среда, 11 октября 2017 г.

Тры пячаткі рогвалодавічаў.

Тры пячаткі Рогвалодавічаў.
Язэп Паўловіч

Зразумела, хада йдзе аб пярсьцёнках-пячатках Вялікага князя полацкага Ўсяслава Брачыслававіча і яго сына – Барыса. Я змушаны быў вярнуцца да гэтае тэмы таму, што ўсё шырэй у “гіперпрасторы” і асабліва сярод прафэсійных гісторыкаў, гучыць меркаваньне аб тым, што гэтыя пярсьцёнкі – не сапраўдныя. Меркаваньні розныя. Самае абсурднае, якое мне давялося знайсьці, гэто тое. што пярсьцёнкі падрабілі (яны былы вырабленыя) ў 14-м альбо 16-м стагодзьдзях. На чым гэта грунтуецца?  Тэхналёгіі апрацоўкі паверхні матэрыялаў і залачэньне (гл. Мал.1.), дастатковыя для вырабу такіх пярсьцёнкаў існуюць яшчэ з часоў старажытнага Эгіпту!
І хто будзе заказываць і насіць “сэгнэты” з манаграмаю Ўсяслава і Барыса?  Чарнакніжнік 13 -14 -га вякоў ?  Ліхі акультыст 16-га? У іх было да каго зьвяртацца па дапамогу ў сваіх высілках і гэта не звычайныя людзі, хай сабе й князі. Наагул, для наступных генерацый насельнікаў нашае гістарычнае прасторы гэтыя князі калі яшчэ ў той час і існавалі, то як даўняе і не цікавае для практыкі мінулае.



Мал. 1.  Старажытнакопцкія пячаткі розных перыядаў.

Зьвярну вашую ўвагу, што на існаваньне самага “Канона Чарадзея” (гл.  http://inbelhist.org/znak-charadzeya/ ) як факта гэта аніяк не ўплывае, бо ён ёсьць абстрактнаю геамэтрычнаю фігураю, што паўстала некалі цягам астранамічных назіраньняў і толькі прачытаная мною ў выяве на пярсьцёнку Ўсяслава Брачыслававіча.  Хутчэй за ўсё паходзіць ён з абшараў “пладароднага паўмесяца” і мае крыніцаю старажытнакопцкую сярэднеземінаморскую культуру. Я “прачытаў” графічны альгарытм “Пярсьцёнка Чарадзея” і зарас у адпаведных выпадках магу карыстацца ім як “гарманічным сэнсавым ключом”. З многіх нагодаў я лічу выявы на пярсьцёнках сапраўднымі, што маюць (ці мелі) арыгінальныя фізічныя носьбіты.
У выяве на пярсьцёнку Ўсяслава сплеценыя натурфілязофскія элементы “Міравога дрэва” і герметызму з выразнымі ўплывамі рунічнае графікі. “падробшчыкі” не маглі ведаць усіх гэтых тонкасьцяў, выпадковае ж суапдзеньне элементаў выключанае. Зрабіць копію – магчыма, выдумаць такую выяву дзеля “фальшаваньня” і вырабу пярсьцёнка-новатвора, тым больш для “падмацаваньня” полацкае гісторыі  – вар’яцтва.

Ёсьць некалькі мажлівых шляхоў, як гэтае вучэньне аб Міравым дрэве апынулася ў Полацку і гледзячы па ўсім, было ўспрынята як годная для князя навука. Гэта і праз “Цьмутаракань” – Баспорскае царства (нават скіфы не былі рэдкімі ў Александрыі),  альбо ва ўжо ў адаптаваным выглядзе - праз жрацоў Друговічаў-Драгавітаў.
Але гэтае вучэньне павінна было быць зьвязаным з хрысьціянствам, бо Полацак быў ужо хрышчоны. Такім “гнастычным” хрысьціянствам, што ўтрымлівала элементы герметызму было хрысьціянства Александрыйскае школы, ўласна паўстаўшае яшчэ да рэформ імпэратара Канстанціна. Зрэшты і сам Езус прыйшоў у Ерусалім “з Эгіпту”.

Але вернемся да выяваў на пярсьцёнках. Надпісы-манаграмы імёнаў полацкіх Рогвалодвічаў цалкам адпавядаюць сярэдневечнае эўрапейскае традыцыі. Больш за тое, яны пабудаваныя на прынцыпе арганізацыі складаных “вязыных” рунаў. Адрозьненьне толькі ў тым. Што заходнеэўрапейскія складзеныя крыжападобна “на ўсе чатыры бакі сьвету”, а рогвалодавічаў – у нарманскае традыція “шатровых” рунаў. Для прыкладу прывожу (гл. Мал. 2.) манаграму Карла Вялікага (Першага), ад імя якога прынамсі й пачаўся ўжытак тытулу “кароль”. Гэтая манаграма больш за дзьвесьце год старэйшая за Ўсяславаў пярсьцёнак, але і яна выразна паказвае жаданьне пазначыць графічна магутнасьць і значнасьць асобы, ўлада якой абдымае “ўвесь Сьвет”.


Мал. 2. Падобным жа чынам, як манаграма на пярсьцёнку Ўсяслава, але наўпрост, “на ўсе чатыры бакі сьвета белага”, арганізованая манаграма-подпіс  Карла Вялікага (як і наступных Каралінгаў).


У гісторыкаў-прафэсіяналаў ёсьць сумневы ў сапраўднасьці пярсьцёнкаў Рогвалодавічаў, да таго ж яны быццам бы знайшлі запісы пра іх заказ і выраб. Аднак выявілася, што той знакаміты «тызуб» ёсьць графічнаю выяваю, якая ўтрымлівае геамэтрычны кананічны ўзор, вядомы людзям яшчэ з часоў нэаліту і па гэтаму канону пастроеныя многія збудаваньні, геагліфы і выявы.  І гэта спалучана вельмі складаным чынам зь імём Усяслава і назовам Полацку ( гл.:  http://inbelhist.org/znak-charadzeya-2/  ). Тое не магло быць вядома ў 1915 годзе, калі пярсьцёнкі трапілі да навукоўцаў.

Яшчэ адна заўвага на гэты конт. Да ўсяго, пярсьцёнак Ўсяслава быў пазалочаным таксама, але сьцёрлася пазалота пры нашэньні яго ўладальнікам, ці ўжо такія хітрыя былі фальшаваньні? Таму я ўпэнены, што пярсцёнкі сапраўдныя і гісторыя іх знаходкі праўдзівая, альбо яны перахоўваліся ў некага іньшага.  Пры перадачы  ў музэй зь іх былі зробленыя копіі.

Зрабіць сапраўдную экспертызу дакладна можа толькі спецыяліст. Я ж проста разгледзеў папарна і прааналізаваў са свайго досьведу франтальныя выявы пярсьцёнкаў Вялікаіга князя полацкага Ўсяслава Брачыслававіча і яго сына Барыса. Фота дадзеныя як наўпрост, так і ў люстэркавам адбіцьці (гл.: Мал. 3.). Зрэшты, кожны можа сам параўнаць і скласьці ўласнае меркаваньне.

           

           



Мал. 3. Наўпростыя і адбіта-люстраныя выявы пячаткі полацкіх князёў Усяслава Брачыслававіча і яго сына Барыса Ўсяславіча, згрупаваныя папарна.

На  франтальных выявах пячатак полацкіх князёў Усяслава Брачыслававіча і яго сына – Барыса   акрамя агульных абрысаў мы маем тоесныя літары К – З – Б – С. Зыходзячы з характэра рысаў, формы, глубіны і манэры іх утварэньня (а пры параўнаньні артэфактаў у матэрыяле тое павінна быць відавочным), я мяркую, што:

-         выявы зробленыя розным інструмэнтам;
-         з графікі відаць, што майстры да таго ж карысталіся розным наборам інструмэнтаў;
-         выявы зробленыя рознымі людзьмі, якіх адрозьневае характэр, узрост, тэмперамент і стаўленьне да працы;
-         пярсьцёнкі вырабляліся ў розных умовах – “у розных майстэрнях”;
-         на падставе рознай ступені  рэльефнасьці  паверхні выяваў і суадносін шырыня  - глыбіня штрыха можна мяркаваць, што пярсьцёнак Барыса вырабляўся адразу як “пячатка” для зацьвярджэньня  папераў. Пярсьцёнак Усяслава ж больш падобны на “асабісты знак”, які  ёсьць толькі сымбалем “інтэгральнае ўлады князя”;
-         на пярсьцёнку Барыса ёсьць сьляды паўторнае апрацоўкі паверхні. Калі круг у цэнтры пячткі “забіты” (зачаканены) ў працэсе вырабу, то сьляды праўкі кантаў каля літар  “С - Ъ” падобныя да наступнага рамонту ўжо гатовага пярсьцёнка.

У свае сукупнасьці  вышэйзгаданыя аргумэнты, на мой погляд,  зьняпраўджваюць тэзіс аб магчымасьці сумеснае падробкі артэфактаў, якія мы разглядаем. 

А зарас зьвернемся да выявы на пярсьцёнку князя Барыса, балазе маем франтальную і аўтэнтычную яго фатаграфію з фондаў дзяржаўнага Гістарычнага музэю Беларусі, за што я ім бязьмежна ўдзячны.

Для аналізу  суадносін абрысаў фігуры і раскрыцьця асноўных ёй уласьцівых геаметрычных сувязяў і прапорцый зробім  прарысоўку (гл. Мал. 4.) існуючага рэльефу пячаткі.

 

Мал. 4. Зыходная разгафка пярсьцёнка князя Барыса для выяўленьня існуючых геамэтрычных суадносін.

      Відавочна, - правы бок на малюнку  (каля літар “С” і “Ъ”) больш хібны і ня толькі пашкоджаны і рамантаваны, але й мае найбольш  памылак вытворчасьці, што моцна адбіваецца на  агульным уражаньні ад выявы.  Агулам глядач успрымае яе як трызуб, упісаны ў правільны шасьцікутнік.  Аднак шасьцікутнік ня ёсьць базаваю фігураю для абрыса, а толькі супадзеньнем успрыняцьця формы. Пасьля аналізу памылак і адпаведнае карэкцыі геамэтрыя выявы паўстала (гл. Мал.5. )ў наступным выглядзе:




Мал. 5. Генералізаваныя геамэтрычныя прапорцыі на Барысавым пярсьцёнку-пячатцы.

Аснову геамэтрыі выявы складаюць два аднолькавыя сувосныя квадраты,  ссунутыя адносна адзін аднага на велічыню бакавых зубоў трызуба, пабудованага на груньце верхняга квадрату.

Калі разгледзець сам трызуб, то ён выглядае як геамэтрычная фрактальная гармоніка трызуба на пярсьцёнку Ўсяслава, але гэта ня так. Да таго ж вуглы ў пабудове гэтага трызуба не ідэальна супадаюць з чакаемым “фрактальным адлюстраваньтнем” і ёсьць  толькі блізкімі да яго. Насамрэч,  вуглы дыяганаляў пры бакавых зубах трызуба (вуглы:  0b1 = 01b = 0c5 = 05c,  гл. Мал. 6. ) ёсьць роўныя 62°. А вугал перасячэньня саміх дыяганаляў роўны 56° (b01 = c05 у межах дакладнасьці пабудоваў). “Чарадзеяў” жа трызуб мае цэнтральны вугал перасячэньня дыяганаляў у  72°  і разьбівае прастору на клясічныя эгіпецкія трохкутнікі


Мал. 6. Графічная схема для аналізу геамэтрыі выявы і тлумачэньня яе магчымых сэнсаў.
Такім чынам мы маем для далейшага разгляду тры амаль роўныя геамэтрычна  простакутнікі, невытлумачаныя  дыскападобныя фігуры ў кропках S i Z  і дзьве дыяганальныя лініі “a-3” i “d-3”, што праходзяць празь іх.  Геамэтрыя нам болей не дапаможа.

Але можа дапамагчы астранімія, калі ўзяць за гіпотэзу, што дыскападобная выява  азначае Сонца.  Разглядзім вынікі ў гэтым ключы.  Мы ведаем вугал паміж дзьвума незавершанымі дыяганалямі з выявамі Сонца на канцох (каля 56°) і ён вельмі блізкі да геаграфічнае шыраты Полацку  – Пн Ш  55°29’.  Калі ўявіць, што на малюнку насамрэч Сонца пад вуглом да гарызонту на велічыню шыраты мясцовасьці, то робіцца ясным, што хада ідзе аб моманце роўнадзенства, бо тады тэрмінатар (“лінія ценю”) праходзіць па геаграфічных палюсох і наўпрост да зямнога экватару. Сонца ўсходзіць і заходзіць па напрамках астранамічнага Ўсходу і Захаду ў сваім гадавым цыклічным руху, што лёгка вызначаецца ў межах нават “гнамоннае” астраноміі нэаліту. І такіх момантаў у гадавым цыклі – два. Гэтыя моманты кожнага году іньшыя, але дата вагаецца каля 20 сакавіка (калі “Сонца йдзе на цяпло”) і 22 – 23 верасьня (калі Сонца “Йдзе з гары на холад”).

Тады дыяганальныя лініі паўстаюць як фальклёрны шлях Сонца “ў гару” і “з гары” і гэтая “Сьвятая гара шляху Сонца” перасякае  Сусьвет, які дзеліцца на тры Міры, перададзеныя простакутнікамі: 
-         верхні сьвет – божых законаў, верхні простакутнік з літарамі “К і З”;
-         сярэді сьвет – людскі, “сьвет белы” . Сярэдні простакутнік , апісаны імем князя “Б-Р-С-Ъ” і асвечаны промянямі цыклічнага шляху Сонца;
-         ніжні сьвет – сьвет мінулага, аджыўшага, холаду й разбурэньня (наўя), Там жа пачынаецца “Сьвятая гара Сонца”. Яе падэшва (ад лічбы “6” на малюнку).

Таму выглядае мажлівым, што дзень восеньскага роўнадзенства лічыўся ў старажытным Полацку за пачатак новага году, як пагатоў у некаторых народаў сьвету. 

Дарэчы, далейшая эвалюцыя канцэпцыі “Свьвятое гары” цалкам магла спрыяць эвалюцыі менавіта гэтага трызуба ў герб “Калюмны” і ён мог насамрэч стаць полацкім гербам горада і, адпаведна, пазьней - княства.




Мал.7. Базавая графіка пераўтварэньня выявы на “сегнэце” Барыса Ўсяславіча ў зыходны варыянт гербу “Калумны”, зь якога, праз далейшае спрашчэньне, лёгка маглі атрымацца астатнія вырыянты гэтага гербу.

Графіка і геамэтрыя дае такую магчымасьць, але ці можа тое адпавядаць гістарычнае рэчаіснасьці?

У канцы 14-га веку Полацкае княства перастала быць удзельным і цалкам увайшло ў склад ВКЛ.
“Калумны “– адзін з вядомых гербаў ВКЛ ад часу Гедыміна, чвэрць харугваў у Грунвальдскім полі біліся пад гэтым знакам.  Перастаў жа ён выкарыстоўвацца ад часу кіраваньня Ягелонаў.

Як вядома, Барыс правіў ад сьмерці бацькі ў 1101 годзе да захопу падзеленых Усяславам сярод нашчадкаў Полацкіх земляў кіеўскім князем Мсьціславам Уладзіміравічам (“Манамахічам”), што быў на чале кааліцыі князёў, і высылкі амаль усіх Рогвалодавічаў ў Бізантыю ў 1128 годзе. Калі “Калумны” паходзяць ад гербу на сыгнэце князя Барыса, то гэтая трансфармацыя павінна была адбыцца каля, ці неўзабаве пасьля гэтае даты.

Што да стасункаў паміж Кіевам і Полацкам, то я лічу магчымым тут і рэлігіёзны складнік. Прынамсі, бітву на Нямізе можна трактаваць і як праяву рэлігіёзнае вайны: http://inbelhist.org/slova-ab/ . Калі ж супроцьстаяньне выклікана і рэлігіёзным чыньнікам, то зразумелаю становіцца сама высылка менавіта ў Бізантыю і “суд князёў” 1130 году – тое барацьба з “ерасямі” у канкрэтных палітычных умовах і для дасягненьня палітычных мэтаў.

Насамрэч, ад часоў Усяслава у Полацку аж да ўтварэньня Вялікага Княства ўзрастае палітычная вага Веча. Гэта супярэчыць  агульнае тэндэнцыі, падмацаванае пастулатамі канстанцінаўскага хрысьціянства, на ўзмацненьне княжае ўлады. І гэта пад час самага доўгага сярод іньшых князёў кіраваньня Ўсяслва? А больш за чвэрць века кіраваньня Барыса?  Па іх сыходзе традыцыя Веча засталася, а частая зьмена князёў спрыяла яе ўмацаваньню, хаця й сама была магчымаю толькі пры моцнае “вечавое дэмакратыі”. Паралельна ўзмацнялася ў грамадзе роля хрысьціянства, але ўжо “канстанцінаўскага”. Ня ведаю, ці адпавядае рэчаіснасьці “вікіпедыйнае” вызначэньне грамадскага строю як “Полацкая вечава-тэакратычная Рэспубліка”, але ўлада царквы была вялікаю.

Мяркую, пасьля высылкі Рогвалодавічаў адбылася  замена-адаптацыя “паганскае”, а насамрэч натурфілязофскае, “сьвятое гары Сонца”  на Сьвятую гару хрысьціянства, то-бок Галгофу. Гэта, хутчэй за ўсё, і ўвасабляе сабой герб Калюмны. З такога гледзішча: тры слупы –  мейсцы трох расьпяцьцяў, а маленькі квадрат на гары пад расьпяцьцем Езуса – зьмясьцілішча парэшткаў першага чалавека, што пазначаецца звычайна як “Адамава галава”.

Такім чынам, бурлівая гісторыя некалькіх вякоў нашае полацкае протадзяржавы адбілася ў эвалюцыі сымбаляў княскіх “сэгнэтаў” ад Касьмічнага дрэва, што абапіралася сваімі галінамі на кропкі летняга й зімняга сонцастаяньняў часоў Ўсяслава Брачыслававіча, праз  Святую гару Сонца восеньскіх і вясновых роўнадзенстваў часоў князя Барыса, да гэрбу Полацку “Калюмны” – сьвятое гары Хрысьціянсва, Галгофы – сымбаля адзінства Чалавека і Творцы сусьвету, гэрбу – спадкаемцы традыцыі Рогвалодавічаў
Напрыканцы шчыра дзякую Дзяржаўны гістарычны Музэй Беларусі, яго кіраўніцтва і супрацоўнікаў за магчымасьць спраўдзіць выгляд і дакладнасьць выявы пярсьцёнка князя Барыса Полацкага


Вядома, можна назваць усё гэта маімі фантазіямі, але ніхто ня можа сьцьвярджаць, што яны безпадстаўныя. Што да мяне, то я зыходжу з даступных фактаў і лёгікі, не зважаючы на ідэалягічныя напластаваньні, вынікі ж  развагаў акрэсьліваю  як “мары аб мінулым”.

Комментариев нет:

Отправить комментарий