вторник, 2 июля 2013 г.

"Жалезныя птушкі Агды"


Язэп Паўловіч

"Жалезныя птушкі Агды..."

(Эцюд да пастаноўкі задачы.
Спроба аналіза механізму ўплыву касьмічных фактараў
на Чалаввецтва і яго гісторыю)

 

Сьветлае памяці
Золатава Аляксея Васільевіча,
таленавітага чалавека і дасьледчыка,
 прафесара геафізікі, які эксперыментальна
даказаў нетрывіяльнасьць "Тунгускага фенамена"
і Сусьвету , прысьвячаецца.

 

Пачалася гэтая тэма для мяне самаго вельмі не чакана праз спробу аналізу абставін зьявы, што звыкла называюць падзеньнем Тунгускага метэарыта. Пэўныя асьпекты праблемы адкрыліся ў даволі не звычайным ракурсе і гэта зьмяніла мае погляды ня толькі на гісторыю, але і Чалавека...

Усё ніжэйнапісанае ёсьць простымі развагамі, якія грунтуюцца на агульнадаступных, ва ўсіх сэнсах, дадзеных, цалкам зразумелых для кожнага. Да таго ж, з-за немагчымасьці атрыманьня патрэбнага масіва карэктнае статыстыкі для аналітычных разьлікаў, мажлівым ёсьць толькі графа-аналітычны аналіз адкрытых дадзеных. Падыход, вядомы яшчэ будаўнікам пірамідаў.

 

Некалі набыў я, каб трохі зьменьшыць сваё астранамічнае невуцтва, кнігу Петэра Даффэта-Сьміта “Практычная астраномія зь калькулятарам” (Масква , “Мір”, 1982 год). Адразу зьвярнуў увагу на графік (Стар.33, Мал.4 , §16.) розьніцы універсальнага і эфемерыднага часу, ці іначай "эфэмерыдных паправак". Мяне зьдзівіў той факт, што амаль гарызантальная частка гэтае залежнасьці (адпаведна +24”, гл.Мал. 01) прыпадае як раз на вызначальны час для нашае гісторыі: паміж 1917 і 1941 гадамі. Але на жаль гэты малюнак недастаткова дакладны, каб рабіць нейкія высновы пра сувязь графіку гэтае залежнасьціі зь гістарычнымі падзеямі.

 

Для разуменьня сутнасьці далейшых развагаў, мушу сказаць колькі словаў аб сутнасьці гэтага графіку і ўласна "эфэмерыдах". Хада ідзе аб барацьбе астраномаў за роўнамерную шкалу вымярэньня часу, каб рабіць дакладныя разьлікі розных нябесных зьяваў. Спрадвеку Чалавек мераў час па ўзыходу і заходу Сонца, Месяца і зорак. Але Зямная куля, з пункту гледжаньня сучаснае навукі і практычных патрэбаў, абарочваецца недастаткова роўнамерна. Таму карыстаюцца часам (дакладней, шкалой часу), які атрымліваюць празь тэхнічныя сродкі службы дакладнага часу і астранамічныя назіраньні, яго называюць эфемерыдным. Зыходнае адзінкаю, пунктам адліку, сучаснае шкалы эфэмерыднага часу ёсьць працягласьць трапічнага году на эпоху 1900 студзень 0,5 ЕТ (Ephemeris Time-ET). Час жа, які вызначаецца абарачэньнем Зямное кулі, называецца Сусьветным (Універсальным) часам (Universal Time, UT). Раней для яго выкарыстоўваўся назоў “Грынвічскі сярэдні час” (Greenvich Mean Time, GMT).

 
Мал. 01 Сувязь паміж эфемерыдным і універсальным часам ёсьць эфемерыднаю папраўкаю
              dT = ET- UT, гэта розьніца паміж эфемерыдным і універсальным часам, які
              вызначаецца хуткасьцю зьмяненьня велічыні вугла павароту Зямное кулі вакол
              свае восі.

Цалкам зразумела, што маёю мэтаю стала атрыманьне як мага больш дакладнага графіку эфэмерыдальнае папраўкі, што ўласна ёсьць характэрыстыкаю нераўнамернасьці абарачэньня Зямное акулі, каб паглядзець, ці ёсьць на самой справе супадзеньне яго экстрэмумаў зь гістарычнымі падзеямі. Такая сувязь выглядала б для мяне цалкам лягічнай, але ці існуе яна насамрэч?

Ня гледзячы на розніцу ў падыходах, усе астраномы сыходзяцца ў мяркаваньні, што функцыя паправак ET-UT = f(ET) ёсць парабалаю. Разыходжаньні тычацца толькі каэфіцыентаў прапарцыйнасьці пры роўнамерным запавольваньні абарачэньня Зямлі.

У гэтай сувязі, выглядаюць слушнымі развагі спадарыні Філатавай Л.М. (Інтэрнэт-артыкул “Заговор против мирового времени” альбо, іньшы варыянт артыкулу- "Сказ о том как историки отменили законы небесной механики"):- тут ёсьць супярэчнасьць, бо гэта азначае, што да 1800 году (а менавіта на гэты перыяд: 1800 – 1860 гг. прыпадае “вяршыня” тае парабалы, згодна розным варыянтам апраксімацыі функцыі ). Да таго UT павялічваўся, і адпаведна, хуткасьць абарачэньня Зямлі ўвесь гэты час нарастала. Залежнасьць адваротная сьцьвярджэньням тых жа астраномаў, што Зямля пад уплывам прыліўных і іньшых сілаў стала запавольвае хуткасьць свайго абарачэньня. Але, зь пункту гледжаньня элементарнае альгебры, гэтае сцьвярджэньне ёсьць справядлівым толькі для правае часткі графіку, г. зн. часу пасьля 1860 года.

Мал. 02  Прыклад аднаго графічнага увасабленьня дадзеных эфемерыднве папраўкі і спробы
               яе матэматычнага вызначэньня - ”апраксімацыі.”

З пункту гледжаньня методыкі атрыманьня дадзеных, згодна Філатавай, можна вылучыць тры перыяды (і адпаведна, ступені дакладнасьці ці надзейнасьці дадзеных) крыніцаў эфемерыднага  часу (згодна Мал.1 у яе названых вышэй артыкулах):

1. Сучасныя сродкі атрыманьня шкалы “роўнага часу” (ад 1896 гаду).
2. Механічныя хранометры і астранамічныя назіраньні (ад 1700 да 1896 году).
3. Рэканструкцыя велічыні папраўкі па летапісных дадзеных, апісаньнях ў  
    хроніках і іньшых гістарычных дакументах (да 1700г).

Спадарыня Філатава на-паўжарт прапануе наступныя шляхі выйсьця з такое парадаксальнае сітуацыі ў астраноміі:  

- 1). Усе астранамічныя зьявы, апісаныя ў хроніках і іньшых гістарычных дакументах, па якіх пабудаваная левая частка графіку (яго “летапісны” перыяд) аб’явіць “вылічанымі” (як я разумею – падагнанымі пад патрэбны вынік). Хада ідзе аб дадзеных да 1700 году. Альбо

-  2). Паставіцца да сьведчаньняў хронік як да сапраўдных, але адмяніць законы нябеснае механікі і высновы астраномаў, што кажуць аб сталым запавольваньні абарачэньня Зямлі вакол свае восі. Альбо

-  3). Прыдумаць тэорыю, па якой Зямля роўнамерна паскараецца да пэўнае велічыні, адпаведнае памерам хуткасьці абарачэньня ў 1800 годзе, а потым запавольваецца.

Выглядае, што ня ўсё добра ў высокім храме акадэмічнае навукі. Таму мае практычны сэнс разглядаць толькі дадзеныя пасьля 1700 году.

Але, мушу дадаць, што ня бачу нейкіх абъектыўных фізічных абмежаваньняў, якія б забаранялі планетам таксама павялічваць хуткасьць свайго абарачэньня пад уплывам зьнешніх фактараў. Таму, можа і пазначанае супярэчнасьці ня існуе. Справа магчыма ў ступені разуменьня працэсаў і схем іх мадэляваньня.

З такое пазіцыі, ў догатэрміновае перспектыве, матэматычная апраксімацыя наагул губляе сэнс праз магчымасьць катастрафічных зьменаў ад зьнешніх уплываў. 

 

1. Час, наш Час.

- Я гісторык, - пацьвердзіў навуковец і дадаў,
 ні з пушчы ні з поля: - Сёньня ўвечары на
Патрыяршых прудах будзе цікавая гісторыя!

М.Булгакаў

Ёсьць такое неакрэсьленае, але вельмі выразнае чалавечае пачуцьцё як "дух часу", адчуваньне важнасьці і вырашальнасьці гэтага дадзенага моманту, накірунаку плыні грамадскага разьвіцьця і мысьленьня. Гэта нельга ўзважыць ці памераць але такі стан духу выразна перажываюць ня толькі людзі творчыя, але і звычайныя тубыльцы.  Наступствы "гістарычна-важкага моманту" немагчыма вылічыць, але ён "адчуваецца скурай".

Верагодна гэта ёсьць індывідуальнае рэакцыяй чалавечае істоты, як часткі людское супольнасьці, на зьнешнія абставіны. Зразумела, тут вядзецца ў першую чаргу пра грамадска-сацыяльныя сувязі, структуры і фенамены. На паводзіны ж кожнае асобы і чалавечае супольнасьці цалкам, уплывае навакольнае асяродзьдзе. Прынамсі уплыў Сонечае актыўнасьці на Чалавецтва даказваў яшчэ А.Чыжэўскі ў яго "Физических факторах историчесгого процесса". Але як зь паскарэньнямі абарачэньня Зямное кулі? Гэта я і вырашыў высьветліць.

Найбольш дакладны графік функцыі эфемерыднае папраўкі часу знайшоў я у артыкуле “О времени и о Луне (популярное изложение «проблемы D")“ Артыкул прысьвечаны абвяржэньню мяркаваньняў А.Т.Фаменка (і Г.В. Насоўскга, праект "Новая храналёгія") аб несапраўднасьці існуючае гістарычнае храналёгіі. Аўтар - Красильников (2000). Я дадаў да графіка дадзеныя да 2004 году і атрымаў грунт для аналізў (Мал 03).

 
 Мал.03. Памеры эфемерыднае папраўкі ў 1650-2004 гг. Даты экстрэмумаў
                      функцыянальнае залежнасьці, апраксімацыя агінаючымі і вызначэньне
                      характэрных кропак графіку.
Натуральна, што графік адлюстроўвае ў першую чаргу зьмяненьне хуткасьці абарачэньня Зямное кулі. У той жа час, гэта ёсць непарыўна зьвязаным зь энергетычным станам сістэмы Зямля – Месяц. Каб зрабіць аналіз графіка і ацаніць сувязь (карэляцыю) яго зь гістарычнымі падзеямі вызначаем кропкі перагібу гэтае рэальнае функцыі. Гэтыя ж кропкі, як і лякальныя экстрэмумы, неабходныя нам таксама для ацэнкі і характэрыстыкі самае функцыі. На жаль лічбы атрыманы непасрэдна з графіку і іх дакладнасць не перавышае 0,5 год (па гарызанталі) і 0,5 сек (па вертыкалі).

Вядомая справа, кожнага году на Зямлі адбываецца нешта больш-меньш значнае. Тэарэтычна, можна "нацягаць" якіх за ўгодна дадзеных, уключна зь прыроднымі катастрофамі. Але ў гэтым выпадку, прафесійны гісторык, ў адрозьненьні ад мяне, можа супаставіць пэўныя часткі графіку зь гістарычнымі тэндэнцыямі ў той ці іньшае праблеме і ацаніць наяўнасьць карэляцыі (ці яе атсутнасьць) паміж імі. Я ж абмяжуюся звычайнае храналёгіяй  падзей, якія лічу датычнымі гісторыі нашае краіны, ідучы за характэрнымі кропкамі-датамі графіку (Напрыклад паўстаньне Касьцюшкі не супадае зь экстрэмумамі графіку і таму "ня ў сьпісе", але ляжыць "у трэндзе" 1827 - 1837 гадоў фізічнага паскарэньня "папраўкі паскарэньня абарачэньня" ў 0,4 сек за год ). Такім чынам маем: 

Сьпіс 1.
Даты экстрэмумаў і кропак “нулявой крывізны” графіку эфемэрыдных паправак і адпаведная іх велічыня (у сек. часу), а таксама найбольш значныя падзеі, што адбыліся ў гэтыя гады. Вызначэньне велічыні і накірунку паскарэньніяў (альбо іх адсутнасьці ў "нулявых" кропках перагібу графіку) хуткасьці абарачэньня.

Гады, Памер dT у секундах, падзеі пад гэтаю датаю:

            1697 г +08,0'' - У Рэчы Паспалітае становіцца каралём Аўгуст ІІ (да 1704) ,                              каралём Швецыі становіцца Карл ХІІ (да 1718), расейскі цар                               Пётр І выпраўляецца ў "Вялікае пасольства"  - ў Галяндыю.

            1743 г. +13,0'' - Завяршэньне Расейска-Швэдскае вайны 1741 - 1743 гг. і іх                             "замірэньне"

            1768 г. +15,0'' - Барская канфедэрацыя у Рэчы Паспалітае і яе разгром,                                 пачатак расейска -турэцкага канфлікту.

            1787 г. +16,0'' - эканамічны крызіс у ва Францыі, прыняцьце 2-ой                                               Канстытуцыі ЗША, пачатак чарговае руска-турэцкае вайны                                 (1787-1792 гг).

            1797 г. +15,0'' -Завяршэньне паглынаньня Рэчы Паспалітае трыма                                           імпэрыямі, дамова аб стварэньні "польскіх лігіёнаў" у                                           Ламбардыі генералам Янам Дамброўскім, згасаньне                                          Французкае (Вялікае) рэвалюцыі. Крызіс "Дырэкторыі" з                                          прыходам да абсалютнае ўлады, праз пераварот ў 1799                                    годзе, Напаліёна

            1803 г. +13,0'' - Аляксандрам І заснаваны Імпэратарскі Віленскі                                      універсітэт, Францыя прадае ЗША Луізіяну (за 15 млн                                          доллараў),  Вялікабрытанія аб'яўляе вайну Францыі.

            1812 г. +12,0'' - Расейска – Француская вайна, пачатак Англа-                                                     Амэрыканскае вайны (1812 - 1815 гг).

            1821 г. +12,0'' - пік магутнасьці і чарговы, ІІІ-ці, Кангрэс у Любляне                                             "Свяшчэннага саюза"  Расеі, Аўстрыі й Прусіі. Шматбаковае                               супроцьстаньне ў Эўропе і напружанасьць зь Турцыяй

            1827 г. +10,0''

            1837 г. +06,0''

            1848 г. +07,0'' - Шэраг рэвалюцыйных падзей у Эўропе (Італія, Аўстрыя,                                   Венгрыя і г.д.).

            1863 г. +08,0'' - Пачатак паўстаньня пад кіраўніцтвам Каліноўскага. Ў                                        Піцербургу падпісаная дамова паміж Расіяй і Прусіяй аб                          узаемадапамозе ў падаўленьні "польскага паўстаньня".                                       Грамадзянская вайна ў ЗША

            1872 г. 0,00''

            1883 г. -05,0'' - Вывяржэнье вулкна Кракатаў

            1889 г. -05,0''

            1891 г. -05,5''

            1894 г. -06,0''

            1898 г. -05,0''

            1908 г.     - Мацнейшае вывяржэньне вулкана ў Эўропе - 7,5 балаў, каля                                   Сіцыліі

            1917 г. +19,0'' - Рэвалюцыя і бальшавісцкі пераварот у Расеі. ЗША                                           аб'яўляюць вайну Нямеччыне.

            1928 г. +24,5''

            1933 г. +24,0'' - Пачатак татальнага бальшавісцкага тэрору ў БССР,                                         адкрыцьцё Беламорканала ў Расеі, прыход да ўлады Гітлера                             ў Нямеччыне

            1939 г. +24,0'' - Пачатак Другое сусьветнае вайны і ваенных дзеяньняў у                                 Беларусі. Злучэньне часткі беларускіх земляў.  Завяршэньне                               грамадзянскае вайны ў Гішпаніі

            1965 г. +35,0'' - Пачатак "разрадкі" савецка-амерыканскіх дачыненьняў                                   пасьля "Карыбскага крызісу" і нуклеарнага супроцьстаяньня.

            1983 г. +53,0''

            1994 г. +58,0''

Дадам толькі, - ўвесь гэты час, ад канца 17-га веку, наш народ пакутліва выкараскваўся зь наступстваў жахлівае вайны (якая скончылася як раз перад 1697 годам, што па часе супадае зь рэзкім паваротам графіку, памяньшэньнем хуткасьці абарачэньня Зямлі), да шчэнту зруйнаваўшае Краіну, празь новыя войны і забурэньні. Мушу таксама нагадаць, што для больш грунтоўнага аналізу такога кшталту карэляцый патрабуецца і больш грунтоўныя, дэталізаваныя аналітычныя дадзеныя.

Знаўцы гісторыі могуць супаставіць як падзеі, так і трэнды гістарычных плыняў адпаведна гэтаму графіку. Мяне ж больш цікавіць «дзіцячае пытаньне» - чаму?. Ўпэўнены, што іньшыя краіны і народы таксама залежныя ад тых жа фактараў, але не магу сьцьвярджаць, што іх "грамадска-гістарычная супольная рэакцыя" ёсьць тоесная. Вывучэньне зьяваў такога кшталту вымагае тытанічнага аб'ёму аналітычнае працы па апрацоўцы статыстыкі. Але вышэйзгаданы першасны храналігічны аналіз графіку дае падставы сьцьвярджаць, што карэляцыя паміж характэрам абарачэньня Зямлі і  характэрам, таксама як і частатою гістарычных падзей мае мейсца.

Калі ж казаць аб прычынах такое залежнасьці, то верагодна справа ва ўсім комплексе фактараў, што ёсць зьвязаным са станам энергетычных сувязяў і параметраў сістэмы Зямля–Месяц–Сонца, індывідуальных рэакцыях на іх і сумарнага "кумулятыўнага" эфекту ў чалавечае грамадзе.

 
2. Касьмічнае танга Чалавецтва.

- Прабачце, - мякка адазваўся невядомы,- для таго, каб кіраваць,
 трэба, ўсё ж, мець дакладны плянна нейкі, хоць сколь-як значны
час. Дазвольце вас спытаць,як жа можа кіраваць чалавек, калі
ён ня толькі пазбаўлены магчымасьці скласьці які-небудзь плян
хоць бы на сьмешна кароткі тэрмін, ну, год, скажам, у тысячу,
але ня ў стане паручыцца нават за свой уласны заўтрашні дзень?
 
М. Булгакаў 
Кожны хоча ведаць будучыню. Каб жа скласьці які прагноз нават хуткасьці абарачэньня планеты, трэба ведаць рэальны стан рэчаў і існуючыя казуальныя (кшталту прычына-наступства) сувязі паміж зьявамі і чыньнікамі. Ёсьць многа крыніцаў нераўнамернасьці абарачэньня Зямлі вакол свае восі. Ці не найбольш уплывовым такім чыньнікам ёсьць Месяц.

 

Калі імкнуцца быць зусім дакладным, то мы жывем на "двайной плянэце". Яе можна назваць Зямля-Месяц, настолькі вялікім ёсьць гэты ўплыў. Ніводная зь вядомых навуцы плянет ня мае такіх вялікіх адносна сябе спадарожнікаў. Ды й абарачаецца Месяц не вакол Зямлі, а вокол агульнага цэнтра абарачэньня гэтае сістэмы, як дарэчы і Зямля. Знаходзіцца гэты цэнтр заўсёды на лініі, што злучае цэнтры Зямлі і Месяца, на глыбіні прыкладна 1670 км пад паверхняю Зямное кулі. Такім чынам Зямля і Месяц абарачаюцца вакол Сонца ў супольным “вальсе”.

 

Мал. 04. Двайная планета Зямля - Месяц.

 

Як раз гэты "таньчык у гравітацыйных абдымках" і не дае хутка астынуць зямным нетрам, таму і гатунак "Хома сапіенс", то бок мы з вамі, меў дастаткова часу не толькі каб зьявіцца на "Сьвет Божы" празь канкурэнцыю відаў і пабудаваць нешта накшталт цывілізацыі, але мае яшчэ нейкі час, каб гэтую пабудову "давесьці да розуму". Тая ж месячная гравітацыя адказная, як ўсім вядома, за прылівы і адлівы вады ў акіянах і паветра ў атмасферы на нашае планеце. Гэта таксама спараджае зьмены ціску крыві і "пералівы настрою" ў асоб з папуляцыі таго ж "хома сапіенс", а таксама іньшых істотаў-насельнікаў Зямное Кулі.

 

Некалі аўстралійскі навуковец Б.Г.Х’ент на падставе вывучэньня характэру роста старажытных каралаў, выказаў думку, што 1,5 млрд год таму Зямля хутчэй абарочвалася вакол уласнае восі і значна марудней вакол Сонца: Тады суткі былі роўныя 9 сучасным гадзінам, а год складаў 800 – 900 сучасных сутак. Гэты стан зьмяніўся каля 600 млн год таму, калі пад уплывам прыліўных працэсаў працягласць сутак павялічылася да 20 сучасных гадзін, зьмянілася цыркуляцыя атмасферы і скончылася дакембрыйская ледніковая эпоха. Цёплае паветра пачало сягаць да полюсаў і пачалося таяньне леднікоў.

 

Нішто ня ёсьць вечным у гэтым Сусвеце, ўсё зьмяняецца адпаведна рытмам рэальнага “фізічнага” часу, як бы мы яго не спрабавалі вызначыць і “памераць”. Праз суадносіны дзеючых сілаў, адпаведна законам механікі, Месяц паступова аддаляецца ад Зямлі. Нашая ж планета запавольвае хуткасць свайго абарачэньня і праз 5 мільярдаў год, адпаведна падлікам некаторых навукоўцаў, даўжыня зямных сутак будзе складаць 870 сучасных гадзін. Вуглавыя хуткасьці Зямлі і Месяца зраўняюцца і Зямля будзе “глядзець” на месяц адным бокам, дакладна так, як зарас Месяц бачны зь Зямлі. У гэты час складнікі-кампаненты нашае “двайное планеты” будуць на самай вялікай адлегласьці ў 463 тыс км адзін ад аднаго. Пасля чаго працэс пойдзе ў адваротным накірунку.

 

Але яшчэ да гэтага нашых нашчадкаў чакае вельмі многа “сюрпрызаў”. Найбольшым зь іх бадай будзе сутыкненьне нашае галактыкі "Млечны шлях" з была-папулярнаю ў савецкім народзе галактыкаю Андрамеды, якое прагназуецца праз 2 – 3,5 мільярдаў год, бо мы зьбліжаемся з пераменнаю  хуткасьцю, большаю за 100 км ў секунду. Але пажывем – пабачым...

 

Калі абстрагавацца ад таго, што Сонца ёсьць цэнтрам і "сэнсам" ўсяе Сонечнае сістэмы, крыніцаю ўсяе энэргіі на Зямлі, то яго можна паставіць на другое мейсца па ўздзеяньні на рытм ўласнага абарачэньня Зямное Кулі. Дадатковыя забурэньні ў гэты стан дадаюць буйныя планэты, што ўплываюць на ўсіх трох "актораў" гэтага ўзаемадзеяньня. Рзьлікі такога кшталту сувязяў ёсьць вельмі складанаю (пры зьнешняе яе прастаце) задачаю і з тэорыяю па разьліку руху, дынамікі трох целаў матэматыкі справіліся толькі ўжо ў гэтым стагодзьдзі.

 

Уплыў жа іньшых зорак і далёкіх касьмічных аб'ектаў у звычайным стане вельмі малы. Да таго ж траекторыі руху зорак таксама ёсьць вельмі складаным. Нашае Сонца ня выключэньне. Па-першае, яно абарачаецца вакол цэнтра Галактыкі з хуткасьцьцю каля 250 км/сек. У самой жа Галактыцы Сонца зарас праходзіць праз прастору паміж зорнымі рукавамі, што запоўненая гарачым і вельмі разрэжаным газам, “Мясцовы тунэль”, у накірунку т. зв. "сонечнага Апексу" (ён ёсьць, рухомаю кропкаю, віртуальнаю праекцыяю сярэднестатыстычнага накірунку вектара хуткасьці Сонца на нябесную сфэру). Зарас хуткасьць гэтага рушаньня Сонца складае 19,7 км за сек.

 

Найбліжэйшаю іньшаю зоркаю пакуль застаецца для нас "Альфа" Кенаўра, але так будзе не заўсёды. Імклівая зорка Барнарда зарас знаходзіцца на адлегласці каля 5,9 светлавых года (с.г.), але ў 11800 годзе адлегласьць да яе складзе 3,8 сг. Пасля гэтага нашыя шляхі ў Сусвеце разыдуцца назаўсёды.

 

Каля 12 тысяч год таму, нашае Сонца выходзіла зь больш шчыльнае газа-пылавае туманнасьці, што знаходзіцца ў накірунку Арыёна. З гэтаю падзеяю, што доўжылася не адну сотню гадоў, храналягічна супадаюць (але не абавязкова ёсьць зьвязанымі наўпрост) вызначальныя для лёсу Чалавецтва рэчы.

Многія навукоўцы лічаць, што каля 13 тысяч год назад нашую планету напаткала вялікая катастрофа,  якая цалам зьмяніла  кліматычныя ўмовы і карціну размяшчэньня насельніцтва. У Ахайо знойдзены 13 тыс год даўніны, ў вялікае колькасьці, косткі мамантаў і мастадонтаў, іньшых гіганцкіх жывелў, загінуўшых раптоўна, гвалтоўнаю сьмерцю.  Культура індзейцаў (?) Клорыс была цалкам вынішчаная праз удар астэроіда.

 

Календары многіх народаў (прынамсі старажытна-коптцкі, асірыйскі, індыйскі, майанскі) ў параўнаўчым аналізе даюць дзьве даты свайго пачатку ("0 -даты"): 11 542 і 11 652 гады. Звычайна яны зьвязваюцца з пачаткам і канцом катастрофы, што адпаведна павінна была доўжыцца 110 год

 

Адно з апошніх буйных перасоўваньняў Скандынаўскага ледніка адбылося цягам "лужскае" фазы. Канцовыя ўтварэньні дакладна бачныя ў рэльефе: яны цягнуцца паласою ад Анежскага возера да паўночнае Літувы – іх дакладны ўзрост – 13 тыс год. Пад час гэтае фазы паўднёвая частка бальтыйскае катлавіны была ўжо вольная ад ільду. Потым адбылося кароткае пахаладаньне, якое зьмянілася магутным пацяпленьнем – "бёллінгам". Летнія тэмпературы тады сягалі 10 – 12 град. Магчыма ад ільду была звольнена значная частка паўднёвае Фінляндыі. Незначнае і непрацяглае пахаладаньне – "сярэдні дрыас" змяняецца новым магутным пацяпленьнем – "альлёрдам". Па дадзеным радыёвугляроднага аналізу яго ўзрост датуецца ў 12000 – 11000 год. Летнія тэмпературы сягаюць 14 – 15 град. Ад ільдоў высвабаняецца уся Бальтыка. Пасьля гэтага – ізноў пахаладаньне, што доўжылася 500 год. 10200 год таму ляднік адышоў ад фінскае марэннае грады Сальпауселькя. А ўжо пазьней, 8800 год таму, распаўся маналіт лядніку ў паўночнае Швэцыі, які займаў значную частку Скандынаўскіх гораў каля возера Рагунда – тое лічыцца канцом ледніковага веку.

 

Гэта магло адбывацца таму, што празрыстасьць прасторы паміж Зямлёю і Сонцам мае вялікі ўплыў на балянс энергетыкі зямных працэсаў, а шчыльнасьць касьмічнае прасторы ўплывае на дынаміку целаў-складнікаў Сонечнае сістэмы і іх ўзаемадзеяньне. Прынамсі арбітаў астэроідаў і меньшых аб'ектаў. Таксама само Сонца рэагуе на зьнешнія фактары. Таму наступствы зьмяненья параметраў паміжзоркавага асяродзьдзя могуць мець катастрафічныя наступствы.

 

Але і сам шлях Сонечнае Сістэмы ў Галактыцы мае вялікае значэньне.

Яшчэ зусім нядаўна астраномы былі ўпэўненыя, што нашая Галактыка мае чатыры сьпіральныя "рукавы", але дасьледваньні апошняга часу паказалі, што наш Млечны шлях мае толькі два галоўныя рукавы: "Тарча Кентаўра" (Scutum-Centaus) і "Пярсей" (Perseus).  Яны знаходзяцца амаль дакладна насупраць адзін аднаго, так што прыкладна  раз у сто мільёнаў год Сонечная сістэма ўваходзіць у адзін зь іх. Яшчэ ў 1939 годзе гіпотэзу аб сувязі перыядаў аледзяненьняў і праходу Сонца ў воблаках касьмічнага пылу прэзентаваў Фрэд Хойл, Уільям жа Маккры ўдакладніў разьмеркаваньне шчыльнасьці касьмічнага пылу ў руковох і давёў сваімі працамі, што ваганьні ледзянога покрыва Зямлі адпавядаюць разьмеркаванью пылу касьмічнае прасторы. Ці не вырашальнымі ў доказе гэтае гіпотэзы быў аналіз проб грунту зь Месяца, што была зробленая экіпаю "Апалёна 15". Аказалася, што апошняе "дзесяцітысячагодзьдзе" паверхня нашага натуральнага сатэліта бамбавалася метэарытамі ня надта моцна. Але глыбей у той калонцы грунта ляжалі яшчэ два слаі. Інтэрвалы паміж імі "цалкам супадалі зь цыкламі Маккры і карэлююцца зь іх працягласьцю", як напісана ў артыкуле-справаздачы. Такім чынам, згодна "геалёгіі" Месяца, ёсьць сляды мінімум трохразовага праходу праз пыл Галяктычных рукавоў. Вольны ж ад пылу шлях для Сонечнае сістэмы складае кожнага разу каля 100 мільёнаў гадоў.

Трохі раней высьветлілася, што цэнтр нашае Галактыкі ня ёсьць шаравым суперскапленьнем зорак, як меркавалася раней, а мае форму наўпростай выцягнутае бэлькі. Такім чынам, наш дом-Галактыка ня ёсьць зусім стандартнаю сьпіральнаю галактыкай і гэтыя адкрыцьці  значна ўзмацняюць пазіцыі гіпотэзы наяўнасьці "каратыцыйнага кола" (тароіда галяктычнае прасторы са спрыяльнымі умовамі для ўзьнікненьня і існаваньня разумнага жыцьця і цівілізацыяў). Гэтую гіпотэзу вылучылі сп.сп. Л.С. Марочнік і Л.М.Мухін. Яна была агучаная яшчэ ў снежні 1981 г. на таллінскім сіпозіўме “Праблемы пошука жыцьця ў Сусьвеце” Сутнасьць справы ў тым, што на думку аўтараў, у міжзорнае прасторы Галактыкі , запоўненае газам, генеруюцца дзьве ўдарныя хвалі., якія абарачаюцца вакол цэнтра з рознаю кругавою хуткасьцю. Празь гэта ёсьць толькі вузкае кола-“тор”, таўшчынёй у 0,3 кіляпарсек (978,6 св.г.), дзе лінейныя хуткасьці гэтых хваляў супадаюць.

 

Да таго ж зоркі рухаюцаца адносна адна адной з рознымі хуткасьцямі, кожная па сваёй траекторыі. Вынікам такога стану рэчаў ёсьць тое, што толькі ў гэтае вузкае вобласьці існуюць доўгатэрміновыя стабільныя ўмовы для ўтварэньня нейкіх форм жыцьця і, адпаведна, зьяўленьня цывілізацый разумных істот. (Праўда рэчаіснасьць ўсё больш дае нагодаў сумнявацца, ўсьлед за Станіставам Лемам, у нашае цывілізаванасьці і наяўнасьці розуму). Атрымліваецца, мае мейсца гэткі фізічны падмурак для “Вялікага кальца Розуму” – саюза разумных цывілізацый, вобраза, які апісаны ў раманах Івана Яфрэмава. Па прыкідках аўтараў, у каратацыйнам коле Галяктыкі можа налічвацца каля 40 000 000 цывілізацый нашага тэхналягічнага ўзроўня. Згодна ж ацэнкам центра "Тэллур" па альгарытму Дрэйка, сярэдняя шчыльнасьць, пры гэтае мадэлі размеркаваньня цывілізацый, складае каля 110 светлавых год.

Усё вышэйсказанае дадае аргументацыі тым, хто глядзіць на гістарычны шлях Чалавецтва праз "Тэорыю катастрофаў" 


Мал. 05. Агульны выгляд мадэлі “Каратацыйнага круга”

 

 

 

3. Не чапайце, хлопцы, Пталемея. Некалькі словаў аб падставах

    Астралёгіі.

 

                                               "У вас будзе іньшая сьмерць ..... Раз, два... Меркуры ў другім                                               доме...  Луна зышла... шэсьць... - няшчасьцьце... вечар - сем... "                                          - і гучна і радасна  аб'явіў: - Вам адрэжуць галаву

. . .

                                               ... Ганначка ўжо купіла сланечнікавы алей, і ня толькі набыла,                                  але нават й разьліла. Так што паседжаньне не адбудзецца."

М. Булгакаў

Пра тое, што містыкі, ў пабытовым сэньсе, не існуе ведаў яшчэ Аўгустын. "Цуды - вучыў ён - не супярэчаць прыродзе Натуры, але толькі нашым уяўленьням аб ёй". Гэта значыць, што калі адбываецца нешта незвычайнае для нашае сьвядомасьці, то зьява ўсё роўна адпавядае правілам натуры, пабудовы Сусьвету, якія нам да канца не вядомыя. І ў гэтым сэньнсе, законы Ньютона таксама ёсьць Законамі Божымі, як і бібілейскія запаветы. Розьніца толькі ў тым, што атамы ня маюць асноўнага дара  - Свабоды Волі. Ў нашае Рэальнасьці - Рэчаіснасьці можа адбывацца толькі тое, што дазволена Натураю. І ў гэтым сэньсе Бог, гэта "той (тое), хто ўстлёўвае правілы", Дэміург - першапрычына і аснова Існага, што мусьць быць -"знаходзіцца" па-за межамі нашае прасторы-часу.

Незабывайма таксама, што ворганы нашага ўспрыманьня навакольля ёсьць вельмі недасканалымі, празь што вялікі шэраг самых разнастайных зьяваў мы проста ня ўстане не толькі правільна ацаніць, але нават заўважыць тое, што яны адбываюцца. У той жа час многія "здарэньні" маюць мейсца толькі ў нашае ўнутранае, "псіхічнае" Рэальнасьці і прыналежаць цалкам, альбо часткова толькі ёй. Рэдка, але адбываюцца выпадкі, калі парадаксальным  чынам, гэтыя дзьве Рэчаіснасьці перацякаюць адна ў адну, і тады ўзьнікае насамрэч містычнае пачуцьцё адзінства зь Сусьветам. Містыкі не існуе, ёсьць толькі містычны стан духу. Ўсё астатняе ёсьць на самой справе. Толькі ў якой зь Рэчаіснасьцяў, - вось у чым пытаньне,- бо чалавечая сьвядомасьць, гэта ў пэўным сэньсе "люстэрка Сусьвету". Так было заўсёды, ад першага чалавека і да нашых дзён.

І кожнага разу, калі старажытныя "містыкі", акультыст ці альхімік, ладзілі свае рытуалы, малюючы "чароўнае кола", яны мусілі рабіць гэта ў пэўныя "сонечныя часы", пэўнага дню альбо начы, пры пэўнае канфігурацыі нябесных сьвяцілаў. Часам патрэбная, згодна напрацаваных канонаў, канфігурацыя зорак і часу здаралася раз у некалькі дзесяцігодзьдзяў, а то і стагодзьдзяў. З пастамі і замовамі, гэткі працэс мог доўжыцца некалькі месяцаў. Астралёгія была падставаю тагачасных эмпірычных ведаў.

І амаль кожнага разу, калі пагатоў пачынаюць чыхвосьціць астралёгію, ўспамінаюць імя Клаўдзія Пталемея, "бацькі ўсяго". Бо гэта ён больш -меньш сістэматызаваў веды старажытных народаў і ўціснуў іх, як мог, у пракрустава ложа натурфілязофіі Арыстоцеля. Тое сталася асноўным накірункам разьвіцьця філязофскае думкі і матэматыкі сярэднявечча і, ў "сухім астатку" лягло ў падмурак сучаснае навукі, ў тым ліку і сацыяльнае. Ён хацеў як лепей, ён быў геній, але быў усяго толькі чалавекам і таму атрымалася "як заўсёды"- ён часта памыляўся. Пад уплывам піфагарыйскіх ідэй аб ідэальнае прыродзе ён вынайшаў фармальную мадэль разьліку руху нябесных сьвяцілаў. З яе дапамогаю можна зрабіць такі разьлік і сёньня з любое ступеньню дакладнасьці і, больш за тое, гэты метад ёсьць правобразам гарманічнага аналізу, поўную тэорыю якога, толькі праз паўтары тысячы год, зрабіў Жан Фур'е. Але ж фізічны сэнс, які Пталемей меў наўвазе, быў цалкам памылковы. Аднак пратрымалася яго мадэль светапабудовы больш затысячу год, аж да Каперніка. І дзіўным чынам пераважная частка пталемеевых прац, у адрозьненьні ад іньшых  аўтараў, захавалася і была перакладзеная на многія мовы сьвету.

Гэта ён падзяліў некалі адзінае рэчышча ведаў на астраномію і астралёгію. Яго праца "Вялікая пабудова" сталася фундаментам таго, што называюць "знакамітая арабская астраномія" і мы ведаем  яе назву як раз зь арабскае мовы - "Альмагест". Свой сістэмны агляд і аналіз астралягічных ведаў ён выклаў у "Тэтрабібласе" - "Чатырохкніжжы". Гэты манускрыпт ёсьць падмуркам эўрапейскае і арабскае астралёгіі.

Астраномія бязьспрэчна ёсьць навукаю, астралёгія - не. Часам яе называюць мастацтвам. Можа і так, толькі гэтае мастацтва бывае ня блага працуе. У чым справа? Толькі выпадковасьці? Нават зацятыя крытыкі астралягічных метадаў кажуць, што астралёгія пабудаваная на грунце шматвяковых назіраньняў. Далей звычайна ідуць развагі аб немагчымасьці непасрэднага ўплыву зорак і планетаў на чалавека і г.д.

Што можа быць рэальным грунтам для астралягічных "пападаньняў" - правільных характэрыстык і выяўленьняў нейкіх тэндэнцыяў, ці нават наўпрост дакладных прадказаньняў здарэньняў?

Можна ж зірнуць на стан рэчаў зь закалотамі вакол астралёгіі і па-іньшаму. Напрыклад, калі вы глядзіце на стрэлкі якога старога гадзіньніка, то пазнаеце, колькі зараз часу. Пытаньне, а ці стрэлкі гадзіньніка рухаюць час? Вядома ж не. Так і з астралягічнымі пабудовамі. Нешта адбываецца не таму што "Марс ў дзесятым доме" і г.д.. А "нешта адбываецца" у той жа час, каліі  "марс ўвайшоў у дзесяты том".  Я маю наўвазе, што людзі празь тысячагодзьдзі супастаўлялі зямныя выпадкі і здарэньні з рухам нябесных свяцілаў і зор, але памыляліся толькі ў адным - тыя ёсьць толькі "стрэлкамі на цыферблаце" нябеснае сфэры, а не вытокамі падзей. Ўся ж натура падпарадкаваная рытмічным законам пабудовы Сусьвету і пульсуе адпаведна ім. Не заўважыць гэта было немагчыма. Продкі, ў тым ліку і Пталемей, проста ня ведалі "прычынаў" і таму "пераблыталі" іх зь наступствамі (як і частка нашых сучасьнікаў, дарэчы). Таму ня трэба ганьбіць нашых продкаў і Пталемея таксама, яны былі не дурнейшыя за нас. Ён ня мог ведаць аб існаваньні пастаяннае Планка і ня меў кампутара, хоць ўкосна і спрычыніўся да яго ўзьнікненья.

Даўно вядома залежнасьць паводзін жывёлаў, чалавека і групаў людзей ад фазы Месяца і стану сонечнае актыўнасьці. Але чаму? Насамрэч, калі глянуць на навакольле ў якім мы жывем уважліва, то нельга не прыйсьці да высновы, што Чалаваек існуе ў вельмі неаднародным па сваіх уласьцівастцях асяроддзі. Кожную секунду наўкол нас і празь нас праходзяць градыенты фізічных палёў, працінаючы прастору і, мажліва, час. Мяняецца радыёактыўны фон, сонечная радыяцыя. і г.д. Нас і нават Зямную кулю наскрозь працінаюць выпраменьваньні з нашае і іньшых галяктыкаў. Нават нетры зямныя, ядро нашае плянэты ёсьць актыўным і таксама выпраменьвае энергію, ў якой мы пастаянна знаходзімся. Усе гэтыя чыньнікі ёсьць вельмі неронамернымі, маюць свае рытмы, якія складаюцца ў агульны фон. І ўжо гэтая сума іх уплывае на нас.

Дасьледваньні паказалі, што паверхня Зямное кулі ёсць зараджанае адмоўна. Паветра ж яе атачаючае – дадатна. Агульны аб’ёмны дадатны зарад паміж зямное паверхняю і слоем на ўзроўні каля 10 кілямэтраў прыкладна тоесны ўсяму зараду Зямлі. Атмасфэру пранізвае вертыкальнае электрычнае поле з градыентам каля 130  в/м пастаянны электрычны ток якога скіраваны да Зямное паверхні. Гэта  пры добрым надвор’і ў звычайных умовах. Па вышыні ж шчыльнасьць паветра паступова зьмяньнаецца і не па лінейнае залежнасьці: ў сярэднім "слуп паветра" падзелены наступным чынам: ад 0 да 100 м – 10%,  ад 100 да 2000 м – 60%, ад 2 да 10 км – 20% , ад 10 км і вышэй – каля 10%.

Дарэчы, ў адрозьненьні ад нежывых фізічных аб'ектаў, да вывучэньня жывых арганізмаў нельга наўпрост выкарыстоўваць прынцып суперпазіцыі. Г.зн., у большасьці выпадкаў немагчыма дакладна і адназначна ў кожным асобным выпадку вылучыць той чыньнік, што прывёў да таго ці іньшага наступства. Калі ж хада ідзе аб супольным узьдзеяньні чыньнікаў рознае якасьці, то рэакцыі могуць ляжаць зусім па-за межамі чакаемага і мець парадаксальны характар. Таму вывучаць жывыя аб'екты магчыма толькі празь серыю эксперыментаў, статыстычна вылучаючы наступствы ўплыву на цэлы шэраг аб'ектаў. Да таго ж кожная жывая істота ёсць ня проста вельмі складанаю сістэмаю, але унікальнаю сістэмаю і заўсёды мае індывідуальную рэакцыю. Менавіта таму немагчыма стварыць скажам псіхатронную зброю, якая б працавала на 100%. Заўсёды застануцца тыя «ненармальныя» 15-25% зь адхіленьнямі, якія робяць сістэму-арганізм нячуйным да дадзенае камбінацыі чыньнікаў. Падаецца, што толькі празь гэтую сваю якасьць – разнастайнасьць – Чалавецтва ўсё яшчэ існуе. І пакуль існуе адносна ня блага.

Не магу з гэтае нагоды не ўспомніць пра гумілёўскую Тэорыю пасіянарнасьці. Для тлумачэньня «пасіянарных усплескаў» зусім неабавязкова выдумляць спецыяльнага кшталту энергіі. Такія эфекты могуць быць вынікам пэўнага напружанага стану сукупнага «мульціполя» - суммы чыньнікаў вонкавага асяродзьдзя на паверхні Зямное кулі, што ўплывае на сістэмы чалавечага цела, стварае пэўны эмацыйна-псіхалягічны стан і скіраванасьць. Зразумела, такое ўзьдзеяньне мае статыстычны, працяглы ў часе, характэр і складаецца зь "матрыцы фактарыялаў" - сукупнасьці дзеючых чыньнікаў у дадзены момант у дадзеным мейсцы Зямное паверхні і "матрыцы індывідуальнага ўспрыманьня" дадзенае сукупнасьці чалавечае папуляцыі.

Калі ў гэты ж час у грамадстве зьяўляецца комплекс новых ідэяў, праектаў ці іньшых матывацый, то паспалітая супольнасьць пачынае рух. Праз гэта назапашаны псіха-эмацыйны патэнцыял кожнае асобы перацякае, пераўтвараецца ў дынаміку дзейнасьці чалавечага грамадства. Пры адсутнасьці згаданых матывацыяў альбо магчымасьцяў іх рэалізацыі, такі напружаны стан можа правакаваць так званыя «псіхічныя» эпідэміі, прыводзіць да разбуральных працэсаў і зьнікненьня дадзенае сацыяльнае скупольнасьці праз дэградацыю і самавынішчэньне.

Значыцца, ёсць «пасіянары» - актыўныя, часта фанатычныя і энергічныя носьбіты пэўнага комплекса ідэяў, але не існуе спецыфічнае «пасіянарнае» энергіі. Таму, з майго пункту гледжаньня, тэорыя «пасіянарнае знергіі» наганяе непатрэбнага туману і зацяняе сутнасць пытаньня – яна не адпавядае рэчаіснасьці. Механізм зьявы палягае ў тым, што супольны дынамічны фон фізічных палёў на паверхні Зямное кулі дадаткова мадулюеца гравітацыйным і іньшымі чыньнікамі Сонца і Месяца і мы насамрэч маем уплыў на чалавецтва мадуляванага супольнага мульціполя празь усе яе сфэры (бія-, гідрасфэру і г.д.). Уплыў жа іншых нябёсных целаў больш прыхаваны і апасрэдаваны. Ну а ўспрымае кожны з нас гэтыя ўздзеяньні ўсім целам, як тканкамі корпуса, так і яго асобнымі сістэмамі, на ўсіх узроўнях пабудовы, ўключна з уразьлівымі сістэмамі асобных клетак.

Асноўную ролю ў гэтым працэсе адыгрывае вада, нейронныя сістэмы і іх электра-магнітныя характэрыстыкі і квазі-стацыянарныя, спалучаныя палі нашага арганізму. Ў нашым целе мы маем вадкасць ў выглядзе водных электралітаў, зь уласьцівасьцямі вадкіх крышталяў. Іх кампаненты маюць вельмі тонка збалянсаваную роўнавагу і таму рэагуюць практычна на кожнае зьмяненьне ў вонкавым атачэньні чалавека.

Механізм жа рэагаваньня роўнавесных сістэмаў клетак чалавечага цела можна суаднесьці зь працай старажытнага прыстасаваньня - «штормглас». Гэта была добра закаркаваная шкляная прабірка зь сумясьсю рэчываў (на груньце камфоры). Кампаненты распускаліся ў сьпірце і ўтваралі у герметычнае прасторы сумесь, што была ў фізіка-хімічнае роўнавазе. Ўладальнік штормгласу можа ня толькі за накалькі дзён па выгляду крышталяў і стану вадкасьці ў прабірцы прагназаваць надыход непагоды, але нават вызначыць час і накірунак, адкуль яна прыйдзе.

У гэтым сэньсе мне падаюцца вельмі цікавымі вынікі дасьледваньняў электрычных зьяваў клетак чалавечага арганізму менчуком Е.Т.Куліным, якія ён робіць ад канца 70-х год. Прынамсі выкладзеныя  ў яго працы "Естественое электретное состояние белковых молекул". Згодна яму, напружанасьць натуральнага электычнага поля ў клетцы чалавечага цела можа складаць дзесяткі мільёнаў вольтаў на метар.

Электрамагнітныя палі ў атмасферы Зямлі і іх біялагічнае ўздзеяньне вывучаюцца прынамсі геліябіялогіяй. Зарас многія даследчыкі лічаць, што найбольш верагодны фактар геліябіялагічных сувязей трэба шукаць у дыяпазоне "вельмі нізкіх частотаў" – (сотні герцаў, дзесяткі кілягерцаў). Выклікае зацікаўленьне міжпланетнае паходжаньне хвалевых працэсаў у электрамагнітным полі Зямлі, электрычны складнік якога можа быць галоўным  каналам, па якім сонечная актыўнасць дзейнічае на біясфэру.

З вопыту вывучэньня ўзьдзеяньня магнітнага поля на чалавека вядома, што, па дасягненьні пэўнага парога ўспрыманьня, больш значным і адчувальным ёсьць хуткасьць зьмены параметраў поля, чымся яго абсалютная велічыня ў дадзены момант. Уплываюць усе параметры, але найбольшую рэакцыю выклікае тэмп і характар іх зьменаў. Гэта ж тычыцца і комплексу працэсаў, які мы разглядаем

Малюнак стану праблемы рэакцыі чалавека на зьнешнія (у тым ліку касьмічныя) фактары ўздзеяньня будзе ня поўным бязь уліку і разгляду механізмаў працы самае яго псіхікі і сьвядомасьці, рэакцый непасрэдна глузду на зьмену градыентаў фізічных палёў. Пры пэўнае іх камбінацыі любы чалавек можа, напрыклад, раптоўна ўвайсьці ў стан так званае "зьмянёнае сьвядомасьці".

Вось як апісвае адзін з варыянтаў такога стану, якога дабіваюцца сваімі трэніроўкамі майстры цыгун, біёлаг (к.б.н.), прафесар Е.А.Файдыш у працы "Изменёные состояния сознания и цигун: секреты могущества даосских магов". (Частка 1. "Структура падсьвядомасьці і прырода псіхатраўматычнага вопыту".):

" ...  Адначасова, даоскія настаўнікі настойвалі на адыходзе ад рацыянальнасьці як найважнейшае ўмове авалоданьня майстэрствам. Розуму яны супроцьпастаўлялі асобыя псіхічныя станы (АПС), у якіх абуджаюцца глыбінныя  рэзервы нашае псіхікі, здольнасьць імгненна рэагаваць на любую нечаканую сітуацыю, не робячы разьлікі і не прагназуючы, а спантана прымаючы адзіна правільныя рашэньні. Калі б майстра Ву-Шу пачаў рабіць разьлікі варыянтаў боя пад час двубою, ён зазнаў бы паразу яшчэ да таго, як зрабіў выбар.

Дык чым жа адрозьніваецца даоскі падыход да Рэальнасьці? Калі мы карыстаемся розумам, мы ўспрымаем Сьвет маленькімі аскепкамі, складваючы іх у адно цэлае. Так, развучваючы комплекс Цыгун, мы вучым асобныя рухі, і зь іх спрабуем скласьці адзіны комплекс. Гэта падобна на спробу ўбачыць вялікую карціну цалкам, асьвятляючы яе маленьнкія фрагменты тоненькім промнем фанарыка. У выніку нічога, акрамя кашы ў галаве, мы не атрымаем.

Ключом жа да майстэрства ёсьць так званае "паралельнае мысьленьне", абуджаючаяся пад час АПС, калі чалавек бачыць усю пасьлядоўнасьць рухаў, існае і і адышоўшае як адзінае цэлае. Гэта падобна да погляда з вышыні, калі вы бачыце ўсю мясцовасць цалкам. Коўзаючыся ж унізе, па паверхні, вы ніколі не ўбачыце цэласнае карціны. І чым вышэй вашая кропка адліку, тым вышэй майстэрства. Прамаўляючы метафараю, звычайны цыгуніст глядзіць з вышыні палёта самалёта, майстра - са спутніка. ... ".

Такім чынам мы жывём у акіяне разнастайных ваганьняў і ўсплескаў рознага кшталту энэргій, нас пранізвае, як казалі продкі, "музыка сфер".  І, мушу дадаць, музыка вельмі гарманічная. У свой час пулакўскі астраном К.П.Бутусаў дасьледваў узровень гарманізацыі планет Сонечнае сістэмы (Бутусов К.П. "Золотое сечение в Солнечной системе", - в "Астрономия и небесная механика" - М.Л., 1978). Згодна яго разьлікам, перыяды абарачэньня суседніх планетаў зьвязаны зь лічбавымі радамі Фібаначы, г.зн. пабудаваныя па правілу Залатога сячэньня. Адпаведна, сьпектар гравітацыйных і акустычных узрушэньняў, што генеруюць  плянэты спараджае вельмі гарманічны "кансанансны" акорд. Гэта зьява генеруецца натуральнымі прычынамі і грунтуецца на глебе законаў фармаваньня яшчэ протаплянэтаў зь першаснага газа-пылавага воблака і мае рэзанансную прыроду.

Як вядома, рэзананс, прынамсі механічны, залежыць ад частаты крыніцы ваганьняў, частотных жа характэрыстык прыймача-рэзанатара і адлегласьці паміж імі. У агульным выпадку, яшчэ таксама хуткасьці, накірунку руху і ўзаемнага адноснага паскарэньня. Пры рэзанансе энэргія ад крыніцы -"генератара" перадаецца праз асяродзьдзе, якое сваімі ўласьцівасьцямі ўздзейнічае на сыгнал і ўспрымаецца "прыймачом".

 
Як раз крывую рэзананснага пераходу і нагадвае наш графік эфэмерыдых паправак (Мал.03.), які мы разгледзелі вышэй. Толькі ня ёсць яснаю крыніца гэтых рэзанасных узрушэньняў. Хада ідзе вось аб чым. Возьмем графік нашае функці паміж 1880 і 1950 гадамі (Мал. 06.). Яна мае вельмі спецыфічную, амаль сімэтрычную форму, асабліва паміж лякальнымі экстрэмумамі ў 1894 і 1927 гадоў. Час паміж імі ёсьць перыядам найбольш хуткага росту функцыі і, адпаведна, інтэнсіўнасьці запавольваньня абарачэньня Зямное кулі вакол свае восі за ўвесь час астранамічных назіраньняў Чалавецтва. Калі злучыць гэтыя кропкі простаю лініяю (пункцір на мал.6), то яна перасячэ графік як раз у пункце, што адпавядае 1908,5 году. Там жа мяняецца знак крывізны графіка функцыі (гл. Мал.6. – лякальныя экстрэмумы пазначаныя стрэлкамі). Менавіты тады, ў 1908 годзе, "ўпаў Тунгускі метэарыт". Кропка 1908,5 года знаходзіцца каля лякальнага цэнтра роўнавагі графіку і гэта дае магчымасць сцьвярджаць: «Тунгускае падзеньне» ёсць толькі часткаю і, магчыма, вынікам (завяршальнаю фазаю) больш грандыёзных зьяваў што адбываліся цягам апошніх стагодзьдзяў.

Мал. 06. Кропка, што адпавядае 1908,5 году - ёсьць цэнтрам дынамічнае роўнавагі (“фокусам”) працэсу пераносу энергіі: плошча, што зьмяшчае лінія функцыі за 1893 - 1908,5 годы (яна, плошча графіку, ёсьць графічным выяўленьнем інтэграла - колькасьці энэргіі працэсу) прыкладна роўная плошчы у перыяд 1908,5 - 1927 гады, альбо суадносіцца як 1:4 з плошчай за перыяд 1908,5 - 1941 гадоў...  Мы маем дасканалую сімэтрыю працэсу адносна гэтае даты.

Як бачна зь Мал. 03, прыкладна ад пачатку сталых інструментальных назіраньняў на больш-меньш сучасным узроўні, г.зн. з 1700 году, Зямная куля стала запавольвалася прыкладна да 1768 году. Падобна, ў тым годзе пачаў дзейнічаць фактар, празь які хуткасьць абарачэньня пачала павялічвацца. І што ёсьць найвайжнешым, гэта прывяло да ваганьняў (падобных да гарманічных) сістэмы Зямля-Месяц з... павялічэньнем амплітуды і перыяду. На мой погляд, гэта можа патлумачыць толькі тым, што гэты чыньнік (албо сума чыньнікаў) меў характар гарманічнага асцылятара са стабільным перыядам ваганьняў цягам дастаткова доўгага часу, а сам графік (ад 1697 да 1939 года) адлюстроўвае працэс нарастаньня амплітуды ваганьняў пад час рэзанаснага пераносу энергіі. Мяркую, мы маем справу зь сінхранізацыяю пэўных сістэмаў.

Аналіз гэтае залежнасьці патрабуе больш дакладнае апрацоўкі зыходных дадзеных, але для першаснае ацэнкі дастаткова функцыі на Мал.03. Для гэтага знаходзім (нажаль, графічна-інтуітыўна) сярэднюю лінію графіку "вось" за перыяд нарастаньня ваганьняў (адпавядае 1787 - 1883 гг., яна паказаная чырвоным пункцірам і ўяўляе сабай таксама лінію гарманічных ваганьняў другога парадку) і бярэм дадзеныя прамерамі адлегласьцей да гэтае лініі і ў праекцыі на яе.  Такім чынам маем:

 

Сьпіс № 2.

Экстрэмумы і амплітуды графіку эфэмерыдных паправак, вылічаныя адносна восі квазігарманічных ваганьняў з гіпатэтычнаю характэрыстыкаю перыядаў.

Дата экстрэмуму/ Амплітуда ў сек./ Працягласьць перыяда ў гадох./ яго характэрыстыка:

да 1697 - зьмена канфігурацыі фактараў уплыву, пачатак перыяду сталага                            тармажэньня хуткасьці абарачэньня Зямлі. Магчыма "захват" -              пачатак уплыву новага фактара

1697 - 1768  сталае запавольваньне абарачэньня Зямное кулі.

            71 год

1768 -  0" -Пачатак рэзананснага пераносу энергіі і паскарэньня абарачэньня                       Зямное кулі. Пераходны перыяд. Ваганьні зь неакрэсьленым                             характэрам.

            19 год

1787 - 0" - мейсца нулявога адхіленьня ад восі.

            10 год

1797               00,0’’ - Пачатак выразных “квазі-гарманічных” ваганьняў.            

            6 год

1803 г.           -01,0''

            9 год

1812 г.           00,0''

            9 год

1821 г.           +01,0''

            6 год

1827 г.           00,0''

            10 год

1837 г.           -03,0''

            11 год

1848 г.           00,0''

            15 год

1863 г.           +04,0''

            9 год

1872 г.           0,00''

(каля 1880 г. - - - Пачатак сінхроннага рэжыму)

            11 год

1883 г.           -04,0'' - Пачатак перыяду амаль стабільнай хуткасьці абарачэньня                                Зямное кулі.

 

З графіку бачна, што амплітуда нарастае ад 0’’ да 4’’, элементы ж ваганьняў зь 1787 па 1837 год маюць выразную вось сімэтрыі у 1812 годзе. Надалей элементы ваганьняў імкнуцца да велічыні 11, 12 , 22 і 35 год, характэрных для рытмаў Сонечнае актыўнасьці. Зь 1883 году хуткасьць абарачэньня Зямное кулі заставалася амаль стабільнаю. Потым, у 1893 годзе пачынаецца “сінхронны рэжым” пераносу энергіі і рэзкае запавольваньне хуткасьці абарачэньня па законамернасьці, падобнае да тангенцоіды.

Як высьвятляецца (гл. Мал.03 і 06.), на 1908,5 год прыпадае якраз кропка перамены знака крывізны графіку эфемерыдных паправак - функцы хуткасьці абарачэньня Зямное кулі – паміж лякальнымі экстрэмумамі 1893 і 1927 гадоў. “Тангенцоіда” заканчваецца ў 1927 годзе і далей зноў ідзе адноснае “плято” да 1939 году. Мы маем сіметрычную лінію адносна кропкі 1908,5 года. Нават гарызантальныя “плято” па абодва бакі доўжацца прыблізна па 12 год. Пасьля 1939 году Зямная куля стабільна запавольваецца, захоўваючы збольшага тэмп, зададзены у 1889 – 1933 гадох. Калі генералізаваць перыядычнасьць ваганьняў, то мы атрымаем тры часткі:

1787 – 1837 гады, складаецца зь двух розных, аде поўных цыкляў – пачатак сінхранізацыі; 1837 – 1883 (9) гады – адзін поўны цыкль.

А ланцуг падзеяў: (1883  – 1893) –1908,5- (1933 -1939) - перыяд рэлаксацыі (“разрадкі”) сістэмы, які пачынаецца годам грандыёзнага вывяржэньня вулкана Кракатаў!.

 

Як бачна з прыведзеных лічбаў, асноўным "лагам", даўжынёй перыяду ваганьняў гэтых працэсаў мусіць быць нешта каля 50 год. Калі забегчы трохі наперад, то адлегласьць паміж экстрэмумамі паказьнікаў сонечнага ветру на Мал. 14. у гэты перыяд таксама склала 50 год..Такі цыкль ня ёсьць характэрным для нашага Сонца, але ён можа мець мейсца як перыяд асыляцыі пэўнае сілы ўзрушэньня, мажліва ад зьнешняе крыніцы. Для параўнаньня прыводжу вядомыя параметры звычайнае рытмікі сістэмы Зямля (Месяц) - Сонца:

 

Сьпіс №3.

Перыяды і цыклы гелія – і геафізічных працэсаў

Мезарытмы

Пульсацыі Сонца - 60”, 2h40”

Абарот Зямлі - 24h

Сектарная структура міжпланетнага магнітнага поля - 7, 13-14 сут.

Абарот Сонца - 27 сут

Абарот Месяца, прылівы - 7, 9, 14, 27, 29,5 сут

Макрарытмы

Абарачэньне Зямлі вакол Сонца - 0,5, 11,0 год

Цыклы Сонечнае актыўнасці - 2, 3, 5, 8, 11. 22, 35 год

Доўгатэрміновыя кампаненты месячнага прыліву - 18,6 год

Цыклы вялікае працягласці

Цыклы сонечнае актыўнасці - 80, 170, 400, 600 год

Варыяцыі напружаньня геамагнітнага поля - 350, 600, 1000, 7000 год

 

 

 

4.Узыход Сэрца Вялікага Пса.  Новае неба Апакаліпсіса ....

                                                           - Так, чалавек сьмяротны, але гэта было б яшчэ                                                                 паўбяды. Дрэнна тое, што ён часам раптоўна                                                                     сьмяротны, вось у чым фокус!

М. Булгакаў

Калі мы ўжо пачалі дасьледваць абарачэньне Зямлі вакол свае восі і ўбачылі, што маюць мейсца пэўныя заканамернасьці, то лягічным выглядае пытаньне, а як паводзіць сябе самая вось Зямная пад час гэтых пертурбацый? Ці, па іньшаму, што адбываецца зь геаграфічным  полюсам нашае планеты? Ясна, што ён рухаецца, толькі якім чынам?

Але спачатку хачу апавесьці аб тым, што я назваў для сябе "Палярным эфектам Тунгускае катастрофы" ў савецкае навуцы, а дакладней,- галіне навуковае асьветы і навучаньня. Зрэшты, пачуцьцё справядлівасьці вымагае таго. Асазнаньне сутнасьці  гэтага "фенамена" каштавала мне нэрваў, часу і веры ў аб'ектыўнасьць "акадэмічнае навукі" і яе зацікаўленасьці ў дасьледваньні рэальнага стану рэчаў нашага Сьвету.

Але не толькі з гэтае прычыны. Графікі, што вы бачыце можна сустрэць амаль у кожнае папулярнае кніжцы па астраноміі, дзе хада ідзе аб зьяве так званае "прэцэсіі" - г.зн. перыядычных ваганьнях восі абарачэньня Зямное кулі. Адпаведна, кожнае імгненьне мяняеца на дробязную, але вымяральную велічыню вугал ухілу Зямное восі адносна плоскасьці Экліптыкі і мяняюцца каардынаты мейсца знаходжаньня геаграфічнага полюса на мясцовасьці. Гэта даволі спантаныя ваганьні, як можна бачыць у верхняе частцы малюнку Мал. 07.а..  Калі ж зрабіць матэматычную (статыстычную) апрацоўку гэтых дадзеных і вылічыць сярэднегадовую пазіцыю полюса, то законамернасьць "векавога" дрэйфу  палюсоў і, адпаведна абрыс прэцэсіі робіцца больш выразным, як гэта бачна ў ніжняе яго частцы і на малюнках Мал. 07.б,в,і г, што зьмешчаны тут.

Навошта столькі аднолькавых малюнкаў, спытаеце вы? Ну, па -першае, я назьбіраў іх з розных, яшчэ савецкіх кніжак, дзе цэзура і карэктура тэксту былі на недасягальнае зарас вышыні і за нават малую хібу можна было як меней - застацца бязь прэміі. Але прыводжу я іх тут таму, што яны толькі на першы погляд аднолькавыя. Не, самі графікі насамрэч ёсьць тоеснымі. Толькі паміж 1900 і 1915 годам пачынаюцца "цуды" зь лічбамі, якімі гэты графік падпісаны. Пры ўсіх "нюансах" кожнае вэрсіі, асноўнаю мэтаю відаць было адвесьці ўвагу чытача ад сувязі з падзеямі 1908 году і рэзкае зьмены накіруну руханьня пад гэтаю датаю.

Мал. 07а.

 
Мал. 07б.

 
Мал. 07в

 
Мал.07г.

Мал.07. а,б,в,г Варыянты малюнку графіку дрэйфу геаграфічнага полюсу Зямлі ад яе прэцэсіі.

На малюнку (Мал. 07.б.) гэты год нават знарок падпісаны  збоку і поўнасьцю (замест 1900). Але, калі ўручную пралічыць па кропкам, якімі азначаюцца гады, то можна лёгка высьветліць правільны стан рэчаў. І толькі ў адным выданьні я знайшоў тую графіку бязь аніякіх "ідэалагічных" карэктур Мал. 07.г (ніжні з гэтага шэрагу). Ён і быў ўзяты за грунт маіх графічных пабудоваў. Таму, калі вам ў нейкае крыніцы сустрэнецца  "ідэйна скарэктаваны" графік, адрозны ад майго, то гэта сьведчаньне не маёй памылкі, а наўмысны крок савецкае навуковае цэнзуры. Мяркую, зроблена тое было, каб не ўзьнікала спакуса для якіх кольвек "нестандартных" гіпотэзаў адносна Тунгускага фенамену. Прынамсі ў вучняў- і студэнтаў-гультаёў. Вось на гэты факт-феномен вымушаны я зьвярнуць вашую ўвагу.

 

Але вернемся да лініі векавых перамяшчэньняў (па сярэднім дадзеным за кожны год) паўночнага полюса нашае плянэты. Літаральна кідаецца ў вочы, што лінія робіць «пятлю» паміж 1897 і 1915 гадамі (Мал. 07г). Кропкі, адпаведныя 1905, 1906, 1907 і 1908-га гадоў ляжаць на крузе вельмі малога дыяметра. У той жа час паміж 1897 і 1908 гадамі яе характар нагадвае частку сьпіралі лягарыфмічнае крывой. Кпропка, адпаведная 1909 году прыпадае як раз на лінію поміж 1904 і 1905 гадамі, замыкаючы гэтае паўкола простае лініяй ад 1908 году. Падобна на тое, як паступова расьце напружаньне ў спружыне пры яе загрузцы, а калі чыньнік перастае дзейнічаць, спружына раптоўна выпростваецца. Можна мяркаваць, што кропка 1908 году адпавядае моманту  пачатку пераходу сістэмы ў стан нейкае новае роўнавагі. Зямная куля ёсьць гіганцкім гіраскапам і лінія на Мал. 07г ёсьць лініяю ваганьня яго восі пад узьдзеяньнем сілаў, якія таксама адначасова ўплывалі на хуткасьць яго абарачэньня па залежнасьці на Мал.06.

Дарэчы, лінія шляху міграцыі полюса да "пятлі" і пасьля яе робіць наўпросты вугал ў 90 град. Дакладна такой ёсьць характэрная рэакцыя гіраскопаў на перакульваючую  зьнешнюю сілу. Гэты факт дае мажлівасьць празь больш падрабязны аналіз у будучыні дакладна вылучыць гэты чыньнік. як і яго крыніцу. Лінейны жа памер «векавых» зрухаў Паўночнага полюсу Зямное кулі ёсьць вельмі нязначным, але такі іх характар сьведчыць аб значных па велічыні чыньніках, што ёсьць грунтам працэсу.

 

Каб усьвядоміць наколькі складанаю ёсьць дынаміка працэсу абарачэньня Зямное Кулі і іх асаблівасьці ў той перыяд экстрэмальных перамяшчэньняў, прыводжу сумесны графік эфемерыдных паправак і векавых перамяшчэньняў полюса ў супаставімых маштабах.

 

Выразна ёсьць бачнаю карэляцыя зьменаў напрамку і абарачэньня Зямлі. Так звычайна і рэагуе гіраскоп на зьнешнія ўзрушэньні.
 

Мал. 08. Лінія векавых зрухаў паўночнага полюсу Зямное кулі 1891– 1954 гады (верхняя лінія) і яе адпаведнасьці (карэляцыя) зь  экстрэмумамі графіку эфэмерыдных паправак

Для паўнаты раскрыцьця карціны працэсаў, што адбываліся ў гэты перыяд, прыводжу яшчэ й графік лічбаў Вольфа, што ёсьць характэрыстыкаю Сонечнае актыўнасьці,  за гэты ж перыяд. На ім я таксама пазначыў даты экстрэмумаў з графіку эфэмерыдаў. Такім чынам кожны можа самастойна параўнаць як разьвіваліся сумесна гэтыя ўсе тры параметры ў часе і ацаніць іх карэляцыю.
 
Мал. 09.  Карэляцыя датаў характэрных пунктаў графіку эфэмерыдных паправак (гл. на Мал. 03 - падпісаныя на "шпільках" непасрэдна над графікам) -  пад час мяркуемага "энергетычнага пераходу" і "датаў экстрэмумаў" агінаючае Лічбаў Вольфа за гэты ж перыяд (Ёсьць падпісанымі ўверсе, пад нумарам кожнага максымуму. Даты мінімумаў у арыгінале -часопіс "Радио" №7, 1991 г., стар. 6 - адсутнічаюць і таму не падпісаныя ).

Мушу нагадаць, што праявы – складнікі Сонечнае актыўнасьці ёсьць ня жостка зьвязаныя паміж сабою і кожны зь іх мае пэўны механізм, не заўсёды наўпрост зьвязаны з колькасьцю паступаючае энергіі. То бок, праявы актыўнасьці залежаць таксама ад агульнае канфігурацыі структур сістэмы, ўзаімадзеяньня яе складнікаў і іх ўплыву ў кожны дадзены момант.

На абодвух малюнках (Мал. 08 і 09) ёсьць відавочным наўпростае супадзеньне шэрагу экстрэмумаў, таксама як і карэляцыя іньшых датаў адносна характэрных кропак крывой Вольфа, векавых перамяшчэньняў геаграфічнага полюса і эфэмерыднае папраўкі. Напрыклад экстрэмумам 1893 і 1927 гадоў адпавядаюць кропкі пачатку і канца нашае “тангенцоіды разрадкі”, што атачаецца зь абодзьвух бакоў гарызантальнымі “плято”. Дакладней, 1883(1) -1893, плято пачатковага ўзроўню стабільнасьці (роўнавагі) і плято 1927 – 1939 гадоў, плято раўнавагі зь іньшым энергетычным патэнцыялам.

Такім чынам, можна выказаць гіпотэзу аб тым, што энергія, назапашаная у Сонечнае сістэме праз уплыў невядомага чыньніка, была некуды перададзеная (была паглынутая пэўнаю структураю, мяркую самаго Сонца і спарадзіла зьмены ў яго тонкіх настройках). Да таго ж лінія залежнасьці па формае нагадвае ў сваёй сярэдняе (ад 1908,5 да 1927 гг) частцы больш крывую насычэньня сістэмы, альбо крывую роста параметра ў складаных сістэмах (дакладней крывую Гомперца), чымся простую тангенцоіду. Характар пачатку, як і заканчэньня гэтае лініі, вызначаюцца хутчэй за ўсё спецыфікаю структуры сістэмы, паглынаючай энергію і самім механізмам перадачы-паглынаньня энергіі. Магчыма таксама мае пэўнае значэньне тое, што даты характэрных кропак 1908,5 і 1917 гадоў ёсьць сімэтрычнымі даце (каля 1912,5 года) сонечнага мінімума графіка-эпюры лічбаў Вольфа.

Сама крывая лічбаў Вольфа (Мал. 09 і 10) паказвае колькасьць сонечных плямаў (амплітуда крывой) на пэўную дату, ці ўсярэднім за пэўны перыяд. Кожны цыкль мае свой нумар, ад пачатку навуковых сістэматычных назіраньняў. Цыклі да гэтае даты таксама нумеруюцца, але са знакам мінус і ёсьць экстрапаляцыяй ускосных дадзеных, а не вынікам наўпростага падліку колькасьці плямаў. Гэты паказьнік лічыцца комплекснаю характэрыстыкаю сонечнае актыўнасьці “для шырокага ўжытку” (школьнае і "папулярнае" астраноміі, інфармаваньня насельніцтва) і аператыўнага аналізу, бо дае магчымасьць найбольш проста і коратка даць агульны малюнак стану Сонца на пэўны пункт часу, альбо ў сярэднім за пэўны перыяд. Праявы ж і механізмы ўласна дынамікі Сонца ёсьць вельмі складанымі і не зводзяцца цалкам да колькасьці і канфігурацыі плямаў – зонаў на яго паверхні, рытмічнага малюнку, колькасьці магнітных палюсоў і г.д.

За грунт сваіх пабудоваў я ўзяў малюнак з часопіса "Радыё" (Артыкул «Солнце и жизнь», стар. 4 – 7 (мал. 3, стар 6.), В. Мігулін, чл.-кар. АН СССР, дырэктар ИЗМИР АН СССР. Часопіс «Радио» №7, 1991 год.). З аднае простае нагоды, - ніхто ў СССР ня меў настолькі дакладнае інфармацыі па назіраньням за фізікаю Сонца як гэтая інстытуцыя і, адпаведна, яе кітраўнік. Да таго ж чытачоў гэтага часопіса цікавяць рэчы чыста практычныя, і таму павінны быць дакладная дадзеныя, не абцяжараныя тэарэтычнымі нагрувашчваньнямі розных школ і напрамкаў акадэмічнае навукі.

Такім чынам, разгледзім даступныя нам дадзеныя ваганьняў “сярэдняе лічбы Вольфа” за перыяд дакладных астранамічных назіраньняў. Калі мы пабудуем агульную агінаючаю амплітуды максімумаў крывое Вольфа, каб зрабіць графічнае абагульненьне велічыні і накірунку зьменаў, то атрымаем вельмі цікавы малюнак працэсу.  Вылучым асноўныя заканамернасьці зьмены амплітуды (Мал.10):  Першае, што бачна адразу, сярэдняя амплітуда перыяду 1876 – 1912 гадоў ёсьць самаю меньшаю за ўвесь час, а з 1924 году яна нарастае амаль па лінейнае залежнасьці. Таксама бачна, што пачынаючы з цыклю 1870 года на графіку зьяўляецца другі, меньшы (лякальны) максімум, што назіраецца таксама ў цыклях 1893 і 1905 гадоў. Наяўнасьць гэтага дадатковага максімума (амплітуда якога экспаненцыйна нарастае і ёсьць амаль роўная асноўнаму ў 1905 – 1907,5 гадох), можа патлумачыць зьмяньшэньне амплітудаў у гэты перыяд. Насамрэч, зьявіўся новы, дадатковы рытм і энергія Сонца, што ўтварае актыўныя зоны – плямы, пераразьмяркоўвалася ў часе паміж гэтымі двума рытмамі згодна прынцыпу суперпазіцыі. Гэткая “легкая шызафрэнія” нашае цэнтральнае зоркі.

Зь 1864 па 1908 год расьце па экспаненьце лінія амплітуды дадатковага рытму (паказаная чырвоным колерам), але празь кропку даты 1908 году праходзіць лінія абмежаваньня гэтага працэсу – далей ён не назіраецца. Гэта тэмпаральная мяжа працэсу. І толькі празь 60 год, у 1968 годзе можна знайсьці сьлед дадатковага максімума – ён мае больш спакойны характар. Магчыма яшчэ празь 60 год (у 2028 годзе) ён ўжо не праявіцца. Але і для асноўнага рытма (пазначаны жоўтым колерам), калі пабудаваць крывую максімумаў за гэты ж перыяд (яна набліжаецца да парабалы), гранічнаю лініяй ёсьць тая ж лінія 1908 году. Можна сьцьвярджаць, што надалей гэты чыньнік перастаў уплываць, і Сонечная сістэма перайшла паступова ў новы стан роўнавагі, а характар сонечнага рытму зьмяніўся. Пачынаючы зь цыклю 1928 года амплітуда максімумаў цыкляў плямаўтварэньня нарастае па лінейнае залежнасьці “пакетамі”.


Мал 10. Агульныя тэндэнцыі максімумаў лічбаў Вольфа.

“Агінаючая – наўпростая” лінія першага “пакета” перасякае лінію каардынатаў як раз у 1908 годзе. Відавочна, што гэтая графічная характэрыстыка функцыі не залежыць ад маштабаў і захаваецца пры любых суадносінах і прапорцыях каардынатаў часу і амплітуды лічбаў Вольфа. Гэта ёсьць таксама паказьнікам унікальнасьці даты 1908,5 году для Сонечнае сістэмы. Падобна, Сонца (прынамсі пэўная яго частка - "тонкая структура") тады перайшло нейкую кропку біфуркацыі (кропку зьмены якасьці стану). Лічу таксама неабходным зьвярнуць вашую ўвагу на тое, што простая-агінаючая наступнага “пакету” максімумаў крывое лічбаў Вольфа (яна перасякае лінію каардынатаў у 1945 годзе), ёсьць больш крутою за папярэднюю. Гэта сьведчыць аб нарастаньні дынамікі працэсу ў гэты перыяд. Пэўна хада павінна ісьці аб верхніх слаях сонечнае атмасфэры і магчымае перабудовы яе структураў пад уздзеяньнем зьнешніх уплываў.

Надалей у дынаміцы сонечнае актыўнасьці адбыліся якасныя зьмены. Яны толькі ацэньваюцца навукоўцамі, але тое, што ёсьць у адкрытае інфармацыйнае прасторы можа сьведчыць аб паступовае стабілізацыі сонечнае актыўнасьці.

Калі насамрэч адбываліся такія магутныя рэзанасныя працэсы пераносу энэргіі і, магчыма, рэчыва, то яны не маглі не адбіцца на дынаміцы зямное гідра – і атмасфэры.

І наяўнасьць такога эфекта можна знайсьці ў працах доктара Тэадора Ландшайда, спецыяліста па сонечнае дынаміцы, геа- і  геліяфізіцы, дасьледчыка сонечна-зямных сувязяў. Ён прааналізаваў дынаміку цыркуляцый у рэгіёне Паўночнае Атлянтыкі. Як выразна бачна на яго графіках зьмены так званага NAO (Nord Atlantic Oszillation) індэксу, каля 1908 году гэты індэкс таксама меў экстрэмальныя велічыні і больш за тое, гэты момант амаль супадае з «фазай рэверса» - зьменай накірунку атмасфэрна - акіянічных цыркуляцый (Мал.11, 12 і 13).

 

Мал. 11. NAO - сярэднегадавы індэкс (па Ландшайду).

Мал. 12. NAO - сезонны, "зімні" (сьнежань - сакавік) індэкс (па Ландшайду).

 
Мал. 13. Сумесныя графікі NAO і aa – індэксаў (па Ландшайду).

 Мал. 14  Арыгінальны графік з работы Т. Ландшайда, што дэманструе карэляцыю             параметраў сонечнага ветра і сярэднегадавое тэмпературы.

Так званы «аа» - індэкс ёсць комплекснаю характэрыстыкаю сонечнага ветру і, адпаведна, ўплыву празь яго сонечнае актыўнасьці на атмасфэру Зямлі. Як бачна, на 1908 год прыпадае мінімум аа – індэксу, які потым нарастае да максімума ў 1957 годзе. І што цікава, пасьля 1939 году (канец «плято» на Мал.03.) і завяршэньня перыяда рэлаксацыі сістэмы, абодва індэксы цалкам карэлююць адзін з адным, г. зн. сінхронна зьмяняюцца! Вылічаная для іньшых умоў і пры іньшых каэфіцыентах гэтая ж залежнасьць дадзена на Мал. 14.

Мае сэнс разгледзець заканамернасьці, адкрытыя Ландшайдам (Мал. 14) і параўнаць іх з тым жа графікам эфэмерыдаў у супольнае пабудове (гл Мал. 15)

 Мал.15 Агульны характар (карэляцыя) зьменаў росту тэмпературы атмасфэры, аа –        індэксу і запавольваньня абарачэньня Зямное кулі. (На груньце графіку праф.   Ландшайда, Мал.14.).

З малюнку добра бачна, што спачатку паскарэньне абарачэньня Зямное кулі суправаджаецца падзеньнем сярэдняе глябальнае тэмпературы і зьмяньшэньнем "аа"-індэксу сонечнага ветру. Першаю стабілізуецца (каля 1881 гг.) хуткасьць абарачэньня. Празь 2 гады "аа" індэкс сягае мінімума і толькі праз шэсьць год (у 1889г.) свайго мінімума дасягае сярэдняя тэмпература. Гэта зьдзіўляе, бо:

- Да 1883 году ішоў працэс паступовага паскарэньня абарачэньня Зямное кулі па закону падобнаму да гарманічных ваганьняў, верагодней за ўсё празь рэзанансныя зьявы і паглынаньне зьнешняе энергіі сістэмаю Зямля - Месяц.-Сонца

-У 1883 годзе, на які прыпадае мінімум дынамікі сонечнага ветру, хуткасьць абарачэньня Зямлі амаль сягае максімума і застаецца адносна стабільнаю цягам шасьці год, да 1889 году, на які прыпадае тэмпературны мінімум

- У 1889-91 гадох Зямля паскараецца і хуткасць абарачэньня дасягае максімуму ў 1893 годзе (абсалютны гістарычны мінімум графіку эфемерыдных паправак) – пачатак тангенцоіды тармажэньня і паглынанья энергіі (Мал.11)

Дзіўным зьяўлеецца і тое, што першай дасягае максімуму (ў 1923,5 годзе) і стабілізуецца тэмпература атмасфэры, потым стабілізуецца Зямля (з пераходам ад 1927 году на паскарэньне і наступную стабілізацыю абарачэньня) і ўжо потым (толькі ў 1933 годзе) – сонечны вецер.

У першую чаргу, ўсё гэта гэта сьведчыць аб тым, што Сонца ня ёсьць вытокам гэтых узрушэньняў. Сонца ж ёсьць асноўнаю крыніцаю энергіі і спад астатніх параметраў пры росьце сонечнае актыўнасьці ёсьць невытлумачальны, бо магутнасьць сонечнага ветру нарастала. Ўнутраныя ж рэсурсы “гоміястазу” Зямное кулі, кшталту зьмены хуткасьці таяньня лёду і ваганьні ўзроўня акіянічнага люстра вады і інэрцыі цыркуляцый не маглі даць такога вялікага эфекту паскарэнья абарачэньня. Зь упэўненасьцьцю можна сцьвярджаць толькі, што характар дынамікі ўсіх гэтых працэсаў ёсьць вельмі падобным. Мы маем практычна адну і тую ж «маштабаваную» крывую функцыі. У сваю чаргу гэта пацьвярджае, што нейкі адзіны чыньнік ёсьць грунтам гэтых зьмяненьняў і калі гэта не працэсы на Сонцы, то тады што?

Агульная карціна будзе таксама няпоўнаю без разгляду “векавое” зьмены сярэдняе тэмпературы на плянэце Зямля. Зь упэўненасьцьцю можна сьцьвярджаць, што зь 1750 да 1860 года мелася тэндэнцыя да зьмяньшэньня сярэдняя тэмпературы зь тэмпам 0,7°С за стагодзьлзе. Пасьля ж 1860 года пачалося нарастаньне зь тэмпам 0,8°С за стагодзьдзе і скончыўся так званы "малы ледніковы перыяд". Нагадаю, што прыкладна на гэты ж год прыпадае мінімум гіпатэтычнае парабалы апраксімацыі эфэмерыдных паправак (Мал. 03.). Падаб’ем рэшту:  

- У сьвятле вышэйзгаданага, цалкам магчыма, што ў 1908 годзе Сонца і Сонечная сістэма перайшлі у новы якасны стан пад уздзеяньнем вонкавага чыньніка, ўплыў якога прасьлежваецца зь сярэдзіны 18-га стагодзьдзя. У гэты чгод дынаміка працэсаў на Сонцы і ў яго навакольлі сягала экстрэмальных велічыняў

- Зь гэтага вынікае, што разглядаць любыя мадэлі падзеяў, зьвязаных зь так званым “Тунгускім метэарытам” без уліку ўсіх памянёных акалічнасьцей ёсьць некарэктным, бо гэтая падзея ёсьць толькі эпізодам больш складаных працэсаў у Сонечнае сістэме.

- Чыньнік, які выклікаў гэтыя ўзрушэньні знаходзіцца па-за Сонечнае сістэмай і мае характар гарманічнага асцылятара зь перыядам каля 50 год, таксама як і дастатковы энергетычны рэсурс  

Крыніцаю такога ўзьдзеяньня верагодна ёсьць... іньшая зорная сістэма. Хутчэй за ўсё хада ідзе аб рэзанансным пераносе энергіі. А значыцца вырашальнымі ў такім працэсе ёсьць, як вядома, ўласная частата ваганьняў сістэмаў (альбо іх элементаў) і адлегласьць паміж “крыніцаю” і “прыёмнікам” ваганьняў. Таксама гэта можа сьведчыць аб наяўнасьці “мегадоўгіх” хваляў у касьмічнае прасторы з перыядам ў дзесяткі і сотні год. Аб прыродзе такіх хваляў можна зарас казаць толькі на ўзроўні здагадак ці папярэдніх гіпотэз. На маю думку, найбольш падыходзячым кандыдатам на ролю крыніцы энергіі ў далзеным выпадку ёсьць... сістэма Сірыюса., бо яна - адна зь найблізкіх зорных сістэмаў (8,6 св.год). Перыяд абарачэньня яе кампанентаў складае дакладна 50,04 зямных года. На нябеснае сфэры яна ёсьць непадалёк ад Антыапексу ( ён знаходзіцца ў сузор'і "Рэзец"- паміж "Голубам" і "Эрыданам"). - віртуальнае кропкі-фокусу, ад якое аддаляецца Сонечная сістэма. Наўпростая (вектар-складнік "па накірунку назіраньня") хуткасьць складае каля 8 кілямэтраў за сэкунду. Агульная ж хуткасьць руху сістэмы Сірыюса ў міжзорнае прасторы ёсьць большаю і скіраваная ўбок ад Зямлі.

І як добра было б, каб ён таксама аддаляўся, як мяне ўпэўнілі некаторыя "знаўцы" раней! Тады на ўзанемадзеяньне сістэмаў Сонца і Сірыюса можна было б "сьпісаць" нарастаньне ваганьняў зямнога клімату за апошнія шэсьсот тысяч гадоў, некалькі "перапалюсовак" магнітнага поля нашае планеты. Таксама як і татальную прысутнасьць сістэмы Сірыюса ў паданьнях, легендах і касмаганічных мітах амаль кожнага народа сьвету. Зрэшты, таксама як паўстаньне старажытнакоптскае міталягічнае сістэмы і неверагодны ўзовень касмаганічнае інфармацыі ў мітах дагонаў. Ды й самаё ўзьнікненьне "хомо сапіенс" і характэр яго цэфалізацыі можна было б вытлумачыць шматбаковым узаемадзеяньнем сістэмаў, бо якраз прыкладна 335 тысяч год таму яны павінны былі б знаходзіцца на мінімальнае адлегласьці адна ад адной. Былі ў мяне такія меркаваньні. Але сістэма Сірыюса толькі набліжаецца да нас, бо рухаецца наўздагон і таму толькі праз 320 - 350 год параўняецца зь Сонечнае сістэмай. Але калі будзе момант найменьшае адлегласьці паміж нашымі сістэмамі і колькі мільёнаў кіламетраў будзе тады паміж Сонцам і сістэмай Срыюса, мяркую, зараз не зможа сказаць яшчэ ніхто.

Праз пару мільёнаў год Сірыюс зьнікне з нашага неба,  зрэшты як і ўсе астатнія зоркі што мы бачым сёньня. На зьмену ім да нас наблізяцца іньшыя сьвяцілы і нашыя далёкія нашчадкі будуць жыць пад зусім іньшымі сузор'ямі. У нашым сьвеце няма нічога пастаяннага. Стары Геракліт меў рацыю, - ўсё рухаецца, ўсё знаходзіцца ў стане пастаянных зьменаў. І толькі адну зорку мы будзем мець заўсёды побач, пакуль яна існуе – гэта нашае Сонца.

Лічыцца, што Сонца і Сірыюс належаць да розных “зорных струменяў”. Як Сонечная сістэма змагла сінхранізавацца зь сістэмай Сірыюса (ці нейкім іньшым, агульным для абедзьвух сістэмаў, працэсам) - гэта вялікае пытаньне. Але “падстройкі”, падобныя падзеям 1697 - 1908 гадоў маглі перыядычна ўзнікаць таксама і ў мінулым і зь іньшымі зоркамі і ці касьмічнымі "асцылятарамі" ня зорнае прыроды. Усё залежыць толькі ад адлегласьці паміж гэтымі сістэмамі і суадносін частаты сінхранізацыі, даўжыні перыяду ўплываючага сыгналу і яго генеруемае (перадаваемае) магутнасьці. Гэты эфект, калі яго існаваньне пацьвердзіцца, можна аднесьці да шэрагу макраквантавых зьяваў. Праўда, пакуль тое было вядома толькі пра рэзанансы ў межах Сонечнае сістэмы.

Прырода гэтае зьявы, як і праблема зьмены колеру сьвячэньня Сірыюсу, таксама можа палягаць у нявызначаных яшчэ ўплывах і структурах зьвязаных з цьмянымі ("чорннымі", ў сэньсе - нябачнымі) энэргіяй і матэрыяй. Што гэта такое, якой дакладна ёсьць прырода і сутнасьць гэтых прынцыпова новых, "сьвежаадкрытых" кампанентаў пабудовы Сусьвету, знаходзіцца зарас на вастрыні інтэсіўных навуковых дыскусій і дасьледваньняў. На мой погляд, ўсё можа скончыцца новаю мадэльлю пабудовы прасторы-часу і энтрапійных залежнасьцяў.

Але магчыма ўсё ж мае рацыю дасьледчык-рэканструктар "старажытнакоптцкае нумералёгіі" і пірамідаў С.Б. Праскуракоў, які сьцьвярджаў у нашых  гутарках пад час яго жыцьця ў Менску, што нашае Сонца і ёсьць трэцяя, "дагонаўская", кампанента сітэмы Сірыюсу - "Сірыюс - С(Ц)". Тое зьняло б многія "містычныя" пытаньні этнаграфіі, прынамсі касмаганічных мітаў, і антрапалёгіі Чалавека.

Калі такая перадача энергіі адбывалася насамрэч, то лічу лягічным таксама меркаваць, што максімум генерацыі энергіі "макрарэзананснага" поля ці "акустычнае хвалі" прыйшоўся на момант, калі Сонца, Сірыюс А і Сірыюс В(Б) былі фізічна на адной лініі. На малюнку.16 паказаныя суадносіны арбітаў абодвух кампанентаў сістэмы Сірыюса. і выгляд руху іх пры назіраньні зь Зямлі. Паколькі перыяд абарачэньня кампанентаў гэтае сістэмы складае амаль дакладна 50 год, то іх канфігурацыю можна экстрапаліраваць рэтраспектыўна і прыняць:

1940=1890, 1950=1900, 1960=1910, 1970=1920.

Мал.16. Кампаноўка складнікаў сістэмы Сірыюс і шлях кампанентаў, як ён выглядае зь Зямлі.у

Найбліжэйшы да 1908 году момант, калі абодва кампаненты сістэмы аптычна супадалі ёсьць прыкладна пад 1898,5 годам. Патрабуецца каля 8,6 год, каб святло ад Сірыюса дасягнула Зямлі.  Недакладнасьцю вылічэньня ад збліжэньня сістэмаў можна проста пагрэбаваць. Значыцца, фізічна нашыя тры зоркі былі на адной наўпростае недзе пад: 1898,5-8,6= 1890,1 годам і хвалі гэтага гіпатэтычнага ўздзеяньня спатрэбілася  1908,5 - 1890,1 = 18,4 год каб дасягнуць Сонца. Адпаведна, з улікам ацэначных недасканаласьцяў, хуткасьць гэтае хвалі ў фізічным вакууме можна меркаваць як трохі меньшую ад палавіны (нешта паміж 0,43 - 0, 48 С) хуткасьці сьвятла. Тое паказвае на яго не мехаічную (не "акустычную") прыроду, альбо спрыяе аднаўленьню неўміручае тэорыі "эфірнае" пабудовы Сусьвету.

 

Як бы там сабе не было, але апошнія тры вякі назіраецца незвычайная чарга геа- і геліяфізічных падзей, пік якіх прыходзіцца на лета 1908 года, і ад якога пачынаецца адлік нейкіх новых адценьняў у рытміцы пульсацыі Сонца. Асобныя навукоўцы сьцьвярджаюць, што яго вядомы ўсім адзінаццацігадовы цыкль скараціўся да дзесяці з паловаю год. Яно стала пульсаваць хутчэй. Адпаведна сінхранізуюцца, паскараюцца і ўсе працэсы ў Сонечнае сістэме. Фармальна кажучы, мы маем ўжо "трохі іньшае" Сонца і іньшае , новае неба на Зямлі.

 

Што да гістарычнае канвы гэтага шэрагу касьмічных узрушэньняў, і сувязі зь рэальнымі падзеямі, то нельга ня ўспомніць біблейскіх апакаліптычных прадказаньняў, бо перыяд жудаснае "двухсерыйнае" Сусветнае вайны 1914 - 1945 года зь рэвалюцыямі і грамадзянскімі сутыкненьнямі ў перапынку, пачаўся як раз пасьля гэтае даты. Цалкам зьмянілася палітычная мапа Планеты літаральна за пару дзесяцігодзьдзяў. Адбыўся выбуховы рост аб'ёма ведаў і тэхналёгій: - як раз на 1908 год прыйшлося адкрыцьцё радыяактыўнасьці сужэнствам Кюры і Рэлятывісцкае тэорыі адноснасьці Альберта Эйнштэйна. І ўжо зусім іньшымі сталі людзі, прынамсі "цывілізованыя", радыкальна зьмьянілася іх псіхалёгія і сьветапогляд.

Я не зьбіраюся сьцьвярджаць, што менавіта толькі Сірыюс - "сэрца" сузор'я Вялікага Пса і самая яркая зорка на нашым небе - спарадзіў усе гэтыя зьмены і ёсьць асноўнаю іх прычынаю. Але можна сказаць, што ён стаў знакам новае  эпохі ў гісторыі нашае цывілізацыі. Выглядае, што мы ўпэўнена ідзем да "Новага неба над Новаю Зямлёй"!.

 

 

 

5. Жалезныя птушкі Агды. Homo sapies, sapies - telluris.

Вольны! Свабодны! Ён чакае цябе!

М. Булгакаў

 

Наагул жа наш шлях праз прастору і час, як мы ўжо пераканаліся вышэй, ёсьць вельмі ня просты. І ёсьць сэнс  дэтальна і ўважліва разгледзець кожны знак-указальнік на гэтае пакручастае дарозе. Тым больш, калі ён выглядае такім вызначальным, як тое лета 1908 году.

 

"Тунгускаму фенамену” больш за 105 год... Чалавецтва назапасіла плойму мітаў пра Тунгускае падзеньне. Самым папулярным у свой час былі показкі пра забарону шаманамі для тунгусаў сяліцца і паляваць у тых месцах яшчэ да 30 чэрвеня 1908 года, бо туды павінен апусьціцца зь неба бог Агды... Але, як вынікае зь архіўных матэрыялаў і запісак дасьледчыкамі ўспамінаў ад тых жа тунгусаў, шаманскі “праклён” быў зроблены па настолівай “просьбе” рускіх прамыславікоў і золатадабыччыкаў. І зроблена гэта было пасьля пазначэньня імі межаў (піхтавыя сваі падпісвалі і закопвалі на межах) у тых мясьцінах, на агульным сходзе тунгусаў, ужо калі тое падзенье метэарыту адбылося.

 

Ёсьць ускосныя дадзеныя аб тым, што былі спробы экспедыцый у тыя мясьціны да Куліка, яшчэ і “за царскім часам”, толькі матэрыялаў на жаль не захавалася. Акрамя таго, існавала па ўсяе царскае Расеі сетка дастаткова кваліфікаваных гідра-метэа назіральнікаў. Як раз яны дакладна і зафіксавалі каля Іркуцку паўднёвую траекторыю блакітна-срэбнага “баліда”. У той жа час немагчыма аспрэчыць тое, што ў момант выбуху "Тунгускае цела" рухалася з Паўднёвага Ўсходу на Паўночны Захад.  Назіральнікі ж у іньшых кропках бачылі "вогненнае памяло", ці наагул каменную глыбу.

 

Калі пакінуць у спакоі іншапланетнікаў і мяцежны геній Тэслы, то прыйдзецца прызнаць, што цяжка вызначыць адзіную крыніцу і механізм зьявы, што звыкла называюць "Падзеньнем Тунгускага метэарыта". Насамрэч, дзе можна знайсьці  гісторыю падзеньня метэарыта (варыянт - малога астэроіда, альбо ядра каметы) і яго шматразовым(!) выбуху ў атмасфэры, які б доўжыўся каля пятнадцаці хвілінаў, а па іньшым сьведчаньням аж ці не паўтары гадзіны. Спробы зьвесьці ўсё гэта да памылак назіраньня выглядаюць ня лепш за спробы вытлумачыць парадокс "мульцітраекторыі" падзеньня  манеўрам таго касьмічнага цела.

 

Па праблеме Тунгускага фенамена напісаныя шматлікія працы і агляды, існуе безьліч здагадак і гіпотэз. Называць і пераказваць іх тут ня мае аніякага сэнсу і цікаўнага чытача я прашу самаму зьвярнуцца да першакрыніцаў, бо напісанае рознымі аўтарамі вымяраецца тонамі рознае якасьці тэкстаў.

Прывяду толькі ўрывачак зь адной з самых шчырых публікацый-аглядаў па праблеме "Тунгускага метэарыта", якая ёсьць пагатоў актуальнаю, - працы: Б.Ф. Бидюкова "Тунгуская проблема: Методологический аспект", апублікаваную яшчэ ў 1997 годзе.

Ён піша: " ... можна ўжо зь сёняшняе сітуацыі сфармуляваць пастаноўку базавае метадалагічнае праблемы "Тунгускага метэарыта (ТМ)": - Мы ня ведаем ні што гэта такое, ні тое, якім чынам гэтае можна дазнацца. ..." І далей  - "... Кантэкст праблемнасьці ў нашым выпадку абумоўлены сукупнасьцю дакладных парадаксальных фіксацый, характэрызуючых шэраг прынцыповых цяжкасьцей, што ня здымаюцца ў межах існуючых уяўленьняў. Узяўшы за арыенцір храналягічна апошнія працы Васільева, Вараб'ёва і Плеханава, можна зрабіць ў канцэнтраваным выглядзе пералік і прывесьці фармулёўкі асноўных парадоксаў:

1. Энэргіі. Шчыльнасьць энэргіі Тунгускага выбуху была такога ж узроўня, што і пры нуклеарным выбуху, але ўсяго комплекса асаблівасьцей, што прыналежыць тыповаму тэхнагеннаму нуклеарнаму выбуху ў атмасферы, ня выяўлена.

2. Рэчыва. Па розным ацэнкам, маса ТКЦ (Тунгускага касьмічнага цела) была ад дзесяткаў да мільёнаў тон, аднак ні адзінага міліграма рэчыва, даставерна прыналежнага яму, пагатоў ня знойдзена.

3. Траекторый руху. Паўднёвы варыянт траекторыі добра "прывязаны" да вызначанага празь інструментальныя методыкі моманту выбуха і абапіраецца на храналягічна больш раньнія (а таму зразумела больш даставерныя) расповяды відавочцаў. Усходні варыянт траекторыі "прывязаны" да асаблівасьцей структуры вывала, але аповяды відавочцаў гэтае групы адносяць назіраньне да больш пазьнейшых (абедзеных) часоў. Розьніца ў паказаньнях вызначаных груп складае больш за дзьве гадзіны, а даўжыня серыі выбухаў, па розных ацэнках, групуецца ў межах паўгадзіны. Тым ня меней, ніхто зь відавочцаў не апавядае аб назіраньні двух выбухаў у адзін дзень.

4. Пажара. Калі пажар узьнік адразу і ўсюды, то чаму наўпрост ў эпіцэнтры ёсьць мейсцы бязь пажару і жывыя дрэвы, адначасна зь  аналягічным пажарам на адлегласьці да 15 км ад цэнтра?

5. Апёка (лентападобных пашкоджаньняў галінак).  Калі гэта прамянёвы апёк, то чаму аналягічныя пашкоджаньні часам датуюцца іньшымі гадамі? Чаму значная колькасьць гэтых пашкоджаньняў у 1908 годзе скіраванае ўбакі і ўніз? Чаму ва ўсходняе і заходняе частцы вобласьці гэтых пашкоджаньняў маюцца сваеасаблівыя выямкі, дзе такіх пашкоджаньняў няма? Калі апёк быў ад вогненнага шара, то чаму ж ударная хваля мела форму "матылька", а контур сьветлавога апёка - фігуру, толькі аддалена нагадваючую эліпс?

6. Папярэднікаў (атмасферных анамалій). Калі ТМ быў касьмічным целам, то якім чынам ён мог аказваць уплыў на Зямлю да падзеньня, знаходзячыся яшчэ ў касьмічнае прасторы?

7. Радыёактыўнасьці. Комплекс разнастайных дасьледваньняў слядоў радыёактыўнасьці на мясцовасьці ў раёне катастрофы фіксуе альбо іх поўную адсутнасьць, альбо флюктуацыі на роўні натуральнага фону, ў той жа час, ТЛ-мэтад упэўнена паказвае на сьляды ўздзеяньня жосткае радыяцыі, "запячатаныя" ў мінералах падсцілаючае паверхні (грунта). Рэгіянальная геамагнітная бура, тыповая для стратасфэрных нуклеарных выбухаў і прыкметы генетычных наступстваў катастрофы зьяўлаюцца дадаткавым аргументам на карысьць радыяцыйнага ўздзеяньня.

"Гэты пералік ... ня ёсьць вычэпаваючым і можа быць істотна дапоўнены", - канстатуе Г.Ф.Пляханаў (...) - "Але галоўныя парадоксы ТК выходзяць за межы гэтых пытаньняў і патрабуюць тлумачэньні выпадковых супадзеньняў". Даем і гэты пералік, сціснуўшы яго да насычанага сэнсавага астатку.

1. Супадзеньне цэнтра Тунгускае катастрофы зь палеавулканам.

2. Супадзеньне яго зь дадатковым магнітным полюсам Зямлі.

3. Гэты раён ёсьць асабліваю кропкаю Сібіры ў тэктанічным пляне.

4. Раён Эвэнкіі быў у 1908 годзе самым малаабжытым раёнам плянэты ў сярэдніх шыротах.

5. Дзень 30.06.1908 быў аптымальным для пералёта па трасе Марс-Венера-Зямля: такое спрыяльная канфігурацыя плянэтаў бывае радзей, чымся раз у стагодзьдзе.

6. 27-30 чэрвеня 1908 года, адначасна з нарастаньнем оптыка-атмасфэрных анамалій ў Эўропе, прафесар Вебер з Кіля назіраў рэгулярныя перыядычныя зьмены вугла ўхілу магнітнае стрэлкі. Іньшыя магнітаметрычныя абсерваторыі нічога падобнае на тое не зарэгістравалі. Зьмены геамагнітнага поля зарэгістраваныя толькі ў момант катастрофы і толькі ў Іркуцку. ... " - канец цытаты.

Я ж хачу зьвярнць вашую ўвагу таксама на наступныя акалічнасьці:

1. Яшчэ пад час першых экспедыцый Куліка ў месьце мяркуемага эпіцэнтра ўзрыва знайшлі т. зв. жывы "стаячы лес". То бок, там працягвалі расьці  не паваленыя выбухам дрэвы. Аэрафотаздымка мейсца катастрофы дала больш дэталёвую карціну, зь якой вынікала, што эпіцэнтр ня быў суцэльным, але мейсц-плям жывога лесу захавалася ў ім  чатыры ці пяць.  Схама-прамалёўка тае сітуацыі дадзена на Мал 17. Гэта сьведчыць аб тым, што як выбух, так і крыніца выбуху мелі складаную структуру. Агульны абрыс (канфігурацыя) гэтае карціны нагадаў мне тыповую структуру сонечнае "плямы" - зоны актыўнасьці на паверхнасьці Сонца Мал.18 . Такое падабенства можа быць прыкметаю падабенства працэсаў і механізмаў ўзаемадзеяньня, але яны могуць мець зусім адрозную фізічную прыроду.

 
Мал.17. Дыяграма накірункаў ("стрэлкі") паваленых дрэваў у эпіцэнтры "Тунгускага фенамена". Чырвоным паказаныя лякальныя эпіцэнтры ўзрыва(ў) - мейсцы дзе дрэвы засталіся амаль непашкоджанымі і працягваюць расьці. Першакрыніца - Е.Кринов "Тунгуский метеорит".
 

Мал.18. Фота і прамалёўка тыповае сруктуры "сонечнае плямы".

2.  І яшчэ адна "дзіўностка". Электра-магнітныя узрушэньні пад час выбуху на Тунгусцы былі зафіксаваныя толькі Іркуцкаю абсерваторыяй. Таксама лічыцца, што менавіта з гэтаю катастрофаю ёсьць зьвязаныя назіраньні ваганьня геамагнітнага поля ў горадзе Кіль (Нямеччына) напярэдадні гэтае зьявы. Геаграфічная даўжыня мейсца праяўленьня Тунгускага фенамена складае 101°54, Кіля - 10°08,5´. Вугал паміж імі - каля дзевяноста градусаў. Гэта можа сьведчыць аб тым, што гіпатэтычная зьнешняя сіла ўзрушэньня, што дзейнічала непасрэдна на нашую планету, спараджала (альбо мела ў сабе) таксама і элетрамагнітныя складнікі, бо, як вядома, вугал паміж магнітным і электрычным вектарам роўны як раз дзевяноста градусам.

Малюнак і канфігурацыя магнітнага поля Зямлі мяняецца ўвесь час, але перыяд "Тунгускае анамальнае зьявы" супадае прыкладна з момантам разрыву замкнёнае лініі нулявога (геаграфічнага) магнітнага ўхілу, што атачала да таго вялікую вобласьць ва Усходняе Сібіры. Прыкладна ў цэнтры гэтае зоны і знаходзіцца мейсца Тунгускага выбуху. Выніковая канфігурацыя ёсьць сімэтрычнаю да "паўднёвае траекторыі" і магчыма ёсьць зьвязанаю з "іркуцкім" балідам". То бок, гэты "балід" мог быць вынікам нейкіх электра-магнітных працэсаў ў атмасфэры.

Трэба адзначыць, што на момант "Тунгускае катастрофы" склалася вельмі рэдкая канфігурацыя планетаў на нашым небе: амль усе яны сабраліся  ў адносна вузкім сектары каля Сонца. Юпітэр стаяў трохі асабняком, Уран жа знаходзіўся насупраць гэтае групоўкі ў супроцьлеглым баку неба. Толькі Сатурн быў збоку, амаль перпендыкулярна да гэтае лініі.

Многія дасьледчыкі шукалі сьляды "іньшапланетнага ўварваньня", каб вытлумачыць вышэйпералічаныя парадоксы. Цікавыя вынікі атрымаў Яўген Філіповіч, што былі змешчаныя ў польскім часопісе “Незнаны сьвят”  №2,(14) 1992, стар. 8 і 14., артыкул “Таямніца паваленае тайгі. Ці не справакаваў Тунгускі метэарыт першую сусьветную вайну?”. Аўтар піша: " ... Кампутар зрабіў разьлік вельмі плоскае гіпербалы, што магла быць шляхам пэўнага касьмічнага цела. А як вядома гіпербалічная траекторыя ёсьць характэрнаю для цела з па-за межаў Сонечнае Сістэмы.

Цела, што рухалася б па такой траекторыі з боку сузр'я Блізьнятаў, прайшло б каля Нептуна, сягнула б перыгеліям у 23 мільёны кілямэтраў ад Сонца, а пасьля "дакранулася" б да Венеры, Месяца, Зямлі і Урана, адляцеўшы далей ў бок сузор'я Стральца. Такі сцэнар быў бы мажлівы толькі пры двух умовах: яно павінна было рухацца з хуткасьцю 430 кілямэтраў за секунду і сустрэцца з Зямлёю 30 чэрвеня 1908 года ў 00.15 GMT. Дадатковы аргумент да гіпотэзы касьмічнага карабля, тэстуючага большасьць планет Сонечнае Сістэмы пад час адзінкавага пралёту, што доўжыўся ўвогуле вельмі мала - каля 6,5 месяцаў.  ... "

 

Ад сябе дадам, - у сузор'і Рыбаў ляжыць (і пераходзіць "векавым рухам" ужо ў Вадалей) т. зв. "Кропка вясеньняга роўнадзенства", што на перакрыжавньні нябеснага Экватара і Экліптыкі. Таму, з чыста энергетычгых меркаваньняў - эканоміі паліва і часу, любы карабель, што хоча дасьледваць планеты нашае сістэмы (то бок на нейкім этапе яму трэба будзе перайсьці на палёт у плоскасьці Экліптыкі) выбярэ такі шлях. Тым больш пры такім "карамбуляжным" пралёце.

Зрэшты, некаторыя ж з тунгусаў-відавочцаў тых падзей расказвалі, што бачылі жалезных птушак бога Агды з вогненымі вачыма пад час выбухаў і пажару!

Насамрэч, ці не магла нейкая цывілізацыя скарыстаць такую вельмі рэдкую канфігурацыю касьмічных целаў, каб правесьці сваю акцыю ў нашае сістэме? А чаму ж не? На вялікай хуткасьці яны маглі пакінуць каля нашае планеты зонд-назіральнік і г.д.  Дарэчы, гіпотэзу аб наяўнасьці такога зонду, на каляземнае арбіце (ён жа "чорны "звездалёт") выказвалася некаторымі дасьледчыкамі ў спробах вытлумачыць механізм перыядычнага "радыёрэха", спазьненьня радыёсыгналаў і расшыфроўкі так званых "серый Штёрмера" незалежна і без аніякай прывязкі да "тунгускіх падзей".

Астатнія  ж "мерапрыемствы" цывілізацыі - дасьледчыка і яе дзеяньні ў Сонечнае сістэме, як і самая прысутнасьць яе прадстаўнікоў была б цалкам закрытая натуральнымі зьявамі катастрафічнага характару таго часу.

Ёсьць таксама падставы выказаць меркаваньне, што ці той "пералёт" папярэдне мог рыхтавацца, ці то інтарэс да нашае сістэмы мае не адна па-за замская цывілізацыя. Альбо, што найбольш пасуе ў межах гіпотэз аб праявах іншапланетнага розуму, чалавецтва сутыкнулася зь іх астра-інжынернымі тэхналёгіямі. Гэта, вядома, вельмі малаверагодна, але ня ёсьць немагчымым.  Маю на ўвазе камету(?) 1881V, што ў 1881 г. адкрыў астраном Дэнніг (Брыстоль). Яна амаль ня мела хваста,  не падыходзіла блізка да Сонца, але вельмі блізка падышла да Зямлі (мін. адлегласць склала каля 0,04 ае). Больш за тое, яна наблізілася яшчэ і да Марса на 0,06 ае (каля 9 млн.км) далей яна прайшла на 0,02 ае ад арбіты Венеры і 0,16 ае ад арбіты Юпітэра. Камета выглядала як туманная дыскападобная пляма зь яркімі кропкамі ў цэнтры. Дата "візіту" супадае з пачаткам сінхронага рэжыму рэзананснае крывой і пераноса энергіі, пачатку стабілізацыі хуткасьці абарачэньня нашае планеты.

А што ж "наш Сірыюс"?  Ён таксама знаходзіўся дакладна ў тым жа баку "сьвету белага", што і  большасьць планетаў нашае сістэмы на момант "Тунгускага падзеньня". Яго праекцыя на плоскасьць Экліптыкі ляжала як раз побач (меньш за два градусы) ад Меркура, а азімут быў каля дваццаці градусаў ад Сонца. Знаходзіўся ж ён пад гарызонтам і быў бачны на небе толькі на поўдзень ад саракавой паралелі. Тое не замінае ні энергетычнае хвалі ўздзейнічаць, ні, тым больш, касьмічнаму караблю ляцець.

Перакананы, што толькі цуд падтрымлівае нашае стабільнае жыцьцё і існаваньне нашае цывілізацыі ў гэтым зьменлівым і цяжкапрадказальным Сусьвеце. Нават вывяржэньне вялікага вулкана, ці падзеньне з касьмічнае прасторы якога здаравеннага булыжніка можа паставіць пад пытаньне нашае існаваньне. Мы зьявіліся на гэтае планеце ў барацьбе за існаваньне зь варожымі фактарамі навакольля і празь канкурэнцыю з іньшымі гатункамі гамінідаў. Выглядае, што мы павінны сьвядома рыхтавацца да выжываньня ў бязьмежных абшарах Космасу па-за Сонечнаю сітэмай і канкурэнцыі-супрацы зь іньшымі разумнымі істотамі. Альтэрнатыва: - і надалей чакаць, што нам прынясуць "у дзюбе" жалезныя птушкі Агды.

Можна працягваць жахацца рэалізацыі апакаліптычных прадказаньняў і з трывогаю назіраць за падзеямі вакол узгорка Мегідо ў чаканьні істотнага складніка Апакаліпсісу, - таго Армагедону (каньчатковая, завяршаючая бітва дабра і зла, ён жа Рагнарёк). Але можна зразумець Стары запавет і як пэўнае кіраўніцтва да дзеяньня, бо ў Чалавека заўсёды ёсьць права выбару. Ён можа як муха-дразафіла цешыцца з камфорта лабараторных умоваў да канца эксперыменту. Тое і ёсьць сьвядомым выбарам чальцоў незьлічонае плоймы "пафігістаў". Астатняе ў рукох таго, хто можа ўключыць ці выключыць машыну, што праводзіць дасьледваньні. Але скарыстаўшы сваю свабоду выбара і рэалізацыі ўласнае волі, Чалавек можа выйсьці за межы "эксперыментальнае цяпліцы натуры" і пабудаваць для сябе новы і надзейны дом. Такі крок стане часам пачатку Касьмічнага ўзыходжаньня Чалавецтва, - прэч ад Армагеддонаў і Рагнарокаў, пад якім бы знакам не прыходзіў Апакаліпсіс.

Наш час называюць і ён ёсьць часам глябалізацыі. Нас стала за-многа на гэтае планеце і такі працэс ёсьць непазьбежным. Я ня ведаю, якой яна будзе, "амерыканскаю", "кітайскаю", "арабскаю" ці "афрыканскаю". Я ведаю толькі адно, - тое непазбежна і ёсьць складнікам працэсу станаўленьнея адзінае зямное расы Чалавецтва. Станаўленьнем Чалавека разумнага, зямнога: "Homo Sapiens, Sapiens - telluris". Але, каб захавацца і надалей мець патэнцыял для разьвіцьця, яно, гэтае станаўленьне адзінае зямное расы, павінна адбывацца с  захаваньнем этнічнае разнастайнасьці. Таму бачу неабходнасьць падвышэньне ролі нацый, як варыянтаў "канкурэнтназдольных лабараторый разьвіцьця Чалавецтва".

Мы маем вельмі аптымістычную будучыню, бо маем толькі адзіны шлях - да зорак. Як аднойчы выказаўся Кевін Грацыер, галівудскі кансультанат па астрафізіцы і пытаньнях пабудовы Сусьвету, - адной планеты нам за-мала. Спытайце ў дыназаўраў.

Комментариев нет:

Отправить комментарий