нявычэрпнае сутнасьці духу, бо яны абмяжоўваюцца, галоўным чынам, біялягічнаю функцыянальнасьцьцю і выводзяць зь яе нават ідыялягічную ды й навуковую базу. Цесныя для нацыянальнага духу таксама рамка дзяржаўнасьці й геаграфічна-эканамічныя рыштункі, бо яны скіроўваюць творчасьць народаў у архаічныя каляіны прымітыўнага жыцьця.

 

Настаў час новае ступені быцьця для народаў. Тая ступень арганічна вырастае зь мінулых дасягненьняў безьлічы пакаленьняў і творчых азарэньняў нацыянальнага генія. Галоўнае - своечасова адчуць неабходнасьць новага нараджэньня і рушыць яму насустрач.

 

Многалікія сацыяльныя канцэпцыі скіроўваюць розум людства на асіміляцыю нацый, як часовых гістарычных аб'яднаньняў людзей, каторыя, быццам бы, ў эпоху ўсеаб'яднаньня чалавецтва робяцца антаганістамі і выклікаюць пачуцьці ўзаемавыключэньня і нянавісьці.

 

Такія канцэпцыі глыбока памылковыя, злачынныя і катастрафічныя для Чалавека, як ствараючае істоты. Нацыя - ня плод канцэпцый, тэорый ці нейкага вучэньня. То натуральная космагістарычная рэчаіснасьць, такая ж глыбінная і самадастатковая, як існаваньне Сусьвету, як індывідуальнасьць Чалавека, як непарушныя канстанты быцьця.

 

Можна сказаць, што Нацыя - гэта Духоўны  арганізм, у якім увасабляецца творчы дух Эвалюцыі. Таму. шукаючы шляхі да творчае самаагранізацыі народаў планеты і ўсяго чалавецтва, мы павінны праблему Нацыі вырашыць канчаткова і бязьпаваротна, каб болей не вяртаца да яе ў сфэры тэарэтычных спекуляцый. Памылковы выбар будзе катастрафічным ня толькі для Нацыі, на якую замахнулася рука руйнатара ці асімілятара. Такое зладзейства тоеснае ўдару ў сэрца ўсяго чалавецтва, бо пазбаўляе яго скарбаў непаўторнага народнага духу.

 

Такая небясьпека навісае над многімі нацыямі сьвету. Вакол іхніх лёсаў ідзе жорсткая барацьба - яўная і таемная. Руйнатары знаюць, што адкрытыя дэклярацыі зьнішчэньня нацыянальнае непаўторнасьці выкліча адпор народнага духу, таму яны ўзбройваюцца прымітыўнымі канцэпцыямі пра наступнае братэрства народаў, шлях да каторага ляжыць быццам бы цераз "зьліцьцё" нацый у адзіную зьневілераваную супольнасьць. Усім зразумела - і руйнатарам і тым, супроць каговядзецца наступ, - што ўсе гэтыя тэорыі - толькі фігавы лісток, што ім прыхаваная воўчая пыса аньціэвалюцыйнага духу шавінізму дый імпэрыялізму. Таму барацьба з гэтым духам павінна весьціся ня ў сфэры спрэчак ды й доказаў (што можа давесьці ягня ваўку?), а грунтавацца на Касьмічным Праве Нацыі на сувераннае творчае выяўленьне.

 

Гістарычная рэальнасьць такая, што Украіна, як і многа іньшых нацый, ня ў змозе вольна выявіць свой творчы дух. Яшчэ не сфармаваўшы цьвёрда сваё нацыянальнае аблічча, Укаіна цесна паяднала сваю долю з магутнаю жорсткаю Імпэрыяю, намеры якой былі дыяметральна супроцьлеглымі волі Украінскае Нацыі.

 

Усе спробы выйсьці на шлях сувэрэннага разьвіцьця жорстка здушваліся, бо асноваю канфлікту і стаўкаю гістарычнае гульні былі нацыянальныя багацьці Украіны ды й геаграфічна - эканамічныя фактары, зьвязаныя зь яе існаваньнем.

 

І сёньня інэрцыя імпэрыялізму ды й шавінізму ня толькі не пераможаныя, а прыдбала новых, вытанчаных формаў і грандыёзных маштабаў. Мінулымі дзесяцігодзьдзямі імпэрскі валюнтарызм дзейнічаў брутальна і жорстка: ў катавальнях бязьследна зьніклі мільёны душ - гераічных і пяшчотных, рахманых і мужных, творчых і абыякавых. Калі разглядаць нацыю як адзіны арганізм, то, магчыма, трэба казаць пра каматозны стан народнага цела, пра агонію і неабходнасьць рэанімацыі.

 

Галоснасьць і дэмакратызацыя, як захады "штучнага дыханьня" для патанаючага этнасу, аніяк ня могуць спрацаваць ва ўмовах кальцавое абароны перараджэнцаў і янычараў. Нацыянальны дух расходзіцца ў псэўданацыянальнае мітусьні сучаснасьці, вычэрпаваючы сябе для чужых намераў і мэтаў. Старажытныя традыцыі творчасьці ды й гістарычнае еднасьці забытыя альбо дэвальваваныя. Перыядычныя спектаклі на тэлебачаньні, радыё ці на сцэнах не ўваскросяць асноўнага - адзінае народнае самасьвядомасьці!

 

Так што, альтэрнатыва такая: альбо Украіна дэградуе і зьнікае як унікальны творчы дух, альбо знойдзе для сябе новае ўвасабленьне.

 

Такім новым увасабленьнем для нацыянальнага самаадраджэньня ёсьць прымрояная падзьвіжнікамі зь прадвеку касьмічная іпастась народу - Украінская Духоўная Рэспубліка, што павінна вывесьці свой народ на прасторы бязьсьмяротнага духоўнага жыцьця, і якая кліча ўсе братэрскія народы ісьці тым шляхам, каб стварыць Зорнае Братэрства Нацый Планеты.

 

Гэтаю Хартыяю мы вымагаем закласьці фундамент, грунт для Быцьця Сьвятое, Духоўнае Украіны, для пошуку вольных, небывалых яшчэ формаў творчага выяўленьня, ў якіх мог бы ўвасобіцца Дух Эвалюцыі.

 

 

а) Нацыя.

 

Духоўная Украіна ёсьць братэрствам ствараючых душаў, каторыя аб'яднаюцца ад сёньня і да веку свяшчэнную еднасьцьцю Любові й радасьці для зьдзяйсьненьня прынцыпова новае ступені Эвалюцыі.

 

У аснову духоўнага кораня і творчага выяўленьня Украінская Духоўная Рэспубліка кладзе зярняты ўсіх культурных здабыткаў гістарычнае Украіны. Найсьвяцейшыя зь іх - мова, фальклёр, здабыткі літаратараў, мастакоў, будаўнікоў, педагогаў, мудрацоў, запаветы мужнасьці і любові, спачуваньня і свабоды, пакінутыя нам героямі Сечы Запарожскае дый няўміручым Кабзаром, геніям Каменяра, Лесі, Скаварады ды й цэлага легіёну вядомых і невядомых падзьвіжнікаў.

 

Духоўная Украіна не статычнае аб'яднаньне людзей пэўнага этнічнага кораня, а нябачны духоўны арганізм, для дзейнасьці якога дастаткова дзьвух душ - мужчыны і жанчыны. Удзел у жыцьці Духоўнае Рэспублікі вызначаецца ня дэклярацыямі, не клятвамі, не сяброўствам у штучных суполках, не запэўніваньнямі ў адданасьці, а жыцьцёвым подзьвігам і духоўным чынам на карысьць Бацькаўшчыны ды й братэрскіх народаў.

 

Крытэры быцьця Сьвятое Украіны:

 

Зямля, што яе абнімае, гісторыка-геаграфічная Украіна - то лона, дзе фармаваўся дух Нацыі. Аднак для невычэрпнага самараскрыцьця неабходна пераступіць абмежаваньні лона. Таму быцьцё Духоўнае Украіны натуральна перарастае маштабы зямное Украіны, каб мець магчымасьць выйсьці на сусьветны прастор дзеяньня. Толькі такі імпаратыў Касьмічнае Эры дазволіць кожнаму народу дасягнуць астральнае зорнае дынамікі далейшае эвалюцыі.

 

Якое стаўленьне Духоўнае Украіны да дзяржаўнае формы нацыянальнага быцьця?

 

Сёньня дэбатуюцца розныя думкі з нагоды гэтага пытаньня. Ці ёсьць дзяржава сучаснага тыпу неадемнаю прыкметаю сувэрэннасьці, да чаго мы ўсе імкнемся? А можа , наадварот? Можа мы самі адзелі бюракратычна-структурны хамут дзяржаўнасьці, замест таго, каб усталяваць іньшыя формы сужыцьця - прыроднага, раскованага, радаснага? Балазе, дзяржавы ўсіх эпох і народаў дастаткова ўжо паказалі сваю лічыну жорсткасьці, бязьлітаснасьці, прымусу і бязглуздае прымітыўнае функцыянальнасьці.

 

Традыцыйныя дзяржавы, якімі б сьцягамі ды геральдычнымі знакамі яны  не прыкрыаліся, ёсьць увасабленьнем заганных, дэманічных сілаў незгарманізаванае наасфэры. Мадыфікаваці іх - марная рэч! Ёсьць толькі адзіны шлях да ўсебаковага вызваленьня духоўных эвалюцыйных сілаў - грамада, абшчына, суполка, брацтва. Сінонімаў многа, толькі сутнасьць адна: любячыя аб'яднаньні індывідуальнасьцяў і народаў.

 

Духоўная Украіна марыць пра Усясветную Грамаду, аднак шлях да яе пралягае праз гірархічную структуру меньшых Грамадаў. Грамады сельскія, унівэрсальныя, якія сталіся б прыроднаю лябараторыяй духоўнае самарэканструкцыі народу, грамады працоўныя, мастацкія, рэлігійныя, навуковыя, аб'яднаньня грамадаў - вабласныя, краявыя. Нацыянальныя Грамады Украіны, Расеі, Літвы, Грузіі, Францыі, Нямеччыны, Англіі, Італіі і г.д.   Сусьветная Суполка Нацыянальных грамадаў, як прыступка да касьмічнага, Зорнага Братэрства мысьлячых істот.

 

Нехта запярэчыць: немагчыма перайсьці да фармаваньня грамадскага жыцьця ва ўмовах міравога процістаяньня - ідэялягічнага ці дзяржаўнага, эканамічнага ці палітычнага.

 

Першы рэальны крок - стварэньне Духоўных рэспублік ў сярэдзіне існуючых дзяржаваў ці аўтаномій. Такія высілкі дадуць штуршок да кансалідацыі іманентных культурніцкіх патэнцый, пачнуць выхоўваць грамадскую думку ў неабходнасьці ды й немінучасьці Эпохі Духоўных Рэспублік ды й Сусьветнае  Грамады народаў.

 

Ініцыятыўная рада Духоўнае Украіны, не ўцягваючыся ў народна-гаспадарчае жыцьцё дзяржавы, пяройме на сябе адказнасьць за ўсю культуру, духоўную стратэгію нацыянальнага рушаньня. Рада павінна перыядычна склікаць Кангрэсы Ўсеукраінскіх грамадаў Зямлі (тое самае павіны рабіць духоўныя рады іньшых нацый) для каардынацыі творчага й духоўнага жыцьця. Узьнікне Сусьветная Рада Духоўнае Украіны для кансалідацыі украінскіх культурніцкіх сілаў, як у Мацярынскае Украіне, так і ў дыяспары.

 

Сусьветная Рада Духоўнае Украіны паўстане гарантам няўміручасьці нацыянальнага духу, будуючы для гэтага ў краінах расьсяленьня школы, вольныя акадэміі навук, храмы тых ці іньшых рэлігій ды веравызнаньняў, тэатры, выдавецтвы, тэлерадыёстанцыі, музеі, бібліятэкі, Храмы Прыгажосьці, ў якія  можна інтэграваць усе здабыткі ўсечалавечага генія.

 

Сусьветная Рада Духоўнае Украіны ўваходзіць у судружнасьць зь  іньшымі Радамі братэрскіх народаў, калі такія ўзьнікнуць, каб разам зь імі сфармаваць Духоўнае Братэрства Нацый Зямлі.

 

Праблемы мілітарызацыі, што ўзрушваюць эканоміку і сацыяльтную сфэру цяпер, могуць быць канчаткова вырашаныя толькі праўдзіваю садружнасьцьцю Духоўных Рэспублік і нацыянальных грамад. Адзіны крытэр ўсечалавечае стратэгіі духу магчымы таксама толькі пры ліквідацыі дзяржаваў, узброеных да зубоў, апёртых на тысячагадовыя амбіцыі партый, мафій, эканамічных клянаў а то і проста палітычных банд.

 

Мы разумеем, што вышэйузгаданыя заданьні немагчыма здзейсьніць з чалавекам старажытнага гістарычнага тыпу. Таму Духоўная Украіна краевугольным камянём і перадумоваю свайго існаваньня ставіць духоўнае вызваленьне асобы, грамадзяніна, мысьлячае істоты.

 

 

б) Чалавек.

 

Жыцьцё стварае само сябе. Таму кожная штучная канцэпцыя альбо філязофскае крэда, не стасуючаеся зь жыцьцём, стане мукаю для людзей і ня створыць нічога, акрамя хаасу дый гістарычна нямоглых форм, вырачаных на распад.

 

Таму Духоўная Украіна бярэ за аснову быцьця для сваіх грамадзянаў найпрасьцейшыя, найнатуральнейшыя ідэалы, пасуючыя для кожнае мысьлячае істоты:

 

Чалавек - зерня Адзінага Быцьця зь невымернаю патэнцыяю творчага самаразьвіцьця.

 

Чалавек - Неуміруч. У нашчадках, у выніках творчасьці, у сфэры розуму, у духасфэры, у сфэры пачуцьця, ў безьлічы яшчэ неадкрытых аспектаў існасьці. Чалавек - аснова і крытэр Быцьця, Суб'ект, каторы стаў фунтамэнтам самаго Космасу. Чалавек - спадкаемца Сусьвету, а значыцца - клапатлівы брат расьліннага і жывёльнага сьвету, каторы трэба агарнуць любоўю і красою. Тое - стратэгічнае заданьне і касьмічны доўг перад Прыродаю.

 

Для таго, каб гэтыя духоўныя імператывы сталі натуральнымі і зразумелымі, духоўная Украіна надае першачарговае значэньне асьвеце, школе, выхаваньню юных пакаленьняў. Асьвету трэба вызваліць ад якіх бы то ні было ідэалягічных дактрынаў ды й стэрэатыпаў. Накірунак і характэр асьветы выбірае індывід -  добраахвотна і незалежна, а не школа, альбо нейкі ідэалягічны інстытут. Адзіны крытэр - дух любові і ўсечалавечнасьці. Рэлігія таксама вымагае рэвалюцыйных метамарфоз. Рэлігія ёсьць глыбока інтымным, сакравенным жыцьцём індывіда, скіраваным на раскрыцьцё Духоўнага Зерня Асабістасьці, а таму яна (рэлігія) поўнасьцьцю выключаецца са сфэры догмаў, бюракратычнага ўнормаваньня, перасьледу, архаічных рытуалаў, навязваньня, процістаяньня.

 

Для таго, каб вызваліць Дух Чалавека для поўнае самарэалізацыі, трэба ўжо цяпер аддаліць ўсё духоўнае жыцьцё Нацыі (асьвету, рэлігію, творчасьць і гэтак далей) ад дзяржаўнае юрысдыкцыі і сабраць пад абаронаю Духоўных Рэспублік.

 

Дзяржава узурпуе духоўную сілу народаў і скіроўвае яе на руйнаваньне, варажнечу, гістарычныя абсурды, адвольныя сацыяльныя пражэкты. Дзяржава марнатраўна выкарыстоўвае землі, прыродныя рэсурсы, фауну і флору для антыэвалюцыйных мэтаў, ствараючы армію, апарат насільля, бюракратычныя мафіі, шэраг юрыдычных нормаў, што дыктуюцца не неабходнасьцьцю, а хаасам бязьперспектыўнага сучаснага жыцьця. Карацей - дзяржава спараджае злачынную сітуацыю і "змагаецца" зь ёю. Да таго ж, дзяржава паглынае асноўны скарб Быцьця - душы юных пакаленьняў, маніпулюючы іхняю сьвядомасьцьцю для нялюдзкае мэты самасцьвярджэньня ўлады альбо ідэалягічных жупелаў.

 

Таму Духоўная Рэспубліка вызваляе асобу ад ілюзіі дзяржаўнае неабходнасьці і скіроўвае яе да ўлады духу.

 

Дзяржаўным структурам застаецца сфэра сувязі, транспарту, падтрыманьня парадку, абароны (пакуль яна неабходная), каардынацыі гаспадарчых функцый, міжнацыянальнага гандлю.

 

 

в) Чалавецтва.

 

Стварэньне Украінскае Духоўнае рэспублікі ці іньшых нацыянальных аб'яднаньняў такога тыпу - ня ёсьць справаю дыпляматычных перамоваў альбо парлямэнтцкіх дырэктываў.

 

Духоўная Рэспубліка нараджаецца й будуецца ў сэрцы сваіх грамадзян - энтузіястаў, а таму яе быцьцё ні ў чым не ўзурпуе правоў ды прывілеяў іньшых народаў, партый ці ідэалёгій.

 

Духоўная Украіна разумее чалавецтва, як Братэрскую сям'ю Народаў ды й індывідуальнасьцьцяў, і на гэтым фундамэньце мусіць будаваць сваё жыцьцё, мэту і творчую дзею.

 

Жыцьцё - сьвяшчэны дарунак Космасу. Таму Духоўная Украіна лічыць замах на жыцьцё чалавека, думку пра забойства, ідэю вайны і саму вайну - злачынствам супроць самаго Духу Быцьця. Найбліжэйшым часам трэба пераасэнсаваць стаўленьне мысьлячае істоты да ўсяе жыцьцёвае тканіны Прыроды, бо фауна і флора - цела Адзінага Жыцьця, каторае дало нам магчымасьць падняцца да вяршыняў самасьвядомасьці ды й духоўнасьці. А таму Духоўная Украіна дэкляруе ідэю братэрскае салідарнасьці зь расьлінным і жывёльным сьветам, маючы на мэце фармаваць умовы для Альтэрнатыўнае Эвалюцыі, пры якой дастойнае, шчасьлівае, творчае мейсца займе кожная жывая істота, здольная да эвалюцыйнае трансфармацыі дый адухатварэньня.

 

Такое крэда дазволіць вырашыць ланцуг эканамічных, дэмаграфічных, эканамічных і касмалягічных праблемаў.

 

Духоўная Украіна верыць у мажлівасьць пабудовы Сьвету Любові і Прыгажосьці. А таму яна зьвяртаецца да Чалавецтва з братэрскім заклікам - распачаць новую ступень Эвалюцыі адразу, неадкладаючы. Толькі такое духоўнае ўсепланетнае будаўніцтва дазволіць пазьбегнуць катастрофы, альбо хоць бы зьмякчыць яе.

 

Украінская Духоўная Рэспубліка адчыняе Чалавецтву сваё сэрца, напоўненае любоўю, свае творчыя скарбы духу, напрацаваныя нацыянальным геніям праз тысячагодзьдзі, і прамаўляе ўрачыста і шчыра - Нараджайцеся, Народы-Браты, ў Неба волі! Вы вольныя - ад вайны, армій, партый, дэспацій, ідэалёгій, забабонаў, вязьніц, псэўдазаконаў!

 

Вы вольныя - для любові, радасьці, творчасьці, малітвы, пазнаньня, самапазнаньня, для ўсеаб'яднаньня Быцьця!

 

МІР І ДАБРО - УСІМ МІРАМ!

 

 

7.

 

Мы ня маем прэтэнзіяў на вычарпальную фармулёўку ідэі, на лідэрства, на прыярытэт. Мы толькі перадаём эстафету старадаўняга запавету продкаў, геніяльна выказанага Тарасавымі словамі: "Разкуйцеся, братайцеся!". Канкрэтызацыя ўсіх бакоў нацыянальнага жыцьця пад небам Духоўнае Рэспублікі адбудзецца натуральна і проста. Гэта справа новае, ўжо займаючаеся паўсядзённасьці надыходзячага.

 

Асноўнае - загрымеў Звон Абуджэньня.

 

Як прачнуцца? А проста: адкінуўшы тысячагоднія забабоны псэўдаверы, псэўдазакону, псэўдаведаў. Самае дзіўнае тое, што ў Чалавку ўсё ёсьць, але ён нешта шукае па за сабою.

 

Любоў - у ім, прыгажосьць - у ім, мужнасьць - у ім, веды - ў яго розуму і сэрцы, невычарпальныя магчымасьці трансфармацыі матэрыі ды й адухатварэньня - таксама ў ім.

 

Злачыннысьць, граховасьць, выраджэньні, безнадзейнасьць, бяздуховасьць - гэта толькі прыцемкі сьпячага розуму, гэта - гіпноз змрочны, навязаны вякамі лабірынтавага шляху.

 

Спрадвечныя апакалептычныя прароцтва аб згубе чалавецтва - то праграма дэманічных сілаў, скіраваных на самазьнішчэньне мысьлячае істоты Зямлі. Спачатку прышчапіць вірус грахоўнасьці, падзеньня, а потым разьвіць яго да комплексу няпаўнавартасьці і наканаванасьці. Цемры амаль удалося зьдзейсьніць злобную анцічалавечую праграму - навязаць прывід загібелі ў нуклеарным пажарышчы.

 

Адрынуць псіхічнае насланьнё, што слепіць душы многіх генерацый, - складана!  Але шлях адзіны і толькі ён прывядзе да Эпохі Радасьці, да Сацья Югі - Сьветлае Эры, прымроенае мудрацамі Ўсходу і Захаду: гэта шлях да Сусьветнае Духоўнае Супольнасьці Народаў і Плямёнаў.

 

Мы - Дзеці Духу, таму адзіныя, законныя валадары Быцьця, зорныя спадкаемцы. Тое дае разуменьне ўсяе касьмічнае сітуацыі.

Ўсе богі, дэманы, куміры, тыраны, цары, дыктатары, ўся фантасмагорыя сацыяльных утопій дый пераваротаў, усе зямныя войны ды імпэрыі - толькі трызьненьні сьпячага духу, што паверыў начным прывідам падману.

 

Адрынуці ўсё, ўсё, ўсё! Пакінуць толькі тое, што не памірае: любоў, творчую сілу вечнага Абуджэньня, імкненьня да ўсеахапленьня Існага.

 

Такі рычаг магутнае індывідуалізацыі можа даць толькі Маці - Нацыя, што нарадзіла нас зямнымі дзецьмі. Цяпер чарга за намі - падняць Вобраз Маці ў неба, нарадзіцца разам зь ёю ў Вечнасьць.

 

Мова - Логас, выцякаючы зь вытокаў зямное гісторыі, ўпадае ў Раку Ўсясьвету, становіцца Зорным Акіянам, запальвае ў небе зоры - самацветы прыгажосьці. Спракавечныя думы й казкі разрываюць шкарлупіну сымбалю і расьцьвітаюць у вышэйшае рэчаіснасьці новым зьместам для тых, хто спасьцігне яго патаемную сутнасьць.

 

Гэта - цудоўнае надыходзячае розуму і духу

 

А зарас - ставайма пад сьцяг Духоўнае Украіны, нараджаймася ў неба волі, памятаючы вельмі важныя запаветы няўміручага Кабзара:

 

Працавітым умам, Працавітым рукам

Пералогі араць

Думаць, сеяць, ня ждаць,

І ўзросшае жаць

Працавітым рукам.

 

Усё на сьвеце - ня нам,

Усё багам, тым царам!

І плугі, й караблі,

Ўсе даброты зямлі.

 

Мая любая! ... нам -

Нам любоў між людзьмі.

 

 

Надзвычайнае прароцтва і пранікненьне ў сутнасьць Быцьця! Творчае дзеяньне ёсьць любоў - вось які запавет Тараса да Сыноў Украіны. А прага да рэчаў і эфемерных патрэбаў, якімі нас і сёньня жадаюць заняволіць сыны цемры, - стварэньням учарашняга дню, валадарам падману. Хай яны застаюцца ў інферна - пекле са сваімі  "багацтвамі".

 

Так радасна ўсьвядоміць, што нічога не страчана на жахлівых сьцежках ілюзорнага жыцьця,- хіба што прывіды нікчэмных містыфікацый. Нам няма на што жаліцца, бо сутнаснае - не памірае!

 

Нават атамная моц дзяржаваў дый імпэрый ня ў змозе супыніць нараджэньне Духоўных Рэспублік, прыўкрасных дачок Жывога Бога. Растаюць у імгле абрысы ілюзорных храмаў, дэспатый, крывавых эшафотаў, вязьніц.

 

Вырастаюць блакітныя Храмы Духу на падмурку людскога сэрца.

 

Радуймася, духоўныя грамадзяне! Мы ізноў пад любячым вокам Мацеры. Перад намі - бязконцая дарога творчасьці, радасьці, любові. Ідзьма, сейма зярняты дабра дый міру, ведаў дый дружбы, зьбірайма Плады Праўды дый Каханьня. Мацярынскі сад, пасаджаны спрадвеку, зьберажоны, дагледжаны ў пакручастыя вякі цемры, чакае на нас!

 

 

1974 - 1989