вторник, 15 июля 2014 г.

Бітва на ростанях цывілізацый...


Язэп Паўловіч

 

Бітва на ростанях цывілізацый...
 

“..Дзяржава абапіраецца больш на мужнасьць духу, чым на сілу цела, пра што сьведчаць як грэкі, так і рымляне. Іх магутнасьць квітнела найбольш тады, калі расьцьвіталі навукі. А як толькі пачыналі нікнуць таленты, сілы іх згасьлі, а з заняпадам апошніх абрушылася іх дзяржава і ўсталавалася рабства. Таксама і ў нас. ...”
Мікола з Гусава, з ліста да найяснейшай уладаркі і пані Боны (Сфорцы д’Арагона), з ласкі Божай каралевы Польшчы, Вялікай княгіні Літвы, Русі, Прусіі і іньш. пані.

 

 

Здаецца, зусім нядаўна адзначалі мы шасьцісотгодзьдзе Грунвальдскае бітвы, а зарас надышоў час  паўтысячагодовага юбілею бітвы пад Воршаю.

 

Іх  аб’ядноўвае ня толькі блізасьць юбілеяў у часе. Але і тое, што абедзьве гэтыя бітвы спынілі вонкавую экспансію войскаў суседзяў на тэрыторыю карэнных земляў Вялікага Княсства Літоўскага. “Грунвальд” вынішчыў захопніцкі імпэт крыжацкіх ордэнаў у дачыненьні да ВКЛ і, ў рэшце рэшт, спрыяў далейшаму яго ўлучэньню ў эўрапейскія справы.

 

Перамога  ж у Аршанскае ж бітве 8-га верасьня 1514 году спыніла ўварваньне войскаў Княства Маскоўскага і дазволіла вызваліць частку ўсходніх тэрыторый ВКЛ (хоць вайна, якую абвясьціў Васіль ІІІ, трывала яшчэ да 1522 года і адбылася страта Смаленску). Гэтая перамога стала моцным аргумэнтам у пермамнентнае спрэчцы ВКЛ і ВКМ за прастору і рэсурсы,  мела магутныя палітычныя наступствы і спрыяла ўзмацненьню сталых стасункаў з эўрапейскімі ўладнымі і духоўнымі цэнтрамі,  ўпляценьню культурніцкага жыцьця Вялікага Княсства ў эўрапейскі кантэкст.

 

Паміж гэтымі датамі пралегла ня проста больш за сто год, гэта быў час сталага дзяржаўнага будаўніцтва і ўзмацненьня ВКЛ, ня гледзячы на частыя ваенныя канфлікты. Мянялася структура дзяржавы, разьвіваліся гарады і атрымлівалі прывілеі Магдэбургскага права.

Разьвівалася сістэма міжсаслоўных суадносін. Пашыраліся правы шляхты-ваеннага састоўя. У ВКЛ   14 – 15 стагодзяў нашчадкі ханаў і вышэйцшых феадалаў з Залатое Арды, а пазьней і Крымскага ханства,  як і прадстаўнікі былых літоўскіх уладальніцкіх сем’яў, тытулаваныя выхадцы з Маскоўскіх, Цьвярскіх і іньшых княстваў, прыналежылі да вышэйшае групы феадальнага шляхецкага стану. На самым версе гэтае групы былі прадстаўнікі  велікакняскіх дынастый Гедымінавічаў і Рурыкавічаў

З даволі простых паняцьцяў радавых і спадчынных суадносінаў “ваеннае дэмакратыі”, пачала выбудоўвацца сістэма дэмакратыі саслоўнае, замацаваная ўпершыню ў “протастатуце” – Судзебніку Казіміра 1468 года, падставовым дакумэньце феадальнага права ВКЛ. Ён паслужыў прататыпам больш універсальнага прававога дакумэнта – першае рэдакцыі Статуту ВКЛ ад 1529 году, што быў падмуркам разьвіцьця прававое сістэмы дзяржавы. Гэты дакумэнт і яго пазьнейшыя рэдакцыі ў сваю чаргу аказалі ўплыў ня толькі на разьвіцьцё эўрапейскае прававое сістэмы, але і, значна пазьней, знайшалі пэўнае адлюстраваньне  ў Канстытуцыі ЗША.

 

Сутыкненьне “цывілізацыйных хваляў” разам з расьсяленьнем Чалавека па планеце пасьля 13-га веку і ўсталяваньнем глябальных сувязяў, падзелу жыцьцёвае прасторы паміж народамі, стварыла магчымасьць узьнікненьня шэрагу „цэнтраў палітычнае сілы” да пачатку 16-га веку на эўрапейскім абшары, што канкуравалі паміж сабою. Насельніцтва Зямлі на той момант перасягнула рысу ў паўмільярда чалавек. Упершыню ўзьнікла сістэма больш-меньш сталых межаў, пазначаных інжынернымі збудаваньнямі пад аховай, паміж большасьцю краінаў “Старога сьвету”, што была замацавана ня толькі ваеннаю моцай і дзьвухбаковымі дамоўленасьцямі, але і сістэмаю міжнародных Угодаў. У міждзяржаўнае канкурэнцыі значна вырасла роля агульнага разьвіцьця прамысловае вытворчасьці краіны і ўзроўня арганізацыі працы, валоданьня новымі тэхналёгіямі вытворчасьці і арганізацыіі інфармацыйнага забясьпячэньня функцыянаваньня дзяржаўнага апарату, эфектыўнасьці дзяржаўнае машыны.  Менавіта валоданьне “піянернае” на той час інфармацыяй, новымі тэхналёгіямі на тле ідэйнае базы хрысьціянскае цывілізацыі і асабліва нараджаючагася пратэстантызму,  дазволіў імкліва вырвацца ў 16-м веку ў канкурэнтнае барацьбе паміж эўрапейскімі краінамі Англіі і Галяндыі. Пачаўся  падзел глябальнае геаграфічнае прасторы паміж імі. Эўрапейская цывілізацыя стала дамінаваць на нашае плянэце. 

Развіцьцё ж грамадства, рост  гарадоў і павялічэньне насельніцтва у Вялікім Княстве Літоўскім спрычыніліся да вялікага попыту на кнігі, збольшага літургічныя. Тут нельга не ўспомніць бізнес-праект вядомага тады польскага магната Яна Турзо, які прапанаваў немцу Швайпафальду Фіелю, шаўцу, што вырабляў багаслужбовае адзеньне ў Кракаве для Касьцёла, друкаваць царкоўныя кнігі кірылічным шрыфтам для патрэбаў ва усходніх цэрквах на дзяржаўнае мове ВКЛ для падтрымкі там Хрысьціянства. У 1491 годзе выйшлі дзьве першыя кніжкі “Антоіх” і “Часаслоў”.  Наступныя некалькі выданьняў – у 1492 і 1493 гадох. Па даносу ён быў  падазроны ў “гусіцкае ерасі”, прыцягнуты  да следчых дзеяў і пэўны час правёў у турме. Але абыйшлося, і ў пачатку 16 стагодзьдзя ён працаваў ужо горным майстрам у Сілезіі і  ніколі да друкарскае справы больш не вяртаўся.

 

Пятнаццаты век скончыўся гарадзельскаю Вуніяй паміж Польскім каралеўствам і Вялікім Княсствам Літоўскім. Дамоваю, што павінна была дапамагчы Польшы ў супроцьстаяньні ня толькі з заходнімі суседзямі, але й турэцкае агрэсіі. Для Вялікага Княсства  ж асоўнаю праблемаю сталася супроцьстаяньне з набраўшым моц княсствам Маскоўскім і саюзнымі яму тады крымскімі татарамі.. 

 

Гістарычны лёс так склаўся, што нашая першая дзяржава – Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае паўстала на памежжы, сутыкненьні цывілізацыйных хваляў з Захаду і Усходу. што несьлі кожная свае культурніцкія і тэхналягічныя адметнасьці, розныя, часам супроцьлеглыя погляды на рэчы і пабудову Сьвету.  Заходнюю хвалю культурніцкага ціску ініцыяваў  кансалідаваны адказ эўрапейскіх краінаў на мусульманскую агрэсію ў Гішпаніі і Партугаліі ў апошняя траціне першага тысячагодзьдзя н.э..  Ядром гэтае хвалі можна лічыць імпэрыю Карла Вялікага. Праз Крыжовыя паходы і рэканкісту, пасьля паразы на Бліжнім Усходзе, вайсковая машына Ордэнаў абрынулася на “паганскія” абшары Прусіі, Прыбалтыкі і, саюзнае для ВКЛ, Польшы. Гэтыя наступствы ”памылкі Конрада Мазавецкага”, які запрасіў іх,  былі больш актуальныя для палякаў, чымся для Вялікага Княсства - падзеі добра вядомыя шырокае публіцы ня толькі з гістарычных крыніцаў, але кіно і літаратуры.

 

Без разгляду ж сутнасьці супроцьлеглага вектару – хвалі Усходняе, што ўяўляла сабою націск імпэрыі намадаў Чынгізхана, мы ня ўстане ацаніць значэньне Бітвы пад Воршаю, бо бязь гэтага цяжка зразумець узыходжаньне і сутнасьць Маскоўскае дзяржавы, таму гэтае пытаньне трэба разгледзець больш дэталёва.

 

На пачатак шаснаццатага стагодзьдзя тры цывілізацыйныя хвалі (“Усходняя”, “Заходняя” і “Паўднёвая”- музульманская), што спрыялі станаўленьню ВКЛ, зь падзеньнем Бізантыйскае імпэрыі, распадам Вялікае Арды і іслямізацыяй гэтага рэгіёна, трансфармаваліся ў добра ўжо знаёмае нам бінарнае супроцьстаяньне хрысьціянскага і музульманскага сьетаў, альбо звыклую для нас дыхатомію “Ўсход – Захад”.

 

Ўся  гісторыя так званага “Ардынскага іга Русі” ўкладаецца ў два с паловаю стагодзьдзі ад першага “знаёмства” з Чынгіз-Ханам ў 1223 годзе – бітвы на Калцы – калі руска-палавецкае войска было ўшчэнт разьбіта войскамі намадаў. Ў сур’ёз жа ўсё пачалося пазьней у сталіцы Манголіі – Каракаруме: ў 1235 годзе на курултаі прымаецца рашэньне аб Заходнім паходзе. У 1237 годзе войскі Чынгіз-Хана  пераходзяць Волгу і захопліваюць шэраг тэрыторый – Разань, Каломну, Маскву, Ўладзімір і Суздаль, Кастраму і Яраслаўль, Вугліч. У 1240 годзе імі ўзяты ўжо Кіеў. Адбывалася рэалізацыя ідэі Чынгіз- Хана  – стварыць адзіную татара-мангольскукю дзяржаву ад кітайскіх мораў на ўсходзе да мора Франкаў на Захадзе. Але дайшлі толькі да Ўдзіны, гарадка непадалёк ад Вянецыі.

Узьнікшая ў выніку Вялікага Заходняга паходу 1235 – 1241 гадоў на захопленых абшарах дзяржаўнае ўтварэньне, Улус Джутчы (Чынгіз-Хана), займала агромістую прастору ад Іртыша і Алтая на Ўсходзе да Дунаю на Захадзе і ад Волскага Булгару на Поўначы да Каўказу на Поўдні.

 

Пасьля сьмерці Чынгіз-Хана ўлада перайшла да яго сына Батыя. У 1242 годзе стварае на тэрыторыі Улуса Джудчы новую дзяржаву – Залатую Арду і фундуе яе новую сталіцу – Сарай, што неўзабаве  налічвае ўжо да 75 тыс насельнікаў..

Першапачаткова Залатая арда дзялілася на дзьве часткі:  яе заходняя частка называлася  Ак (Белая) Арда, а ўсходняя – Кок (Сіняя) Арда.

 

Ужо ў канцы 13-га веку на прасторах Залатое Арды пачынае распаўсюджвацца музульманства. Вельмі значным крокам да поўнае іслямізацыі гэтае краіны быў прыход да ўлады Берке-хана (1256-1266гг.), які прыклаў значныя высілкі для прыняцьця Ісляма ў якасьці дзяржаўнае рэлігіі.

Гледзячы па ўсім, вырашальную ролю ў гэтым адыграла неабходнасьць вонкавапе падтрымкі ў барацьбе Залатое Арды за незалежнасьць ад улады “вялікага каана” – валадара Каракарума (на той час  - Мунке). Неўзабаве, прыкладна ў 1260 годзе, Арда спыняе выплату падаткаў ў Каракарум. Амаль у той жа час, каля 1258 года, перастаў існаваць Багдацкі Халіфат. Таму гістарычная сітуацыя спрыяла стварэньню саюза Берке-хана з Эгіптам (як раз пасьля рэвалюцыі тамтэйшых рабоў-мамлюкаў 1250 году), наймацнейшаю і найбуйнейшаю музульманскаю краінаю. Падбівала на гэткі хаўрус і тое, што першым султанам “з рабоў” становіцца полавец Мустафа Кутуз. Да таго ж сярод мамлюкаў было многа выхадцаў з Каўказу, Поволжжа і прыкасьпійскіх стэпаў. Сталіца яго, Каір, што існаваў ужо амаль трыста год, быў сталым духоўным цэнтрам тагачаснага мусьлімскага сьвету. Там жа перабываў нашчадак апошняга Халіфа.

Каньчаткова ж Залатая арда была прымусова іслямізаваная ханам Узьбекам (1312 – 1314 гг.) на падставовых прынцыпах “меча Мхадзі” – Джыхада.

 

Пасьля забойства хана Джанібека ў 1357 і паразы паўднёвых ханаў у Бітве  на Сініх Водах 1362 у годзе ад войскаў пад началам Альгерда, ў Залатое Ардзе пачынаецца перыяд унутраных войнаў і феадальнае раздробленасьці. ВКЛ жа становіцца найвялікшаю дзяржаваю ў Эўропе.

 

У наступных падзеях, ад 1370 году,  вырашальную ролю меў эмір Цімур і хан Тохтамыш, што перабег да яго зь Белае Арды. Іх саюз, а потым барацьба паміж сабою, значна аслабілі стан ардынцаў, што дазволіла набраць сілу славянскім княствам, што ўваходзілі ў склад Арды і знаходзіліся ў вассальнае ад яе залежнасьці, уключна з княствам Маскоўскім. Прынамсі стала магчымаю Кулікоўская бітва 1380 года і першыя  крокі Масквы да наступнае велічы. Толькі сьмерць Цімура ў 1405 годзе спыніла яго заваёўныя паходы і вонкавы націск на парэшткі Улуса Джучы. Княства Маскоўскае акрэпла і пачало ўзбуйняцца, паглынаючы суседнія дзяржавы.

 

Іслям  значна паўплываў на культуру насельніцтва Залатое Арды. Разам з арабскаю моваю рытуала, ўсё большы распаўсюд мае і звычай упрыгожваньня арабскімі ж матывамі і пісьмёнамі рэчаў пабытовага ўжытку, зброі  і строяў. На землях Кіеўскае русі, ўлучаных у Залатую Арду, таксама не магла не адбіцца як іслямізацыя цэнтральнае ардынскае ўлады, так і татальная арабізацыя, што непазьбежна нясе з сабою Іслям. Вельмі паказальным ў гэтым сэньсе ёсьць  «Хождение за три моря» - дзёньнік цьвярскога купца Афанасія Нікіціна, што ў 1468 – 1475 годох зрабіў падарожжа ў Індыю і памёр па дарозе назад, пэўна на сучаснае Віцебшчыне, не дайшоўшы да Смаленску.

 

Расейскія дасьледчыкі сьцвярджаюць, што цюркізмы і арабізмы ў тых запісках ён ўжываў сьвядома, каб прыхаваць “нязручную” інфармацыю. Але што можна было прыхоўваць, напрыклад у завяршальнае малітве тых запісак, якая нічога акрамя звароту да Ісуса ў арабскае форме “Іса”  і яго эпітэтаў не ўтрымлівае? Заўважна таксама, што на гэтае ўсходняе трасянцы запісаны амаль выключна звароты да Бога – малітвы. Мяркую, ў гэтым дзёньніку як раз захаваліся ўзоры пабытовае мовы рытуалу, г.зн. тагачаснае формы маленьня да “Адзінага бога” і па ім можна вызначыць узровень культурнага ўплыву Арды і Ісляму на славянскія княствы ў яе складзе і на памежжы зь ёй, у апошняя траціне 15-га стагодзьдзя. Вось маленькі ўрывак з тае завяршальнае малітвы:

 

“ ... Милостию Божиею преидох же три моря. Дигерь худо доно, олло перводигерь дано. Аминь! Смилна рахмам рагим. Олло акьбирь, акши худо, илелло акшь ходо. Иса рухоало, аликъсолом. Олло акьберь.    і г.д.

 

Пераклад на сучасную расейскую мову:

“ ...Милостию Божией прошел я три моря. Остальное Бог знает, Бог покровитель ведает. Аминь! Во имя Господа милостивого, милосердного. Господь велик, Боже благой, Господи благой. Иисус дух Божий, мир тебе.
 Бог велик.. ...”

 

Праз пэўны час, у 1485 г. – Цьвярскія землі будуць пазбаўленыя вольнасьцей і ўлучаныя ў княства Маскоўскае. Князь жа цьвярскі, Міхал Барысавіч, уцячэ ў ВКЛ.

 

Пазьней, Маскоўскае княсства ўвайшло ў хаўрус з ханствам Казанскім і пачалася доўгая палітычная “гульня ўтрох” зь Вялікаю Ардою, зрэшты, саюзнаю ВКЛ. Звычайна вехаю выхаду княства Маскоўскага на лідэрскія пазіцыі на заходніх абшарах былога Улусу Джудчы лічыцца дата “Вялікага стаяньня на Вугры” – 1480 год.. Каньчаткова ж Вялікая Арда была разгромленая ў вайне 1501 – 1502 гадоў. Вырашальным момантам тае вайны княства Маскоўскага за поўную незалежнасьць стала бітва на Суле, дзе яно мела таксама войскі ад саюзнікаў - Казанскага і Крымскага ханаў. Але яшчэ ў 1482 годзе адбылося посольства Масквы ў Крым, дзе была зробленая Ўгода аб сумесных дзеях супроць Вялікага Княства Літоўскага.

 

Такім чынам, ўжо ў канцы пятнаццатага веку Вялікае Княства Маскоўскае абсарбуе ў сабе рэсурсы, вайсковую сілу, ідэі і тэхналёгіі Чынгізідаў Залатое Арды. Як раз інтэграцыя гэтага агромністага патэнцыялу і дазволіла “Маскве” ў далейшым пасьпяхова канкураваць з ВКЛ.

Такі стан рэчаў пацьвярджаецца і запіскамі сучасьнікаў. Напрыклад, у сваім трактаце “Масковія” выбітны ангельскі пісьменьнік і гісторык Джон Мільтан сьцьвярджаў, што  Вялікае княства Маскоўскае стала вядомае Эўропе як магутная дзяржава з часоў Івана ІІІ-га.  Кароль польскі Казімір ІV таксама пісаў аб ім як аб “...правадыр(ы), слаўны(м) многімі перамогамі, што мае вопытных палкаводцаў сярод перайшоўшых на яго бок татарскіх мурз”.

На значную ролю татараў у маскоўскім войску тых часоў указвалі таксама францускія гісторыяграфы канца ХІV веку – браты Мартэс. 

І як раз у год Аршанскае Бітвы, Вялікі  Князь Маскоўскі, Васіль ІІІ (правіў у 1503-1533 гадох, бацька Івана Жахлівага), упершыню нызваны тытулам “цар” (“цэсар”) у тэксьце дамовы зь Імпэратарам Свяшчэннае Рымскае Імпэрыі.

 

У сьвятле вышэйпералічанага ня цяжка зразумець, што вынік вайны першае чвэрці 16-га веку паміж двума канкуруючымі княсствамі ВКЛ і ВКМ быў крытычна важны. Можна спрачацца аб “тэрэтарыяльных заваёвах” тае вайны, але наступствы перамогі ў Бітве пад Воршаю для будучыні ВКЛ цяжка пераацаніць. На той момант яна, як мінімум, вырашыла цывілізацыйны выбар паміж “агнасцытычным Усходам” і “эўрапейскім прагматычным спасьціжэньнем Сусьвету”, што стварыла магчымасьць “Залатога веку” ў нашае краіне. Тым больш, што як раз у той час у Францыі пачала ўжо займацца эпоха Рэнесансу, што проста не дайшла б да нас ў выпадку паразы, як гэта сталася з Расеяй.

 

Слава ж гэтае перамогі акрыліла ваяроў Княства і стала крыніцаю натхненьня для народнае творчасьці, што апявала яе. Гэта спрыяла кансалідацыі тагачаснага грамадства, станаўленьню пэўнага вобразу Краіны ў вачох як яе насельнікаў, так і эўрапейскага грамадства як моцнае, аўтарытэтнае і вялікае Дзяржавы.

 

Цяжка ацэньваць  адгалосак такіх падзей у людскіх душах. Але хто ведае, каб не перамога 1514 года, ці змог бы выдаць у 1517 годзе сваю першую кнігу Францішак Скарына і калі б тое адбылося? Але, ўпэўнены, дакладна мы б ня мелі літаратурнага ўвасабленьня вобразу  Вялікага Княства – паэмы Мікалая Гусоўскага.  Ён напісаў сваю “Песьню пра зубра (бізона)” калі быў пісцом ў складзе пасольства 1518 года у Італію да Папы Ільва Х Медычы, каб схіліць яго да стварэньня кааліцыі хрысьціянскіх дзяржаваў. На жаль той памірае ад халеры, як і кіраўнік гэтага пасольства, Эразм Вітэліус, біскуп Плоцкі. Таму выдаць паэму атрымалася толькі ў 1523 годзе, пасьля заканьчэньня вайны, з дапамогаю каралевы Боны.  Мікола з Гусава, паэт-“новалацініст”, дае ня толькі рэльефны вобраз ліцьвінскага нацыянальнага ваярскага характэру, але дакладна апавядае пра народ і Краіну, таксама як і  стан у якім яны апынуліся на той момант, праз апісаньне паляваньня на ляснога волата-зубра:

 

“... Я пачынаю з адзіным намерам: унесьці

Толькі свае ўдакладненьні пра нашага зьвера,

..............................................................................

Хай ён бадне ў мой радок, каб маглі мы разгледзець

Гэтае дзіва з абшараў Літоўскага княства,

..............................................................................

Лад альпабэту наш прашчур для ўласнай карысьці

Ў грэкаў пазычыў і, гукі мясцовых гаворак

Зладзіўшы зь ім, іншаземцам, застаўся сабою.

...........................................................................

Край наш – дзівосны прыстанак загадак і цудаў:

Ці то так Бог  пажадаў, каб усё ў ім на волі

І вырастала, і гінула, ці чараўнічай

Воляю нечай усё занядбана – не знаю. ...

..................................................................

Войны вядзём мы адзін на адзін за сьвяшчэнны

Братні саюз хрысьціянства з навалай з усходу. ...

....................................................................

Што запяяш ты, сусед наш, калі скалануцца

Плачам і стогнам твае гарады і мястэчкі?

Локаць гатоў будзеш свой укусіць у адчаі:

Дзеж я раней быў, чаго я глядзеў і прагледзеў?

Як я сваім патураньнем расчысьціў дарогу

Ордам чужынцаў”, што разам з ваенным рыштункам

Ёрмы прывезлі суседзям і мне – па суседску?

......................................................................

Колькі ня жалься, ні войкай, а чэмеру гора

Не падсалодзіш жальбою. Як лес безгалосы,

Мы пад сякерай, дык хай жа пачуецца ў сьвеце

Гусаўца голас між волатаў нашых пушчанскіх.  ...”

 

 

Ёсьць яшчэ адно “тое”, што збліжае лёс гэтае паэмы і гістарычнае памяці аб перамозе ў Бітве пад Воршаю – да сярэдзіны шасьцідзесятых гадоў мінулага стагодзьдзя аб іх існаваньні ведала толькі невялікае кола спецыялістаў, бо яны ня ўпісваліся ў кандовыя савецкія ідэалягемы  аб “слявянскім адзінстве”, “трыадзіным народзе” і “вядучае ролі народа рускага”.  Перакладу ж паэмы на нашую мову, пры наяўнасьці шэрагу іньшых, проста не існавала.  Дапамагла “хрушчоўская адліга” і пазбаўленьне грамадства ад бальшавіцка-сталінскага маразму.

 

Парадаксальным чынам падзеі сучаснасьці, а менавіта агрэсія Расеі супроць Украіны і сёньняшнія спробы музульманскіх экстрэмістаў аднавіць Арабскі Халіфат, актуалізуюць  гістарычны вопыт Аршанскае Перамогі.

 

 

Выкарыстаная літаратура:

 

1. Анатоль Грыцкевіч  “Шляхта Вялікага Княства Літоўскага да Люблінскае уніі 1569 году” (Стар. 16 - 27)  часопіс “Годнасьць” № 01, 1993 год.

 

2. Мікола Гусоўскі “Песня пра зубра” (Стар. 119 - 154) зборнік “Старажытная беларуская літаратура”. Мінск, “Юнацтва” 1990 год

 

3. Віктар Дарашкевіч, Язэп Семяжон  “Эпоха, паэт, паэма” – прадмова да  выданьня, - Мікола Гусоўкі “Песня пра зубра”,  Мінск “Мастацкая літаратура”, 1981 год.

 

4. Язэп Юхо “Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі”  Мінск. “Універсітэцкае”, 1992 год.

Комментариев нет:

Отправить комментарий